Общество
Марына Міт, «Тут і цяпер»

Як спыніць лётаючыя машыны?

П'янага кіроўцу, які сядзеў за рулём "БМВ-525", не спынілі нават стрэлы.

«Пасля недоўгачасовай гутаркі з інспектарам ДПС 19-гадовы ліхач націснуў на педаль газу і панёсся ў бок мікрараёна «Серабранка», — распавядае прэс-афіцэр Ленінскага РАУС Мінска. — Для спынення ўцекача міліцыянтам давялося ўжыць табельную зброю, але нават на пашкоджаных колах малады чалавек прадоўжыў язду, абарваць якую ўдалося толькі з дапамогай дадатковых экіпажаў ДАІ».

Гэта толькі адзін гучны факт з апошніх зводак Дзяржаўтаінспекцыі. Мяркуючы па навінах аб ДТЗ са страшнымі падрабязнасцямі, аварый стала больш.

Хто ў гэтым вінаваты? Ці варта сёння рабіць яшчэ больш жорсткімі Правілы дарожнага руху? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні разам з экспертамі, якія маюць немалы вадзіцельскі стаж, шукала сеткавая газета "Тут і цяпер".

Інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама маёр міліцыі Вячаслаў Ліпень лічыць, што многія вадзіцелі проста расслабіліся за рулём і не выконваюць элементарныя правілы дарожнага руху.

— На мой погляд, ні перавод гадзіннікаў, ні ўмовы надвор'я на колькасць аварый моцна не ўплываюць, — выказвае сваё меркаванне супрацоўнік ДАІ. — Проста кульгае дысцыплінаванасць удзельнікаў дарожнага руху.

— За некалькі дзён здарылася адразу тры аварыі з удзелам БМВ. Напрыклад, на праспекце Незалежнасці БМВ урэзалася ў агароджу падземнага пераходу і загарэлася.

— Відавочцы кажуць, што гэтая машына не ехала, а ляцела. Зноў жа, гэта сведчыць аб тым, што нашы вадзіцелі не хочуць выконваць хуткасныя рэжымы, якія ўстанаўліваюцца не проста таму, што камусьці так захацелася, а з улікам інтэнсіўнасці руху, аналізу аварыйнасці на тым ці іншым участку дарогі.

— У апошні час часцяком здараюцца і наезды на пешаходаў...

— Многія кіроўцы лічаць, што заўсёды будуць ездзіць толькі на аўто і самі пешаходамі ніколі не стануць, таму і адбываюцца аварыі. Няма паразумення паміж кіроўцамі і пешаходамі. Вось у мяне быў выпадак, калі я працаваў інспектарам ДПС. Аднаго пешахода не прапусцілі на пераходзе, я склаў адміністрацыйны пратакол на вадзіцеля і яшчэ 10 хвілін слухаў лекцыю ад гэтага пешахода аб тым, якія ў нас дрэнныя кіроўцы. А ўвечары на тым жа самым пешаходным пераходзе спыніў аўтамабіль, які таксама не прапусціў пешахода, і за рулём быў той самы чалавек, які мне лекцыю чытаў!

— Мяне саму амаль год назад аштрафавалі якраз з-за пешахода. Скажу шчыра: пасля штрафу i запiсу ў талон стала больш уважлівай за рулём, а пешаходаў цяпер прапускаю дзе трэба і дзе не трэба. Дарэчы, ёсць меркаванне, што штрафы за парушэнне ПДР варта было б павялічыць...

— Я думаю, узмацненне ні да чаго не прывядзе. На кагосьці штрафы будуць дзейнічаць, кагосьці яны прымусяць перайсці на хлеб і ваду, калі парушэнні будуць мець месца. А іншыя як парушалі, так і будуць парушаць. Я лічу так: калі да кожнага чалавека дойдзе, што трэба быць культурным за рулём, выконваць правілы дарожнага руху, тады ў нас і будзе парадак на дарогах.

Працяг артыкулу чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)