Экономика
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Як паўплывае падвышэньне кошту газу й нафты на беларускую эканоміку?

З новага году кошт газу, які пастаўляецца з Расеі ў Беларусь, падвышаны больш чым у два разы, да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. З-за новага мыта нафта падаражэла ў сярэднім з 270 да 450 даляраў. Як паўплываюць новыя кошты на беларускую эканоміку й жыцьцё людзей?

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі не хавае, што новыя кошты на газ стануць праблемай:

(Сідорскі: ) “Для нашай эканомікі, якая ня мае сыравінавых рэсурсаў і разьвіваецца ў складаных умовах, давядзецца шукаць рэзэрвы, каб разьвіваць нашу эканоміку ў адпаведнасьці з зададзенымі тэмпамі”.

Ня меншы цяжар пацягнуць новыя кошты на нафту ў сувязі з увядзеньнем урадам Расеі экспартнага мыта — 180 даляраў за тону. Гэта ўжо прымусіла “Белнафтахім” прынамсі на студзень адмовіцца ад расейскай нафты, паведаміў кіраўнік канцэрну Аляксандар Бароўскі. (Бароўскі: ) “А ўявіце, што спыняюцца два найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя гіганты, а за імі людзі. У канцэрне працуе 125 тысяч народу”.

Спадар Бароўскі пераконвае, што пакуль падвышэньня коштаў нафтапрадуктаў ня будзе, а НПЗ будуць працаваць на рэштках сыравіны. Тым часам прэм’ер Сідорскі правёў тэрміновыя перамовы з расейскім прэм’ерам наконт скасаваньня экспартнага мыта на нафту, якая прадаецца ў Беларусь, і выказаў спадзеў, што гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае цягам студзеня. Намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец апавёў пра тое, як паўплывае новы кошт газу на ўзровень аплаты насельніцтвам камунальных паслуг:

(Таўпянец: ) “Міністэрствам энэргетыкі незалежна ад такога падвышэньня кошту будуць ўнесеныя прапановы ў рамках дзейнага калідору, які вызначыў прэзыдэнт: падвышэньне не павінна складаць больш за 5 даляраў на год”.

Памочнік міністра энэргетыкі Андрэй Жукаў заявіў, што для выкананьня гэтага рашэньня патрэбныя адмысловыя захады ўраду:

(Жукаў: ) “Захады выпрацоўваюцца. Мінэканомікі разам зь Мінфінам павінны выпрацаваць нейкую стратэгію”.

Паводле спадара Жукава, паколькі за палову акцыяў “Белтрансгазу” будзе заплачана грашыма, іх можна выкарыстаць на пакрыцьцё стратаў.

На думку незалежнага эканаміста Леаніда Заікі, ураду будзе цяжка ўтрымаць заяўлены ўзровень камунальных плацяжоў. Насельніцтва ўжо плаціла за газ 100 даляраў, прыблізна столькі ж і прадпрыемствы. Якія кошты газу будуць для іх цяпер, пакуль невядома. Але відавочна пагаршэньне іх фінансавага стану.

(Заіка: ) “Гэта можа адбіцца на цэнах падвышэньнем узроўню інфляцыі з 5—6% да 12—14%, а магчыма і больш. Усё залежыць ад таго, ці будуць класьціся новыя выдаткі цалкам на суб’екты гаспадараньня”.

Паводле спадара Заікі, магчымасьці бюджэтнага субсыдаваньня прадпрыемстваў будуць абмежаныя тым, што з-за новай цаны на нафту, абмежаваньня працы НПЗ пацерпіць і казна.

(Заіка: ) “Часткі рэсурсаў, якія паступалі ў выглядзе падаткаў на апрацаваную нафту, падаткі на прыбытак, акцызы — мы іх пазбавімся. 200 мільёнаў даляраў на месяц як мінімум будзе складаць недахоп даходнай часткі бюджэту”.

На думку спадара Заікі, зьніжэньне экспартных паступленьняў ад продажу нафтапрадуктаў можа выклікаць зьмяншэньне ўсёй дынамікі вытворчасьці ў краіне, памяншэньне агульных аб’ёмаў вытворчасьці і камэрцыйных зьдзелак.

(Заіка: ) “Калі ў адной галіне зьніжаецца вытворчасьць, то кумулятыўны эфэкт уплывае і на сумежныя галіны. Гэта эфэкт даміно, які можна назваць абвалам”.

Як перажыве беларуская эканоміка гэтыя пагрозы, залежыць і ад палітыкі ўраду, які на думку спадара Заікі, дагэтуль дзейнічаў неэфэктыўна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)