Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра БАГДАНАВА

Як цар цэгле помсцiў

Хто б паверыў, што вытанчаная неагатычная капліца, якая і напаўзруйнаваная ўпрыгожвае парк, уяўляла калісьці такую вялікую пагрозу для расійскіх улад, што тыя абвясцілі ёй сапраўдную вайну! І было ж за што — у патаемным памяшканні высокага шпіля закозельскага храма хаваўся цяжка паранены генерал Рамуальд Траўгут — унук удзельні-ка паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і правадыр касінераў Кастуся Каліноўскага ў Кобрынскім павеце.

Гэты дзёрзкі ўчынак не сышоў капліцы з рук. У данясенні гродзенскаму губернатару, датаваным 1865 годам, закрыццё родавай святыні Ажэшкаў тым і тлумачыцца, што “існаванне капліцы мела б кепскі ўплыў на шматлікіх слугаў Закозеля, а адасобленасць маёнтка перашкаджае нагляду за польскай прапагандай”.

Храму помсцілі за Траўгута. “Я заўсёды марыў пра незалежнасць сваёй радзімы, яе вызваленне ад панавання Расіі”, — пісаў генерал, які добра ведаў, што без войска і зброі не перамагчы моцную ваенную дзяржаву, але нізавошта не адмовіўся б ад сваёй прынцыповай пазіцыі.

...Пасля жорсткага бою ў антопальскім лесе царскі генерал нават паведаміў начальству, што Траўгут забіты. Насамрэч яго выратавала Элаіза Ажэшка — цяпер вядомая пісьменніца, тады — сувязная паўстанцаў. У яе карэце, з падробленым пашпартам, выдаючы сябе за хворага сваяка гаспадыні, генерал дабраўся да Варшавы. Але ўдала праведзеная аперацыя не выратавала Траўгута ад эшафота, а род Ажэшкаў і іх капліцу ў Закозелі — ад гневу царскіх улад.

Калі яе ўладальніца Фернанда Ажэшка, якая праз давераных асобаў намагалася абараніць святыню як сямейную пахавальню, звярнулася да начальства па дазвол перазахаваць тут сына Юлія, ёй не пасмелі гэта забараніць. Адначасова ж з канцылярыі губернатара паведамілі, што капліца... не можа быць адчыненая. Галоўны ўваход у яе быў замураваны і атынкаваны.

Сітуацыя склалася анекдатычная: будынак заставаўся ўласнасцю Ажэшкаў, але яны не маглі ім карыстацца. Тады чыноўнікі пастанавілі: капліцу пакінуць уладальнікам, але абавязаць іх зруйнаваць купалы, знішчыць алтар і прылады для набажэнства.

Пакуль Ажэшкі даводзілі ўладам, што спатрэбіцца час, каб знайсці майстра, які б разабраў алтар з мармуру і жалеза (да таго ж, шчыльна ўмацаваны ў цагляныя сцены), а зняцце купалаў і пераробка будынка вымагаюць вялікіх выдаткаў на архітэктара і адмысловых рабочых, ключ ад капліцы знаходзіўся ў мясцовага праваслаўнага святара Балабушэвіча.

Спрабавалі заступіцца за капліцу, што, як і замак у Косаве, была ўзведзеная па праекце вядомага архітэктара Францішка Яшчальда, дваране Кобрынскага павета. Іх прашэнне да міністра ўнутраных справаў адшукала ў архівах гісторык Святлана Адамовіч: “Збудаваная 20 гадоў таму капліца ў маёнтку Закозель зачыненая з прычыны непатрэбнасці, бо, акрамя памешчыцы і слугаў, католікаў амаль няма... Мэта закрыцця дасягнутая, калі ў ёй не будзе адпраўляцца набажэнства... Пераробка будынка з цаглянымі ўпрыгожваннямі ў гатычным стылі вымагае затратаў і знявечання збудавання... Пакінутая ў цяперашнім выглядзе капліца не можа нікому пашкодзіць, тым больш што пабудаваная ў гаі, а не ў вёсцы...”.

Пасля заступніцтва дваран наглядаць за капліцай прызначылі прыстава. Яе, зразумела, не адчынілі, але, на шчасце, і не сапсавалі пераробкамі. Расцягваць капліцу-пахавальню пачалі зусім нядаўна. Пакуль у палкоўніка Войска польскага Анджэя Юшкевіча яшчэ ёсць магчымасць пабачыць скошаны шпіль, дзе ў патаемным памяшканні хаваўся ягоны прадзед генерал Траўгут. Але трэба спяшацца — вежачка вось-вось гатовая абрынуцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)