Общество
Сямён Печанко

Як будаўнік з Карэліч праўду шукаў

Аляксандр Самец два гады дабіваецца датэрміновага выхаду на пенсію. Ён расказаў «Салідарнасці», як апынуўся адзін на адзін з дзяржаўнай машынай.

У сакавіку 2012-га будаўнік з Карэліч Аляксандр Самец вырашыў пайсці на пенсію. На той момант агульны стаж працы на розных інжэнерна-тэхнічных пасадах у яго складаў больш за 30 гадоў, з іх амаль 8 ён адпрацаваў у складаных і шкодных умовах. Паводле закону гэта давала яму права пайсці на песнію на тры гады раней. Звярнуўся з адпаведнай заявай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама і стаў чакаць вынікаў. Тут і пачаліся ягоныя прыгоды.

Закон не роўна дзеліць

Камісія па пенсіях залічыла Аляксандру ў ільготны стаж 5 гадоў і 10 месяцаў. Яшчэ 2 гады, адпрацаваныя ПМК-110, у гэты стаж не трапілі. Аляксандр пачаў разбірацца і высветліў наступнае: у 2005-м ПМК было ліквідаванае па ініцыятыве галаўной арганізацыі — «Гроднааблсельбуда», дакументы, якія б сведчылі аб замацаванні яго на аб’ектах, проста зніклі.

— Страту дакументаў працадаўцам лічу надзвычайнай сітуацыяй. Фактычна, мяне пазбавілі права на законную пенсію. Закон абавязвае працадаўцу своечасова і ў поўным аб’еме афармляць дакументы аб стажы працы, нясе матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам, — кажа Аляксандр.

У падобных выпадках паводле Палажэння аб пацверджанні і падліку стажа для прызначэння пенсій ствараецца адмысловая камісія, якая высвятляе перыяды працы ў асаблівых умовах. Яна абапіраецца на часткова захаваныя дакументы і словы сведак, якія працавалі з кандыдатам у пенсіянеры. Калі ж дакументы страчаныя цалкам, то неабходныя сведчанні не менш чым двух чалавек, якія працавалі разам з заяўнікам.

Аляксандр меў загады аб прыёме яго на працу і звальнені, а такасама даведку аб атрыманых за гэтыя два гады заробках. Знайшліся і калегі, што працавалі з ім у ПМК і пагадзіліся сведчыць.

Аднак, раённая камісія адмовіла заяўніку ў датэрміновым выхадзе на пенсію. Аказалася, што ў тым самым палажэнні ёсць пункт, паводле якога паказаннямі сведкаў не пацвярджаецца характар працы, які дае права на пенсію за працу з асаблівымі ўмовамі або за выслугу гадоў.

— Мая гісторыя выявіла супярэчнасць у законе: пункты 16 і 17 палажэння даюць мне магчымасць аднавіць страчаныя звесткі, каб датэрмінова выйсці на пенсію; пункт 22 пазбаўляе мяне гэтай магчымасці, — тлумачыць Аляксандр.

Ён абскардзіў рашэнне раённай камісіі ў Гродзенскім аблвыканкаме, але і там яму адмовілі. Звярнуўся ў міністэрства працы і сацыяльнай абароны — той жа вынік.

— У нас на самым высокім узроўні любяць казаць, што Беларусь — краіна для народа. Калі так, то лічу, што ў маім выпадку закон неабходна трактаваць на маю карысць. Тым больш, што я выступаю ў якасці пацярпелага, бо мае дакументы страцілі, — перакананы Аляксандр.

Суды, парламент, генпракуратура

Карэліцкі раённы суд, Гродзенскі абласны і Вярхоўны суд развеялі гэтыя ілюзіі. Аляксандру паўсюль адмовілі. А ў абласным судзе, сцвярджае ён, яшчэ і сфальсіфікавалі матэрыялы ягонай справы:

— Аднаму з маіх сведак прыпісалі словы, якіх ён не казаў. Гэта лёгка праверыць у пратаколе ягоных сведчанняў. Акрамя таго, мне прыпісалі працу ў арганізацыі, якой не існавала ў прыродзе. Я звярнуўся ў абласную пракуратуру, а пасля ў генеральную. Але там ніяк не пракаментавалі мае звароты і заявы пра фальсіфікацыю ў аблсудзе.

Не дапамог і зямляк Андрэй Навумовіч, дэпутат парламента ад Карэліцка-Навагрудскай выбарчай акругі, старшыня парламенцкай камісіі па правах чалавека.

— Я прасіў разглядзець маю скаргу на камісіі па правах чалавека, якую ён узначальвае. Але ён перанакіраваў мой зварот у Мінпрацы. Туды, дзе мне ўжо адмовілі. Лагічна было б звярнуцца з запытам у Канстытуцыйны Суд РБ, так як асобны грамадзянін туды звярнуцца не можа.

Хто перашкаджае дэпутатам прыняць новы закон?

Аляксандр Самец не адзін год дапамагае земляку — ветэрану вайны і вязню ГУЛАГа Аляксандру Доўбіку. Той таксама беспяспяхова, хоць і не па ўзросце настойліва, дабіваецца праўды. Аляксандр Сафронавіч патрабуе ад дзяржавы годнай кампенсацыі за гады канцлагераў.

— Дзяржава прапануе яму смешную суму ў тры мільёны. Гэта здзек! Кажуць, што закон такі. Дык хто перашкаджае дэпутатам прыняць новы закон? Вось гэта было б справядліва.

Але на справядлівасць Аляксандр пры цяперашняй уладзе не разлічвае. Упэўніўся на ўласным прыкладзе. Ён расказвае гісторыю пра тое, як можна ў складанай сітуацыі вырашыць усё па-людску.

«Немцы паверылі без усякіх дакументаў»

Маці Аляксандра Самца ў часе Другой суветнай вайны трапіла на прымусовыя працы ў Германію. Спачатку Ганна Шастак працавала ў баўэра, а ў 1944-м трапіла на завод «Алімпія» ў Эрфурце. Вясной 1945-га амерыканцы разбамбілі завод. У пажары згарэла канцылярыя, гэты факт адгукнецца ёй праз гады, але тады галава была занятая зусім іншым. Вярнулася ў родную вёску, а ў яе хаце жыве малады партызан-кулямётчык Косця Самец. Ягонае жытло згарэла ў часе блакады, бацька загінуў. Неўзабаве яны ажаніліся, згадвае сямейную гісторыю Аляксандр Канстанцінавіч.

Напрыканцы 1990-х нямецкі фонд «Прымірэнне і згода» прапанаваў ягонай маці грашовую кампенсацыю. Трэба было даслаць дакументы, якія б пацвердзілі факт вывазу жанчыны на прымусовыя працы. Аляксандр Самец шукаў неабходныя сведчанні ў архівах Беларусі і Расіі. І не знайшоў. Не даў плёну і запыт у Эрфурт. Бургамістр горада паведаміў, што ўсе дакументы, датычныя вольных і нявольных работнікаў завода «Алімпія» згарэлі ў пажары 1945-га.

У фондзе Аляксандра папрасілі запісаць за маці ўсё, што яна памятае пра перабыванне ў Германіі, а таксама сабраць усе адказы з архіваў, Эрфурту і даслаць ім. Даслаў, прыходзіць адказ — чакайце рашэння камісіі. А праз два тыдні пакліклі на пошту: немцы даслалі грошы.

— Замежнай грамадзянцы паверылі на слова і заплацілі кампенсацыю, добрыя грошы. А мне і траім маім сведкам — грамадзянам Беларусі — ўласная дзяржава не верыць. Я з самага пачатку не меў асаблівых спадзеваў на перамогу, але пайшоў да канца. Пабачыў зблізу тых, хто і як піша Законы, як іх выконвае сама дзяржава, хто і як кантралюе іх выкананне, суддзі хто. Жахлівая карціна, — кажа Аляксандр.

Не выключае, што яму прыгадалі палітычнае мінулае. Ад пачатку 1990 гадоў ён кіраваў мясцовай арганізацыяй БНФ, зараз ад партыйнай дзейнасці адышоў. Версія мае права на існаванне. Тым больш, як патлумачыць той факт, што двух яго калегаў па працы ў ПМК-110 са Слоніма і Ашмянаў адправілі на датэрміновую пенсію, улічыўшы паказанні іхніх сведак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)