Уладзя Арлоў
Як Навумчык вярнуўся ў Беларусь

Сяброўскае віншаванне на 45-годзьдзе

Ёсьць лёсы, якія ня здольнае нарадзіць нават самае вытанчанае ўяўленьне. Ёсьць жыцьці, якіх хапіла б на некалькі авантурна-палітычных раманаў...

Прага свабоды і непрыманьне задушлівай савецкай атмасфэры былі ўласьцівыя яму з маленства. Яго шматтомавае дасье пачынаецца з драматычнага апісаньня ўрачыстай школьнай лінейкі, прысьвечанай Дню нараджэньня усесаюзнай піянэрскай арганізацыі, калі ў чарадзе ружовых сьвяточных балёнікаў у бясхмарнае травеньскае неба старажытнага і вечна маладога Віцебску нахабна ўзьняўся лятальны аб’ект падазронага колеру і нестандартнае формы. У ім спэцыялісты апазналі выкарыстаны юным ленінцам Сярожам Навумчыкам не па прызначэньні “гумовы выраб №2”, як бязьлітасная савецкая цэнзура мянавала дэфіцытныя прэзэрватывы.

Застаецца загадкай, як гэты вальналюбівы юнак з “неблагополучной” сям’і здолеў паступіць на журфак БДУ імя Леніна, дзе ягонае дасье застракацела вусьцішнымі паведамленьнямі, самым бяскрыўдным зь якіх быў сыгнал аднакурсьніцы пра паталягічную схільнасьць студэнта Навумчыка да творчасьці ідэйна чуждага мастака Шагала, галоўнай тэмай якога зьяўляюцца, як вядома, лятучыя сыяністы.

Зьвесткі пра службу лейтэнанта Навумчыка ў савецкай арміі – адрывістыя й глухія. Аднак сувязь з радысткай штабу дывізіі, бясконцыя выправы ў грыбы ды зьнікненьне з вайсковай часткі друкавальнай машынкі сьведчаць, што ў той час Сяргей Язэпавіч ужо цалкам сьвядома далучыўся да нелегальнага антыкамуністычнага руху.

Памяняўшы мулкую вайсковую форму на сьціплы цывільны гарнітур, Навумчык укараніўся ў рэдакцыю абласной газэты “Віцебскі рабочы”, старыя й загартаваныя працаўнікі якой дагэтуль ціхім ненарматыўным словам згадваюць пісаку, што апяваў “нефармалаў” ды змаганьне супроць будоўлі Даўгаўпілскай ГЭС (якое сам жа і інсьпіраваў). Рэдкалегія ўздыхнула з палёгкаю толькі тады, калі з дапамогаю нацыяналістычнага падпольля Сяргей Язэпавіч уладкаваўся на працу ў часопіс “Вожык”, які зь ягоным беспасярэднім удзелам ператварыўся ў авангард антысавецкага супраціву.

У той змагарскі пэрыяд менавіта на кватэры гэтага геніяльнага кансьпіратара, нанятай ім практычна насупроць КГБ, адбываліся сходкі пасталелых “талакоўцаў”, “майстроўцаў” ды іншых “тутэйшых”, якія спакваля рыхтавалі капцы сыстэме й пераход да шчасьлівага жыцьця ў вольнай эўрапейскай Беларусі.

Муры менскага Чырвонага касьцёлу, а тады яшчэ Дому кіно, добра памятаюць, чыя дакладная падножка спыніла 19 кастрычніка 1988 году рух ужо забытага камуністычнага функцыянэра, які спрабаваў узьняцца на трыбуну й сарваць стварэньне Аргкамітэту БНФ “Адраджэньне”.

У 1990-м Сяргей Язэпавіч безаглядна выйшаў з падпольля і труюмфальна перамог на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі гістарычнага 12-га скліканьня.Толькі неверагодная прыродная сьціпласьць доўга не дазваляла народнаму абраньніку абвергнуць брудныя інсынуацыі наконт таго, хто ўпершыню ўнёс у парлямэнцкую залю нацыянальны сьцяг і хто, у апошні момант прыбегшы з буфэту, вырашыў сваім голасам лёс пастановы пра дзяржаўную сымболіку незалежнае Беларусі.

Сьціслыя магчымасьці праграмы вымушаюць пакінуць прафэсыйным дасьледнікам як плённую дзейнасьць Навумчыка ў парлямэнцкай апазыцыі, так і да канца нявысьветленыя акалічнасьці ягонай эміграцыі. Паводле найверагоднейшай вэрсіі, Сяргей Язэпавіч выкарыстаў ці ня самы бясьпечны ў беларускіх шыротах мэтад, а менавіта пакінуў Бацькаўшчыну на паветраным балёне. Намагаючыся забіць клін у даўнія сяброўскія стасункі героя праграмы зь ейным аўтарам, зласьліўцы пашыраюць чуткі, нібыта ў крытычны момант палёту, калі мангальф’ер пачаў катастрафічна губляць вышыню, пасажыр выкінуў за борт кнігу “Краіна Беларусь”.( Але аўтар праграмы і – адначасова-- згаданае кнігі ня мае да аэранаўта аніякіх прэтэнзіяў, бо кніга трапіла ў мясцовую вясковую бібліятэку, адкуль была сканфіскаваная супрацоўнікамі раённага аддзелу КГБ ужо парэзаная тамтэйшымі аматарамі айчыннай гісторыі на карцінкі.)

Аднак нельга пазбавіць роднай краіны таго, у каго яна ў сэрцы. На эміграцыі былы дэпутат-незалежнік ня здрадзіў ідэалам вірлівай маладосьці. Яго шмат дзесяцігодзьдзяў можна было сустрэць ня толькі у казыно Ляс-Вэгасу і кварталах чырвоных ліхтароў Амстэрдаму, але і на лятучках і балюшках Беларускай службы Радыё Свабода і паседжаньнях Рады БНР, адным з кіраўнікоў якой Навумчык быў цягам апошніх 60 гадоў (у тым ліку і пасьля ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз, калі Рада захавалася як своеасаблівы жывы помнік змаганьню за незалежнасьць).

У 2006-м пабачыла сьвет кніга Сяргея Язэпавіча “Сем гадоў Адраджэньня...”, якая не засталася незаўважанай на Бацькаўшчыне. На цырымоніі ганараваньня адсутнага з паважных прычынаў новага ляўрэата прэміі імя Алеся Адамовіча ў Беларускім ПЭН-цэнтры ніхто не зьвярнуў увагі на высокага станістага чалавека зь вялікай чорнай барадой, які, мэлянхалічна гартаючы газэту “Советская Б.”, непрыкметна сядзеў у далёкім кутку, а на фуршэце гэтаксама мэлянхалічна выпіў пляшку беларускага бальзаму, з смакам закусіў дранікам і непрыкметна зьнік, пакінуўшы вялікую торбу з каляндарыкамі Радыё Свабода.

Пасьля падзеньня лукашэнкаўскага рэжыму Навумчык адразу ж вярнуўся ў Беларусь, дзе, зноў жа з прычыны нязводнае чалавечае сьціпласьці, адмовіўся ад некалькіх ключавых міністэрскіх партфэляў. Убачыўшы юначую мару зьдзейсьненай, ён абвясьціў пра намер заняцца літаратурай і, пусьціўшы ў ход свой талент кансьпіратара, прапаў зь відавоку прэсы.

Паводле адных крыніцаў, Сяргей Язэпавіч жыве ў простай вясковай хаце на Багамскіх азёрах, дзе працуе над чарговай кнігаю “Дванаццаць гадоў агоніі дыктатуры...”, а ў вольны час карыстаецца нібыта атрыманым за выдатныя заслугі перад Бацькаўшчынай правам на беспакаранае браканьерства. Паводле ж іншых зьвестак, гэтаму заслужанаму чалавеку належыць прыстойны дамец у элітным пасёлку паблізу сталіцы, дзе ён працуе над той самай кнігаю, а вечарамі ў сваёй улюбёнай накладной барадзе ганяе на ролікавых іртах, палохаючы ахову экс-прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.

Сьнежань 2006-га.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)