Общество
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY

Як беларускі Кіт вывеў амерыканцаў на Месяц

6 красавіка ў Франкфурце-на-Майне адзначае сваё 101-годдзе Барыс Кіт — «першы беларус у свеце», як назваў яго Васіль Быкаў. Пасля вайны знаны дзеяч беларускага адраджэння эміграваў у ЗША, дзе стаў адным з піянераў у галіне распрацовак сучаснага касмічнага паліва. Дзякуючы даследаванням нашага суайчынніка стаў мажлівы, напрыклад, палёт чалавека на Месяц.

Уцекачы ад рэвалюцыі

Барыс Кіта нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў беларускай сям’і ў Пецярбургу, дзе ў асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі прайшлі першыя восем гадоў ягонага жыцця. Рэвалюцыя і цяжкае фінансавае становішча ў Расіі змусіла бацькоў вярнуцца ў вёску Сапатніцы пад Карэлічамі. Паводле Рыжскай дамовы (1921), якая падзяліла Беларусь на дзве часткі, родная Наваградчына адышла да Польшчы.

Прагны да навучання хлопец скончыў народную школу ў Карэлічах (1926) ды Навагрудскую беларускую гімназію (1928). Шавіністычная палітыка польскіх уладаў і непрызнанне за беларусамі права на паўнавартаснае нацыянальнае развіццё толькі ўзмацніла ў ім беларускую самасвядомасць і загартавала змагарскі дух.

Барыс збіраўся быў паступаць на гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, аднак лёс склаўся інакш.

– Яшчэ з часоў гімназіі я страшэнна любіў гісторыю. Калі запісваўся ў Віленскі ўніверсітэт, хацеў паступаць менавіта на яе. Гляджу: перад акенцам на гістфак сто чалавек стаіць. Направа ж прымалі дакументы на матэматыку, і там было якіх пяць чалавек. Так я стаў матэматыкам, — распавядаў мне герой напярэдадні свайго 100-годдзя.

“Я трыццаць разоў паміраў”

1938 г., у роднай вёсцы.

У 1931 годзе, яшчэ будучы студэнтам, Барыс Кіт (так яго памылкова запісалі ў польскамоўных дакументах, пасля чаго “новае” прозвішча і прыжылося) пачаў выкладаць матэматыку ў легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1939-м нават нейкі час ачольваў яе.

Дзякуючы высілкам Кіта ў тым жа 1939-м у Навагрудку расчыніла дзверы адноўленая беларуская гімназія, дырэктарам якой ён стаў. Як і многія актыўныя ўдзельнікі беларускага руху ў Заходняй Беларусі, Кіт трапіў пад пераслед польскіх улад, двойчы сядзеў у вязніцы.

За саветамі Кіт працаваў інспектарам аддзела адукацыі Баранавіцкай акругі (1939-41), а з прыходам немцаў арганізоўваў беларускія школы, ратуючы моладзь ад высылкі ў Германію. Дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Паставах і Адміністрацыйна-гандлёвай вышэйшай школы ў Маладзечне, ён цудам мінуў смерці ў сутарэннях гестапа. Месяц у нацысцкай турме ў 1944-м Кіт называе самымі страшнымі днямі ў сваім жыцці.

– Трыццаць дзён я чакаў расстрэлу. Кожны дзень прыганялі 30 чалавек, з якіх 25 ноччу расстрэльвалі. Я трыццаць разоў паміраў, — успамінае Барыс Уладзіміравіч.

Першы з першых

Асветніцкая дзейнасць падчас акупацыі прымусіла яго пасля вайны шукаць паратунку ад НКВД за мяжой. Павучыўшыся на факультэце медыцыны ў Мюнхенскім універсітэце (1945-48), Кіт знайшоў сваю "амерыканскую мару" ў найбуйнейшых аэракасмічных кампаніях Штатаў.

Барыс Кіт правёў першае ў гісторыі фундаментальнае даследаванне якасцяў плыўкага вадароду, які пасля гэтага сталі выкарыстоўваць як асноўнае ракетнае паліва. У выніку стаў магчымы першы палёт чалавека на Месяц і далейшае развіццё касманаўтыкі. Дарэчы, матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц - таксама справа рук беларуса. Ягонаму аўтарству належыць першы ў гісторыі падручнік па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве “Rocket Propellant Handbook” (1960) і першае на Захадзе даследаванне па гісторыі савецкай касманаўтыкі “USSR Space Research and Development” (1964).

Даследаванні Барыса Кіта прынеслі яму вядомасць і аўтарытэт не толькі ў навуковых колах. Аднак пасады кіраўніка навуковай групы аддзела астранаўтыкі Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША (1958-63) і старшага эксперта-даследчыка Дзяржінстытута сістэмнага аналізу міністэрстваў абароны і транспарту ЗША (1968-72), а таксама ўдзел у засакрэчаных распрацоўках зрабілі немагчымым кантакты з радзінай, якая засталася на Беларусі. Хоць за ягоным заакіянскім лёсам сачылі не толькі родныя.

"Бацька, які жыў у Беларусі, распавядаў, што да яго прыходзілі з КДБ ды казалі: "Ваш сын — вялікі чалавек у Амерыцы. Ён можа смела прыехаць дадому і працаваць у СССР", — прыгадвае Кіт.

14 сакавіка 1969 г. Барыс Кіт атрымлівае пасведчанне з падзякай за выдатную працу ў Міністэрстве абароны ЗША.

Аднак магчымасць вяртання ў Савецкі Саюз вучоны нават не разглядаў.

“Тое, што я ўцёк у Амерыку — найвялікшае шчасце, бо захаваў жыццё і дасягнуў вяршынь у навуцы. Як напісаў адзін літаратар, у ЗША я трапіў у вока касмічнага ўрагану. Спаткаў найвялікшых людзей свету...” — разважае Кіт.

Ён супрацоўнічаў і сябраваў з буйнымі палітыкамі і вялікімі навукоўцамі — адным са стваральнікаў квантавай механікі Вернерам Хайзэнбергам, легендарным авіяканструктарам Вільгельмам Месершмітам, "бацькам" амерыканскай касмічнай праграмы Вернерам фон Браўнам і стваральнікам сучаснай аэрадынамікі Тэадорам фон Карманам...

На чале амерыкана-савецкага супрацоўніцтва

Мала хто ведае, што наш суайчыннік быў адным з куратараў першых савецка-амерыканскіх перамоваў у галіне касманаўтыкі.

“Першая двухбаковая сустрэча паміж СССР і Амерыкай, на якой прысутнічала група савецкіх акадэмікаў і міністраў, адбылася ў 1960-м годзе ў вашынгтонскім “Шэратон-Парк-Гатэль”. Абсалютна ніякай палітыкі там не было. Мы вялі выключна навуковую справу. Атмасфера была вельмі дружалюбнай, і я ганаруся, што быў старшынём гэтага гістарычнага сходу”, — прыгадвае Барыс Кіт.

Доўгатэрміновым вынікам тых перамоваў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай праграмы "Саюз" - "Апалон". Супраца ж дзвюх звышдзяржаў у касмічнай сферы працягваецца дасюль.

Барыс Кіт уганараваны найвышэйшымі міжнароднымі ўзнагародамі ў галіне касманаўтыкі. Імя беларуса сярод славутых навукоўцаў Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія ў Вашынгтоне. Пры гэтым ён заўжды падкрэсліваў, што “выйшаў з Беларусі, з самай беднай вёскі”, чым ганарыцца.

Грамадзянін свету, ён пражыў на Беларусі ўсяго 26 год. Аднак астаўся руплівым беларускім патрыётам і цягам усяго жыцця дапамагаў землякам і радзіме. Кіт быў сярод заснавальнікаў найбуйнейшай у ЗША беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі). Дзякуючы яго высілкам больш за 300 сямей беларускіх палітуцекачоў пераехалі за акіян. Вядомы ён і як шчодры мецэнат беларускай культуры на эміграцыі.

6 красавіка 2001 г., Франкфурт. Барыс Кіт і Васіль Быкаў

Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці Кіт тройчы пабываў на радзіме (1992, 93, 95), дзе намагаўся закласці нацыянальны ўніверсітэт еўрапейскага кшталту. На жаль, ягоныя намеры былі далёкія ад планаў кіраўніцтва Беларусі. Балазе, у Навагрудку слыннаму земляку ўсё ж надалі тытул Ганаровага жыхара горада, а ў 2008 годзе там адбылося адкрыццё ягонага музея. Музей пры жыцці - выключная для Беларусі з’ява. Асабліва, калі ідзецца пра палітэмігранта, чыё імя доўгія дзесяцігоддзі было на радзіме ці не пад забаронай.

“Самае важнае — чыстае сумленне”

У 1972 годзе, пасля сыходу на пенсію, Барыса Кіта запрасілі выкладаць у Нямеччыну. Выбітны навуковец, які свабодна размаўляе на сямі мовах, скалясіў з лекцыямі ўвесь свет, а апошнія 36 гадоў жыве ў сціплай аднапакаёвай кватэры ў Франкфурце-на-Майне.

Барыс Кіт выгадаваў двух сыноў. Старэйшы Уладзімір (Уолтар) пайшоў па слядах бацькі ды дасягнуў высокай пасады ў галаўным офісе амерыканскага аэракасмічнага агенцтва NASA. "Апроч гэтага ён быў вялікім патрыётам Беларусі. Першакласна гаварыў па-беларуску, і калі ў 1968 годзе прывёз у Мінск амерыканскую архітэктурную выставу і загаварыў на "мове", усе былі ў шоку", — распавядае Барыс Кіт. На жаль, у лістападзе 2010-га Уолтар Кіта памёр ад раку.

Размяняўшы 100-гадовы юбілей, "першы беларус у свеце" захоўвае добрую фізічную форму і ясную памяць — сам сябе абслугоўвае, штодня ходзіць з сяброўкай на шпацыр, робіць гімнастыку і ўпарадкуе архівы, якія плануе перадаць на радзіму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)