Марына Ткачова
Як беларускі студэнт стаў агентам КДБ

Больш за год былы студэнт з Гомеля Уладзіслаў Міхайлаў з’яўляўся агентам КДБ. Пра гэта ён сам распавёў польскай газеце “Tygodnik powszechny”.

20-гадовы Уладзіслаў Міхайлаў зараз праходзіць навучанне ў Польшчы па праграме імя Кастуся Каліноўскага. Пра свае сувязі з беларускім КДБ, якія распачаліся яшчэ да яго адлічэння з Гомельскага універсітэта, ён вырашыў расказаць па ўласнай ініцыятыве. Паводле Уладзіслава Міхайлава, беларускія спецслужбы ўжо ў Польшчы партабавалі ад яго інфармацыю пра праграму імя Кастуся Каліноўскага, пра студэнтаў, якія навучаюцца разам з ім, у тым ліку і сына Аляксандра Мілінкевіча.

— Мы да канца не ведаем, якія былі намеры гэтага чалавека, але ўпэўненыя, што ён хацеў сказаць праўду і робіць гэта, кіруючыся добрымі памкненьнямі, — адзначыў адзін з аўтараў публікацыі Анджэй Бжэзіцкі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода». — Магчыма, ён не мог ужо жыць у стане раздвоенасці, у канфлікце з сумленнем і вырашыў расказць пра гэта ўсім. Гэты чалавек расказаў нам, як КДБ з ім абыходзілася — вельмі непрыемна, нядобра, яшчэ ў Беларусі.

Дарэчы, пра тое, што беларускія спецслужбы намерваліся завербаваць Уладзіслава Міхайлава было вядома і раней. Як адзначыў БелаПАН, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васілій Палякоў, яшчэ улетку 2005 года Міхайлаў звяртаўся па дапамогу і кансультацыю да кіраўніцтва мясцовай арганізацыі АГП наконт шантажу і пагроз з боку КДБ. Мяркуючы па ўсім, супрацьстаяць ціску спецслужб яму так і не ўдалося.

Адзначым таксама, што пра магчымую прысутнасць агентаў КДБ сярод студэнтаў з Беларусі у Варшаве казалі даўно. Дырэктар праграмы з Варшаўскага універсітэта доктар Ян Маліцкі сцвярджаў, што гэта бралася пад увагу яшчэ адпачатку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)