Коктейль
Павел Печанько, фота аўтара

Як па Капылі 600 экстрэмалаў бегала: «Пятровіч, дзе твае шыпоўкі? Непарадак!»

У суботу адбыўся другі трэйлавы забег «Kopyl Trail», які сабраў сотні ўдзельнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі.

Летась арганізатары традыцыйнага капыльскага экідэну вырашылі змяніць фармат, дадаўшы ў спаборніцтвы экстрыму. Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з капыльскіх пагоркаў.

Змена фармату тлумачыцца яшчэ і тым, што эстафетны бег (экідэн) прадугледжваў камандны ўдзел (6 чалавек у камандзе). І ў апошнія гады колькасць каманд-удзельніц пачала змяншацца. Трэйлавы забег прадугледжвае як індывідуальны, так і камандны ўдзел пры індывідуальным заліку.

У мінулым годзе ў у капыльскім трэйле ўзялі ўдзел 230 чалавек. Сёлета ўжо каля шасціста, у тым ліку бегуны з Украіны і Расеі.
Праграма спаборніцтваў прадугледжвала ўдзел бегуноў самых розных узроставых груп. Строгія абмежаванні былі толькі ў забегах для дзяцей. Карпаратыўны забег прадстаўнікоў мясцовых установаў і арганізацыяў сабраў як маладых спецыялістаў, так і людзей сталага веку. Васьмікіламетровы трэйл беглі і маладыя, і людзі за пяцьдзесят.

Старт!

Сёлетняя праграма адрознівалася ад мінулагодняй больш складанымі маршрутамі, іх працягласцю, а таксама месцам старту/фінішу – цяпер усё самае важнае ўпершыню адбывалася не на гарадской плошчы, а ў лесапаркавай зоне адпачынку. Магчыма, гэтая акалічнасць паўплывала на адносна невялікую колькасць гледачоў, якім давялося ісці з цэнтра горада кіламетр да парка.

Некаторыя мясцовыя школьныя фізрукі цішком наракалі на паўпрымусовую арганізацыю масавасці за кошт звезеных з усяго раёна школьнікаў. Маўляў, грыбы ў лесе, а тут тырчы са школьнікамі… Іх калега з іншага раёна запярэчыў, што арганізацыя масоўкі муляе толькі дарослым, а «дзеці радыя за грамату прабегчы, выехаць у новы горад».

Сёлета арганізатары эксперыментавалі з перашкодамі з аўтамабільных пакрышак

Бег па раллі

Дзеці насамрэч абсалютна не сумавалі. Пасля свайго забегу яны купкамі перабягалі ад аднаго этапу дарослага забегу да другога. А там было на што паглядзець.

Водная перашкода з насыпам на ўваходзе і на выхадзе. Складанасць яе ў тым што дно канавы вельмі гразкае

Чарговая водная перашкода

Абавязковая ўмова – паднырнуць пад «бервяно»

Арганізатары падрыхтавалі 16 штучных і натуральных перашкодаў – некалькі водных, перапады вышыні (самая складаная – Замкавая гара), узараная ралля,  невялікая сцірта з рулонаў саломы і інш.

Водная перашкода «Балота»

Бар’ер з пакрышак і фантан ад МНС

Гледачы шчыра падбадзёрвалі ўдзельнікаў забегу, часам жартамі. Адзін з пікетчыкаў на стадыёне на пытанне дзвюх ужо дабра прытомленых спартсменак, колькі яшчэ засталося бегчы, адказаў з бацькоўскай дабрынёй у голасе: «Бяжыце дзяўчаткі, лепш вам не ведаць».

Спаборніцтвы па бегу ўжо трывала ўвайшлі ў лік традыцыйных масавых мерапрыемства Капыля. Некалі пра экідэн тут ведалі нават тыя, хто зусім не цікавіцца спортам. Магчыма, змена фармату спаборніцтваў дадасць цікавасці да забегаў па капыльскіх пагорках.

Кожны ўдзельнік на фінішы атрымліваў сімвалічны медаль і падарунак

Прызёры ўзнагароджваліся дыпломамі і грашовымі прызамі

На падыходзе да месца старту два пенсіянеры жартуць адзін з другога:
– Пятровіч, дзе твае шыпоўкі? Непарадак!
– Дык я сёння не бягу, толькі глянуць іду. А ты чаго не ў форме?
– А я да палюбоўніцы іду. Зараз адным вокам гляну, што тут яны навыдумлялі, і пайду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)