Общество
Яўген Валошын, «Еўрарадыё»

Як пенсіянерка Зінаіда Іванаўна стала хакейнай фанаткай

Жанчына імкнецца паўсюль ездзіць са сваім жлобінскім «Металургам», а хакеісты пазнаюць яе на дварэ.

Жлобінская бухгалтарка Зінаіда Іванаўна Лазарава (56 год) пасля працы надзявае на сябе швэдар і шалік ХК “Металург” і ідзе наводзіць парадкі на мясцовую лядовую арэну. Нягледзячы на шаноўны ўзрост — ужо даўно разменены шосты дзясятак — хакей стаў для яе і хобі, і прыгодай, і тусоўкай.

— Нават удзельнічаю ў выездах, калі яны трапляюць на выхадныя дні. Ездзіла на матчы “Металурга” з “Нёманам”, “Шахцёрам”, “Магілёвам”, — пералічвае Зінаіда Іванаўна. — Тройчы была на “Мінск-Арэне”. Аднойчы там наш “Металург” перамог “Дынама”, гулялі на “Кубак Салея”.

— Вы ўсё жыццё захапляецеся хакеем?

— Любіла ў маладосці, калі былі такія гульцы, як Харламаў. А тры гады таму ў Жлобіне прыйшла на матч і з тае пары імкнуся ніводнай гульні не прапускаць. Муж у мяне памёр. Хакей змяніў жыццё ў лепшы бок. Ад працы ўвесь стрэс пакідаеш тут. І ў свой Камбінат бытавога абслугоўвання я прыходжу больш лагодным чалавекам.

— А хто вашы ўлюбёныя гульцы?

— Іллюша Казнадзей, 7-ы нумар (гулец зборнай Беларусі, — заўв. «Еўрарадыё»).

— І ведаеце яго асабіста?

— Натуральна. Калі ідзе па вуліцы і яго не пабачу, то сам махае: “Добры дзень!”. Мяне нават заўзятары “Нёмана” ведаюць. Прыязджаюць як да блізкага чалавека. А калі мы там бываем, заходзяць у аўтобус і з задавальненнем вітаюцца.

— Ці траплялі вы ў бойкі паміж фанатамі?

— Такога амаль не бывае. Я імкнуся ўлагоджваць сітуацыі.

На развітанне фанатка просіць перадаць пасланне хакейным функцыянерам:

— Трэба, каб гульня была трохі сумленная. Вось глядзіце, “Юнацтва” вярнулася з ВХЛ і перайшло ў “Юніёр” поўным складам. Так нельга. Ёсць адзін суддзя, Н., заўжды засуджвае, калі гуляем з “Юнацтвам”. А мы ўсё адно забіваем…

Жлобінскі “Металург” стаў чэмпіёнам Беларусі мінулага сезона. У гэтым годзе “сталёвыя ваўкі” імкнуцца паўтарыць поспех. А заўзятары каманды часам дэманструюць нязломную падтрымку. Кожны фэн “Металурга” ўпэўнены, што іх клуб гатовы даць бой любому саперніку, хай сабе і клубу КХЛ. Фанацкую тарсіду “сталёвых ваўкоў” расхвальваюць і трэнер клуба Васіль Спірыдонаў, і кіраўнікі іншых каманд. Маўляў, падтрымка ў Жлобіне такая, што гульцы недачуваюць, што там камандуе трэнер.

На хакей у Жлобіне ходзяць і малыя дзеці, і нават ветэраны вайны, якім клуб праплачвае праход на арэну і выдае заўзятарскую атрыбутыку.

На матчы з топавымі камандамі квіткі раскупляюцца цалкам. “Металург” мае адразу некалькі фанацкіх груповак.

Адна трыбуна за варотамі занятая мясцовымі юнакамі (у Жлобіне няма футбольнага клуба, уся энергія выліваецца на лядовай арэне). На супрацьлеглай трыбуне крычаць заўзятары старэйшага веку. Арэна практычна не змаўкае. І па напале жарсцяў наўрад ці жлобінскі лядовы палац саступае “Мінск-Арэне”.

Што тычыцца ўтульнасці, то можна паспрачацца, дзе зручней глядзець хакей. Адзінае што — у Жлобіне няма прапускных турнікетаў і лічбавага табло, дзе паказвалі б паўторы вострых момантаў. Хоць табло збіраюцца ўсталяваць у жлобінскім палацы ў наступным сезоне.

У межах Беларусі складана адчуць градус папулярнасці хакея ў Жлобіне. Але для Жыхароў горада іх клуб — гэта гонар і рамантыка.

“На сёння ў нас сярэдняя наведвальнасць — 1707 чалавек. Больш з клубаў экстралігі толькі ў Гродне — 1866. Але гэта абласны цэнтр, — канстатуе дырэктар “Металурга” Дзмітрый Цыкуноў. — У Жлобіне ж жыве ўсяго каля 80 тысяч чалавек. Многія жыхары горада працуюць на заводзе. І для іх хакей — гэта палёгка, спосаб адпачыць. Некаторыя спачатку прыходзілі ў лядовы палац, каб проста сустрэцца з сябрамі. А потым хакей іх зацягнуў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)