Як Караткевіч і Лябедзька сустрэліся на сьвяточным пікеце ў Берасьці

Каля пікетаў дзяжурылі міліцыянты, асобы ў цывільным, якія ўважліва слухалі выступы лідэра АГП.

На найбольш ажыўленай вуліцы Берасьця адбыліся масавыя гуляньні з нагоды Дня гораду. Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька зладзілі пікеты па зборы подпісаў.

Абодва прэтэндэнты на кандыдата ў прэзыдэнты вырашылі паўдзельнічаць у сьвяточных пікетах у Берасьці. На сьвята тысячы берасьцейцаў выйшлі на вуліцу, многія фатаграфаваліся сем’ямі з Тацянай Караткевіч, іншыя – слухалі прамовы Анатоля Лябедзькі праз мэгафон.

Каля пікетаў дзяжурылі міліцыянты, асобы ў цывільным, якія ўважліва слухалі выступы Анатоля Лябедзькі. Галоўны ідэоляг Берасьцейшчыны Леанід Цупрык, таксама, наведаў пікеты, азнаёміўся зь інфармацыяй на стэндах.

Намесьнік старшыні аблвыканкаму Леанід Цупрык вывучае стэнд Анатоля Лябедзькі

Міліцыянты хоць і сачылі за пікетамі, але зусім ня ўмешваліся, адзіную правакацыю зладзіў нецьвярозы мінак, які выказаў прэтэнзіі да бел-чырвона-белых сьцягоў сацыял-дэмакратаў.

Многія берасьцейцы часам стваралі чэргі ля пікетаў. Як распавялі сябры каманды Лябедзькі, двум зборшчыкам часам даводзілася зьбіраць больш за 50 подпісаў за гадзіну.

У часе пікетаваньня ў цэнтры Берасьця адбываўся карнавал, хадзілі персанажы ў старажытных касьцюмах, або блазны на хадулях, якія весялілі дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)