Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі, піша Радыё Свабода.

Прапануем вашай увазе фрагмэнты:

«Ня бойцеся, у гэтым годзе Лукашэнка на расейскія выбары ня пойдзе, — супакоіў у пачатку 96-га кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын аглядальніка маскоўскіх «Известий» Ота Лацыса. — А вось потым..».

Гэтае «потым», улічваючы кволае здроў’е Ельцына (і 5% рэйтынгу), магло надысьці ў любы момант.

У 96-м Беларусь ужо другі год была ўнікальнай краінай, кіраўнік якой меў мэтай яе ліквідацыю як незалежнай дзяржавы.

Парадаксальна, але гэтую асаблівасьць Лукашэнкі доўгі час ня будуць заўважаць многія палітычныя аналітыкі, якія будуць выбудоўваць розныя мудрагелістыя тэорыі, якія б тлумачылі незразумелыя і алягічныя паводзіны беларускага прэзыдэнта.

У самае простае тлумачэньне ім паверыць было цяжка.

Між тым імкненьне Лукашэнкі зрабіцца кіраўніком аб’яднанай дзяржавы было тым, што на гады вызначыла як зьнешнюю, гэтак і ўнутраную палітыку Беларусі.

«Ён вельмі хацеў патрапіць у Крэмль — гэта ні для каго не сакрэт», — скажа Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» летам 2019-га.

Але ў 1996-м у гэта мала хто верыў. Годам раней у газэце «Свабода» я надрукаваў артыкул «Мэта», у якім паспрабаваў аргумэнтаваць шанцы Лукашэнкі зрабіцца гаспадаром Крамля — у выпадку ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі.

Шанцы гэтыя выглядалі зусім неблагімі, бо ён успрымаўся б расейскім насельніцтвам як чалавек, які «вярнуў» ім Беларусь. Артыкул быў напісаны па-расейску — каб прачыталі ў тым жа Крамлі. І, як потым казаў мне міністар замежных спраў Пётра Краўчанка, у Маскве яго сапраўды прачыталі.

Камэнтавалі публікацыю і ў расейскай, і ў беларускай прэсе. Для большасьці крамлёўскія амбіцыі Лукашэнкі ўяўляліся фантазіяй аўтара публікацыі.

Сур’ёзна паставіліся да гэтага толькі ў БНФ, а Васіль Быкаў неўзабаве пасьля публікацыі сказаў, што цалкам пагаджаецца з маімі высновамі, і што іранічнае стаўленьне да артыкулу лічыць памылковым. Нешта кшталту таго, што людзі ня хочуць заўважаць тое, што не ўкладаецца ў звыклыя схемы.

Сьведчаньні пра крамлёўскія амбіцыі Лукашэнкі, як правіла, ускосныя. Ніхто не прызнаўся, што асабіста яму Лукашэнка казаў пра імкненьня зрабіцца прэзыдэнтам Расеі (альбо — аб’яднанай дзяржавы). Але спасылаюцца на словы тых, каму ён абавязаны прыходам да ўлады і хто ў першыя гады прэзыдэнцтва ўваходзіў у кола ягоных канфідантаў.

Найперш — ужо прыгаданага Леніда Сініцына, кіраўніка перадвыбарчага штабу у 1994 годзе і першага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Словы, якія працытую ніжэй, Сініцын ніколі не абверг.

У кнізе «Дзевяноста чацьвёрты» у разьдзеле, цалкам прысьвечаным асобе Сініцына, я паспрабаваў прааналізаваць некаторыя моманты ягонай біяграфіі, якія сьведчаць на карысьць ягоных (сфармулюю мякка) асаблівых адносінаў са службай, якую з савецкіх часоў прынята называць «кампэтэнтнай».

Адразу пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў у 94-м Пазьняк заявіў, што Лукашэнка — стаўленік маскоўскіх спэцслужбаў, і гэта абсалютнай большасьці падалося нерэальным.

Праз 26 гадоў кіеўскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў выказаў перакананьне, што выбары 1994 году былі спаборніцтвам дзьвюх «крамлёўскіх вежаў» — партыйна-дзяржаўнага апарату, які ставіў на Кебіча, і ФСБ, якая падтрымлівала Лукашэнку.

Нялішнім будзе дадаць, што значна пазьней, праз шмат гадоў пасьля сваёй адстаўкі, у верасьні 2012 года. у інтэрвію Віктару Марціновічу у «Белорусской газете» Сініцын пацьвердзіў, што «с самого начала моей работы с Лукашенко нас объединяла именно тема интеграции».

«Я хочу жить в сильном государстве. Не в маленьком и слабом, а в большом и сильном», — патлумачыў Сініцын сваю ініцыятыву правесьці рэфэрэндум аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі.

У 1994 годзе Сініцын быў «маторам» выбарчай кампаніі Лукашэнкі, у 1995 архітэктарам рэфэрэндуму пра мову, сымбалі і эканамічнае аб’яднаньне з Расеяй (і нават намаляваў эскіз гербу), а ў пачатку 1996-га спрыяў Лукашэнку ў тым, што Народны Фронт ацэньваў як ліквідацыю сувэрэнітэту.

Для чалавека, які цягам двух гадоў (1994-1996) рэальна быў другой асобай у краіне, незалежнасьць краіны не азначала нічога. Беларусь была для яго замалая, хацелася краіны вялікай.

Дэпутат ВС 12 і 13 скліканьняў Генадзь Карпенка лічыў, што распараджэньне на палітычны «штурм Крамля» каманда Лукашэнкі атрымала ў канцы 1995 года, пасьля ягонай паездкі ў Цюмень, дзе ён сустрэў цёплы прыём.

Гэта пацьвярджае і Васіль Лявонаў, які ў 80-х на пасадзе 1-га сакратара Магілёўскага абкаму фактычна выпісаў Лукашэнку пуцёўку ў палітыку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў атрымаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі, а потым, пад тэлекамэры, быў арыштаваны ў сваім міністэрскім кабінэце і адседзеў некалькі гадоў».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:41)