Экономика
Леанід Гаравы, haradok.info

Як Косінец не выканаў абяцанне Лукашэнку

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец не выканаў абяцанне дадзенае Лукашэнку наконт выхаду Віцебшчыны ў снежні на сярэдні заробак у пяць мільёнаў. Наогул, і Гарадоцкі раён, і Віцебшчына аўтсайдзеры ў краіне па сярэдніх заробках.

У сярэдзіне снежня мінулага году на ўсю краіну старшынёй Віцебскага аблвыканкама А. Косінцам перад кіраўніком краіны была агучана інфармацыя аб тым, што на Віцебшчыне сярэдні заробак у снежні дасягне пяці мільёнаў рублёў. А. Лукашэнка ўхваліў такія пазітыўныя тэндэнцыі ў вобласці.

Дзеля дасягнення магічнай лічбы ў пяць мільёнаў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў накіраваў у гар- райвыканкамы ліст “Аб узроўні заработнай платы на снежань 2012 года”. У лісце Хрыстафораў абгрунтаваў механізм дасягнення сярэдняга заробку ў пяць мільёнаў на Віцебшчыне, які паабяцаў Аляксандр Косінец пад час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка на ААТ “Віцебскдрэў”.

Але гэтае абяцанне, як і шматлікія іншыя абяцанні, стала няспраўджанай абяцанкай старшыні Віцебскага аблвыканкама А. Косінца. Паводле афіцыйных дадзеных сярэдні заробак на Віцебшчыне ў снежні не толькі не дасягнуў “шыкоўнай” лічбы – пяць мільёнаў, але не дасягнуў заробку ў 500 даляраў, якія абяцалі ўлады працоўным.

Нацыянальны статыстычны камітэт зафіксаваў лічбу сярэдняга заробку на Віцебшчыне ў 4 млн. 245 тысяч руб., на якія ніяк не набудзеш 500 даляраў. І гэта адзін з самых нізкіх заробкаў у краіне. Ніжэй толькі заробак на Берасцейшчыны, дзе вельмі распаўсюджаны напоўлегальны бізнес з Польшчай. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах і без прапагандыскай траскатні заробкі ў людзей вышэй, чым на Віцебшчыне. Ды і па тэмпах прыросту заробкаў за год Віцебшчына ў аўтсайдзерах – меншыя тэмпы росту рэальнага заробку толькі на Міншчыне, дзе сярэдні заробак за снежань амаль на 300 тысяч болей, чым у нас. Толькі ў параўнанні з лістападаўскімі заробкамі на Віцебшчыне іх рост вышэй агульнарэспубліканскага на 1%. Так увесь прапагандыскі свіст пра пяць мільёнаў выйшаў у элементарны пшык.

Па Гарадоцкаму раёну афіцыйныя даныя аб снежаньскіх заробках яшчэ не апублікаваны. Але даныя аб сярэднемесячных заробках у 2012 годзе сведчаць, што ён на Гарадоччыне адзін самых нізкіх, як Віцебшчыне, так і ў краіне. Для Гарадоцкага раёна гэта лічба 2721 тыс. рублёў, а меней толькі ў Браслаўскім раёне – 2542 тыс. руб, Шумілінскім – 2577 тыс. руб.. І калі мясцовыя чыноўнікі лічаць з прапагандыскіх мэтаў людзей раёна галоўным багаццем, то вартасць гэтага багацця – сімвалічная. Бо ў рэальнасці, як ацэньваюць людзей, так і ім плацяць.

Між тым старшыня аблавыканкама Аляксандр Косінец, праваліўшы адно абяцанне даў іншае – яшчэ больш захапляльнае. Старшыня заявіў карэспандэнту БЕЛТА напачатку года, што сярэдні заробак на Віцебшчыне дасягне да канца года ашчаднасці аж 750 даляраў! Па сёняшняму курсу набыцця даляраў у банках Гарадка гэта больш 6,5 млн. рублёў. Верыце, што такія заробкі будуць?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)