Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Як не трапіць у «чорны спіс невыязных»

Трапіць у «чорны спіс невыязных» можна нават за няправільны пераход дарогі ці запазычанасць па аплаце за камуналку.

Віза ў пашпарце, пуцёўка ў кішэні і пляжныя тапачкі ў чамадане — яшчэ не гарантыя таго, што адпачынак пройдзе на моры. Лепш за ўсё праверыць, ці аплацілі вы, да прыкладу, штраф за пераход вуліцы ў неналежным месцы, папярэджвае начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун: «Могуць за тое, што яны ўхіляюцца ад выканання рашэння па адміністрацыйных справах уключыць (у спіс невыязных з Беларусі. — Еўрарадыё). Калі яны не выплачваюць штрафы, то судовы выканаўца вынесе праз суд адпаведнае рашэнне і ўсё!»

І не дапаможа нават тое, што вас «не папярэджвалі» і ніякіх лістоў «з пагрозамі» ад судовых выканаўцаў вы не атрымлівалі.

Аляксей Бягун: «Прычым, ён можа не пражываць па месцы жыхарства. Ці піша, што зарэгістраваны па адным адрасе, а жыве па іншым. Не пражывае, а яму туды паведамленні прыходзяць: “Ну, аплаціце штраф!” Потым яму позва прыходзіць у суд, што там разглядаецца пытанне, а ён усё адно не ведае пра гэта».

А можна яшчэ “забыцца” аплаціць камуналку. Вынік той жа — папярэджвае начальнік разлікова-касавага цэнтра ЖЭУ-29 Першамайскага раёна сталіцы Таццяна Івашчанка.

Таццяна Івашчанка: «Каля я сёння, 25 чысла, не заплаціла, то я ўжо даўжнік. І я маю права з ім паступаць як трэба: магу ў суд падаць выканаўчы ліст пра спагнанне, на працу магу напісаць ліст…».

Месячная запазычанасць за камуналку — яшчэ не падстава накіроўваць да вас судовага выканаўцу. І даводзіць справу да спіса неўязных. Але калі вы “эканомілі” на аплаце камунальных паслуг два-тры месяцы, каб назбіраць грошы на пуцёўку, то яна можа вам і спатрэбіцца, тлумачыць суразмоўца Еўрарадыё. Тое ж і ў выпадку са штрафамі. Самыя аператыўныя ў пытанні ўнясення ў «чорны спіс» — ваенкаматы.

«Чалавек падлягае прызыву і павінен з’явіцца ў ваенкамат для выканання мерапрыемстваў прызыву. І не з’явіўся. Усё. Накладаецца абмежаванне на выезд», — тлумачаць Еўрарадыё ў адным з мінскіх ваенкаматаў.

Ні табе другой позвы, ні суда, ні судовых выканаўцаў пад дзвярыма — толькі паведамленне, што ты ўжо невыязны.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, абмяжоўваць права чалавека на выезд за мяжу могуць суды, следчыя па справе, КДБ ды іншыя дзяржаўныя ўстановы. Цяпер у спісе невыязных каля 100 тысяч чалавек. Год таму было 130 тысяч. Колькасць апошнім часам крыху зменшылася з-за таго, што туды больш не ўносяць тых, хто знаходзіцца за кратамі.

Аляксей Бягун: «Нягледзячы на тое, што ён сядзіць пад следствам, у дачыненні да яго прымалася рашэнне аб унясенні ў спіс невыязных. А цяпер следчыя прымаюць адрасныя рашэнні па кожным».

Ну, і нарэшце са спісаў выключылі ўсіх тых лідараў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, якія трапілі туды на некалькі месяцаў у выніку “тэхнічнага збою”.

Перш, чым выклікаць таксоўку ў аэрапорт, Аляксей Бягун раіць наведаць аддзел па грамадзянстве і міграцыі ды ўдакладніць, ці выпусцяць вас за мяжу. І дае парады, што рабіць, калі вас ў міграцыйным аддзеле агаломшылі “нечаканай” навіной.

Аляксей Бягун: «Бяжыць адразу яго выконвае (рашэнне аб адміністрацыйным пакаранні. — Еўрарадыё), бяжыць да судовага выканаўцы — адпаведныя дакументы прыкладае і яны цягам сутак яго “выгружаюць” на пункты пропуску».

Адно ўдакладненне: перш, чым ісці да судовага выканаўцы — забяжыце да таго, каму “вінныя”. У той жа разлікова-касавы цэнтр свайго ЖЭУ, дадае Таццяна Івашчанка.

Таццяна Івашчанка: «Каб хутчэй было, людзі самі прыходзяць і просяць паперу для суда, што іх запазычанасць аплачаная. Адзін такі днямі прыбягаў, кажа: «Мне трэба тэрмінова выязджаць — дайце, што я аплаціў». І пабег у суд».

Але лепш не спадзявацца, што за дзень-два можна вырашыць пытанне з выездам, папярэджвае Аляксей Бягун. І раіць паклапаціцца пра гэта перш, чым пачаць збіраць чамадан на мора.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)