В мире
Ларыса Шапавалава, Svabodaby.net

Як Літва перажывае крызіс

Апошнім часам па прыездзе з Вільні ў Мінск часта даводзіцца чуць пытанне: “Ну, як у вас там крызіс?” Настойлівасць, з якой беларусы цікавяцца крызісным жыццём у Літве, прымусіла ў рэшце рэшт задумацца: а і сапраўды, як?

ЁСЦЬ ПРАЦА — НЯМА КРЫЗІСУ. І НААДВАРОТ

Крызіс у Літве ёсць. Пра гэта любы жыхар краіны, які мае працу і стабільны заробак, можа штодзённа даведацца са сродкаў масавай інфармацыі. Такая настойлівасць СМІ ў “нагнятанні сітуацыі” крыху раздражняе літоўцаў. Таму што рэальна з крызісам сутыкнуліся толькі тыя, каго звольнілі з працы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што такіх людзей нямала. Паводле апошніх даных, на біржах працы зарэгістравана 40 тысяч беспрацоўных і амаль 43 тысячы шукаюць работу (на пачатак студзеня ў Літве ўсіх працуючых налічвалася каля 2 млн. 140 тыс.).

Агульная сума грашовых выплат па беспрацоўі ў параўнанні з мінулым годам павялічылася больш чым на 154%, колькасць тых, хто шукае працу — на 77%. Па даных Вільнюскай біржы працы, на мінулым тыдні на адно свабоднае працоўнае месца было 45 жадаючых. Ужо цяпер народу ў прыёмных пакоях біржы, як у беларускіх паліклініках падчас эпідэміі грыпу.

За апошнія месяцы банкрутамі сталі каля 1000 кампаній. І сітуацыя будзе пагаршацца. Днямі стала вядома пра закрыццё ў Вільнюсе магазіна BMS Megapolis (BMS - буйная сець магазінаў электратэхнікі). У Каўнасе ўжо спынілі сваю дзейнасць тры з чатырох магазінаў гэтай сеткі. Старшыня праўлення групы прадпрыемстваў BMS Артур Афанасенка адзначыў: “Мы чакалі зніжэння абароту да 30%. Але лічбы ў 35—40% у студзені-лютым 2009 года сталі для нас нечаканымі”. Па гэтай прычыне кампанія не можа своечасова разлічвацца з пастаўшчыкамі, і яе супрацоўнікі вымушаны павялічваць шэрагі беспрацоўных.

Але найгоршая сітуацыя сёння, напэўна, у будаўнічым бізнесе: многія праекты замарожаны, і будаўнікі застылі ў чаканні — што будзе далей, куды хіснецца маятнік і ці не парушыць усё, так удала пабудаванае.

КРЫЗІСНЫЯ КРЭДЫТЫ

Акрамя пагрозы звальнення існуе не менш непрыемная перспектыва зніжэння заробкаў. Асабліва ў бюджэтнай сферы. Мая суразмоўца — выхавальніца дзіцячага сада Ганна — падзялілася сваімі думкамі на гэты конт: “Нам змяншаць заробак, здаецца, пакуль не збіраюцца. Але наш сад на самаакупнасці. А вось маёй знаёмай, якая таксама працуе выхавальніцай, заробак затрымліваюць ужо два тыдні. Такога я не памятаю з 90-х гадоў. Праўда, сад там цалкам бюджэтны”. На пытанне, ці бачыць яна прыкметы крызісу ў літоўскім грамадстве, Ганна з упэўненасцю адказала, што крызісу пакуль не адчула. Нідзе. Хіба што ў станоўчым плане: падчас зімовага распродажу цэны “ўпалі” так, як ніколі раней. Ды і сам распродаж зацягнуўся — магчыма, прадаўцы баяцца зніжэння пакупніцкіх здольнасцей у будучым.

З тым, што крызіс у штодзённым жыцці пакуль што “не тое, каб адчуваўся”, пагадзілася і другая мая суразмоўца Йаланта, хіба што крэдыты ў банку ўзяць стала значна цяжэй: “Я нядаўна афармляла ў банку крэдыт на рамонт, дык патраціла на гэта цэлыя два тыдні — ніхто не хоча даваць крэдыт, хаця я прасіла зусім невялікую суму — 5 тыс. літаў (прыкладна 5 млн. бел. рублёў). Грошы ўсё ж такі атрымала, але пад 19 працэнтаў, што, канешне, нерэальна многа. Але што зробіш, калі трэба?”

Сапраўды, крэдыты банкі цяпер даюць неахвотна, ды і не кожны асмеліцца браць на сябе абавязкі ў такі “смутны” час. Прэзідэнт Асацыяцыі банкаў Літвы Стасіс Кропас адзначае, што і бізнес, і жыхары краіны пераходзяць на рэжым эканоміі: ад пачатку года агульная сума прадстаўленых кліентам крэдытаў змяншаецца, а свае грошы літоўцы давяраюць банкам і скарачаюць спажыванне. У студзені гэтага года жыллёвых крэдытаў выдадзена ў 5,5 разоў меней, чым год таму, а спажывецкіх - у 5,7 разоў меней.

КВАТЭРНАЕ ПЫТАННЕ

Але жыццё працягваецца, нягледзячы на крызіс. Ці насуперак яму. А раз так, то паўстае пытанне, дзе жыць. У шчаслівых уладальнікаў уласнага жылля (з другаснага фонду) ёсць свае праблемы, але пра іх ніжэй. У тых жа, хто не мае ўласнай кватэры, ёсць выбар: альбо набываць нерухомасць, альбо здымаць кватэру.

Мяркуючы па тым, як цяпер цяжка атрымаць крэдыт на кватэру, з “набыць” могуць быць праблемы, нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе цэны на нерухомасць у Літве, паводле Global Rroperty Guide, у параўнанні з 2007 годам знізіліся амаль на 27%. Але татальнага распродажу новых кватэр не адзначаецца — большасць з іх была пабудавана ў крэдыт, які цяпер трэба выплачваць, і раздаваць кватэры “за так” уладальнікі не збіраюцца. Крыху патаннелі хіба што кватэры на другасным рынку жылля. Аднапакаёўку плошчай каля 30 кв. м. можна набыць у дыяпазоне ад 100 да 150 тыс. літаў (100—150 млн. бел. рублёў). Прапаноў шмат і на любы густ. Новабудоўля ў два разы даражэйшая - 200—300 тыс. літаў, а плошча новых аднапакаёвак пачынаецца ад 40 кв. м.

Але, зэканоміўшы пры пакупцы, у ацяпляльны сезон абавязкова ўзгадаеш прымаўку “скупы плаціць двойчы”: абагрэў кватэры ў старым доме абыходзіцца жыльцам у 4 разы даражэй. Гэта і ёсць тая, згаданая вышэй, праблема, з якой сутыкаюцца ўладальнікі кватэр старога фонду. І, мяркуючы па коштах, праблема немалая. Жыхары кватэр плошчай каля 70 м. кв. у старых дамах плацілі ў студзені-лютым 2009 года да 600 літаў у месяц (600 тыс. бел. рублёў), у той час як ацяпленне кватэры прыкладна такой жа плошчы ў новым доме абыходзілася да 150 літаў за месяц. Эканомія, як бачыце, значная.

Тым, хто не паспеў “звязаць” сябе жыллёвым крэдытам, цяпер застаецца здымаць кватэру. Аднапакаёўка можа каштаваць ад 500 да 1200 літаў у месяц, два пакоі - 1500—3000. Апошнім часам адзначалася тэндэнцыя да зніжэння коштаў, але цяпер, калі набыццё кватэры ва ўласнасць становіцца амаль нерэальным, прагназіруецца павышэнне цэн за арэнду кватэр. Шырыня дыапазону коштаў на кватэры не ў апошнюю чаргу абумоўлена навізной дома: калі жыллё патрэбна не на месяц-два, то варта “рыхтаваць сані зімой” і аплату за кватэру разлічваць з улікам ацяпляльнага сезона.

АДПАЧЫНАК: БЫЦЬ ЦІ НЕ БЫЦЬ?

Найбольш балюча (пасля будаўнічага) перажываць крызіс будзе, напэўна, турыстычны бізнес. Літоўцы актыўна карысталіся магчымасцю бязвізава падарожнічаць у розныя краіны, якую атрымалі дзякуючы ўваходжанню ў ЕС. Гэтым летам, аднак, многія ў адпачынак за мяжу не збіраюцца. Прынамсі, пакуль што. Альтэрнатывай заморскім краінам застаецца паездка да мора “ў нашу Палангу”.

Пра сённяшні стан турыстычнага бізнесу ў Літве мы размаўлялі з супрацоўнікам фірмы West Express, якая з’яўляецца лідэрам літоўскага турбізнесу:

— Сяргей, ці адчуваецца ўжо сёння крызіс у літоўскім турбізнесе?

— Так, крызіс адчуваецца. Хаця летнія адпачынкі яшчэ наперадзе, пра сур’ёзнае памяншэнне колькасці авіяперавозак, чым наша фірма таксама займаецца, можна гаварыць ужо цяпер. У лютым гэтага года Вільнюскі аэрапорт прыняў і адправіў 75 869 пасажыраў, што на 42% менш, чым год назад у тым жа месяцы.

— Ці адбыліся ў вашай фірме скарачэнні?

— Скарачэнняў не было, але плануюцца. Пакуль што проста не ведаем, як да гэтага падысці. Мы перайшлі на аплату па дамоўленасці, што дазволіла крыху знізіць затраты на заробкі. Да таго ж большасць нашых супрацоўнікаў - жанчыны, і за апошні час у нас сур’ёзна павялічылася колькасць дэкрэтных водпускаў.

— Такое “цікавае становішча” Вы звязваеце з крызісам? Маўляў, чым страціць працу, то лепш пайсці ў дэкрэт, пакуль яна ёсць?

— Не, хутчэй гэта звязана з нядаўна прынятым законам, па якім жанчына за першы год па доглядзе дзіцяці атрымлівае 100% ад заробку, а за другі - 80%. Гэта добрая дапамога маладой маме, асабліва калі заробак быў прыстойны. Вось жанчыны і спяшаюцца, пакуль закон дзейнічае — хто ведае, што будзе заўтра?

Відавочна, што эканамічная сітуацыя ў Літве мяняецца. І мяняецца не ў лепшы бок. Той, хто страціў працу і мае туманныя шанцы знайсці новую, ужо сутыкнуўся з крызісам. Той жа, у каго з працай усё стабільна, з крызісам звязвае псіхалагічны дыскамфорт: фінансавых праблем пакуль няма, можа, нават, і не будзе, але… Крызісная спружына яшчэ сціскаецца.

Пра ступень наэлектрызаванасці ў літоўскім грамадстве сведчыць той факт, з якой хуткасцю распаўсюджваюцца чуткі пра эканамічныя змены ў краіне. Нядаўна Літву “ліхарадзіла” чутка пра магчымую дэвальвацыю літа, якая павінна быццам бы адбыцца ў ноч з 7 на 8 сакавіка. Асабліва паддаліся паніцы жыхары Вільнюса. Вынік - суботнім вечарам у банках не засталося валюты, скупілі не толькі еўра і долары, а нават брытанскія фунты і польскія злотыя.

Каментуючы сітуацыю прэм’ер Андрюс Кубілюс заявіў: “Усе чуткі пра магчымую дэвальвацыю літа - поўная ерунда. Літ быў і застаецца стабільным. Кропка.”

У гэтай гісторыі ёсць не толькі прайграўшыя: за аперацыі з валютай банкі бяруць камісію. Цяпер яны чакаюць, калі людзі пачнуць здаваць набытую валюту…

Інфармацыя для роздуму

Сярэдні заробак за 2008 год паводле Дэпартамента Статыстыкі Літвы - 2 174 літа (прыкладна 2 млн. 250 тыс. бел. рублёў) (2 329 - у дзяржаўным сектары, 2 093 - у прыватным).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)