Общество
Улад Швядовіч, «Наша Ніва», фота Сяргея Гудзіліна

Як баксёр, наркаман, рэцыдывіст стаў баптыстам

Мінскі хлопец Руслан Мірзоеў набыў вядомасць пару гадоў таму як аўтар аматарскіх дакументалак «Хронікі раёна». У іх без купюраў было паказана жыццё і ўмовы працы рабочых МАЗа.

На МАЗе ён адбываў «хімію», пасля трапіў у калонію — і знік з усіх радараў. «Наша Ніва» пацікавілася, чым сёння жыве 28-гадовы Мірзоеў і ўвогуле — як складаўся яго пакручасты лёс.

Пацан з раёна

Руслан нарадзіўся ў Оршы. Яго маці — беларуска, бацька — азербайджанец. Праўда, бацька ў лёсе хлопца ўдзелу не браў. «Ён рэцыдывіст, увесь час сядзеў у Расіі», — кажа Руслан.

Маці працавала галоўным бухгалтарам. Зарабляла дастаткова. Жылі не багата, але і без праблем з грашыма.

Автору «Хроник района» Руслану Мирзоеву дали год колонии

«У школе я быў трохі буйнейшы за іншых дзяцей. І яны бачылі ў маёй асобе нейкую канкурэнцыю ці што... Але калі я мог даць адпор аднакласніку, дык на наступны дзень прыходзілі «старшакі», лавілі мяне і білі. Я шмат атрымліваў па твары ў сваім маленькім гарадку. У мяне заўсёды было жаданне адпомсціць», — узгадвае Руслан.

Калі Мірзоевы пераехалі ў Мінск, хлопец пайшоў у 7 клас. Гісторыя са збіццём паўтарылася.

«Я быў моцны, але не хапала смеласці даць здачы. Можа, таму, што не было ані бацькі, ані старэйшага брата, каб яны заступіліся? Я заўсёды баяўся, што мяне гуртам будуць збіваць»,— прызнаецца Руслан.

Каб нарэшце адпомсціць сваім крыўдзіцелям, ён запісаўся на бокс. Пачало атрымлівацца.

«Я пачаў хадзіць па сваім раёне і біць усіх запар. Дамогся пэўнай папулярнасці, можна сказаць, — пасміхаецца Руслан. — Трохі падрос. У мае 17 гадоў у нас быў рэп-гурт «Курасоўшчынскае гета», мы таксама білі іншых рэпераў — заваёўвалі аўтарытэт. Тут быў гай — цяпер яго высеклі, пабудавалі раён Брылевічы — мы збіраліся там, рабілі імправізаваны рынг, біліся на ім».

Па словах Мірзоева, яны з сябрамі былі тыповымі пацанамі з раёна. На тых, хто ездзіў тусавацца ў цэнтр, глядзелі як на ворагаў. Калі Руслан быў яшчэ малы, Курасоўшчына «ваявала» з Малінаўкай.

Калі ён падрос, гэтае супрацьстаянне ўжо сціхла. Цяпер ворагаў можна было знайсці і «на сваім раёнчыку». Курасоўшчына дзялілася на дзве часткі: «Ландара» і «Пцічнік». Руслан жыў у «Птушніку», але быў за «Ландара».

«Аднойчы мы сабралі тут дзвесце чалавек, хацелі ўламіць «Птушніку», — узгадвае з усмешкай Руслан.

Боксам Руслан займаўся паспяхова — 11 клас ён сканчаў ужо ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, яго нават рыхтавалі на чэмпіянат свету. Спорт і пацягнуў Руслана за сабой — вось толькі не ўверх, а ўніз.

Наркаманам зрабіла падарожжа ў Марока

Руслан кажа, што яго сябры-рэперы курылі «траву», але не ён — Мірзоеў быў спартоўцам, не піў нават піва.

«Але я паехаў на юніёрскі чэмпіянат свету ў Марока ў складзе зборнай. Там фактычна на кожным рагу прапаноўвалі танны гашыш. І ў нашай камандзе былі людзі, якія курылі. Яны расказвалі свае ўражанні. Я падумаў, што гатовы паспрабаваць, пакурыў перад баямі... і прайграў іх. Трэнер быў у шоку, — узгадвае Руслан. — А я і не задумаўся, што могуць быць наступствы, калі курыў. Думаў, што я супермоцны. Весяліліся разам з таварышам. Дарэчы, яго ўжо забілі — патапілі тут у рацэ, хутчэй за ўсё, бо не аддаў пазыку за наркотыкі. Мы з ім былі найлепшымі сябрамі, ён баксіраваў у лёгкай вазе, я ў суперцяжкай, такія слон і Моська...»

Трохі гашышу Руслан прывёз з сабой у Беларусь. Пачаў сам курыць, прадаваць... Трэнер перастаў мець з ім зносіны, але Руслана гэта ўжо не надта цікавіла: «З’явіліся грошы, было весела. Рэп-дзвіжуха, нарката, тусоўкі... Спачатку лёгкі «допінг», потым цяжкі — мак, амфетамін, вінт....»

Пачалі з’яўляцца судзімасці: за хуліганства, цялесныя пашкоджанні. «Я працягваў быць баявым гангстарам», — пасміхаецца Мірзоеў.

Першую «хімію» Руслан атрымаў у 20-гадовым веку. Год адбываў у Крупках — працаваў у фізкультурным комплексе падсобнікам. Але не сказаць, каб «хімія» паспрыяла выпраўленню Руслана. «Я там штодня піў: і гарэлку, і «чарніла», — кажа ён.

Пакуль Руслан быў на «хіміі», у яго нарадзілася дачка. Ён вярнуўся дамоў, калі маленькай Сафіі было паўгода. Мірзоеву быў 21 год. Маці яго дачкі — 19.

«Мы не ажаніліся, хоць і паспрабавалі жыць разам. Але... Яна была маладая, з мяне бацька быў аніякі, бо я вярнуўся да звычайнага ладу жыцця: сябры, рэп, тусоўкі... Неўзабаве я даведаўся, што дзяўчына мне здрадзіла... Гэта быў сур’ёзны ўдар па маім гонары», — кажа ён.

Руслан шукаў працу. Але «ўсплыў знаёмы барыга», які прапанаваў хлопцу гандляваць.

«Я пагадзіўся. Грошай было шмат, але яны лёгка прыходзілі і лёгка сыходзілі — у сям’ю я асабліва нічога не прыносіў, а часам і не хапала на жыццё зусім»,— распавядае Мірзоеў.

У выніку Мірзоеў зноў стварыў сам сабе праблемы: грошы скончыліся, і ён не прыдумаў нічога лепшага, як адабраць ноччу ў жанчыны сумачку. На гэты раз Руслан трапіў на 5 гадоў «хіміі». Спачатку працаваў у Заслаўі падсобнікам на пілараме. Потым яго накіравалі на МАЗ сантэхнікам. На той час ён ужо прыйшоў у таварыства ананімных наркаманаў — вырашыў узяць сябе ў рукі. Два гады Руслан правёў у цвярозасці. Распісаўся з дзяўчынай, спрабаваў наладзіць жыццё.

Відэаблогер з завода

На МАЗе хапала смешных момантаў, узгадвае Мірзоеў. Да таго ж у той час вельмі папулярныя былі самаробныя відэа ў інтэрнэце: «+100500», «Наркаман Паўлік»...

«Ну, вось і я вырашыў паздымаць сваё. У мяне не было мэты выклікаць грамадскую рэакцыю ці паказаць, як дрэнна жыве наша дзяржава... Я хацеў зняць вясёлае відэа, ды і ўсё. Пра тое, што могуць быць праблемы, у мяне ці маіх калег, я не думаў»,— паціскае плячыма Руслан.

Ён змантаваў ролік, выклаў на сваёй старонцы Укантакце. Неўзабаве відэа набыло папулярнасць сярод рабочых МАЗа, дайшло да начальніка цэха. Адбыўся скандал. Хлопца прымусілі выдаліць відэа з інтэрнэту. Супрацоўнікі аховы завода нават ездзілі да яго дамоў, сачылі, каб ён знішчыў відэазапісы.

Руслан падумаў, што, пакуль ён на «хіміі», відэа можа яму пашкодзіць і падпарадкаваўся. Праўда, выдаліў толькі змантаваныя ролікі — зыходныя матэрыялы на ўсякі выпадак пакінуў.

А праз год, калі Мірзоеў перавёўся ў іншы цэх, ён вырашыў ізноў выкласці ў сеціва свае відэазапісы. Вось тады яны і набылі сапраўдную папулярнасць. Пачалі званіць журналісты.

«На працы мне сказалі, каб я прыйшоў да начальніка цэха. Прыйшоў. Там ахоўнікі: «Ты ж пакляўся, што ўсё выдаліў!?» Ну, я адказваю: «Падумаў, што такі добры матэрыял, чаму б не выкласці зноў...» — смяецца Руслан.

Відэа разышлося ў Байнэце. Руслан прыцягнуў увагу, і за ім пачалі сачыць пільна. Ён сам прызнае, што меў рэгулярныя парушэнні «хатняй хіміі»: прыходзіў дамоў не ў час, мяняў працу, не паведаміўшы міліцыі. Плюс начальства парэкамендавала звольніцца з МАЗа па ўласным жаданні, што Мірзоеў і зрабіў.

З працай узніклі праблемы — ніхто не хацеў з ім звязвацца. Сталае месца знайсці не ўдавалася.

«Я хацеў працаваць — была ж сям’я, — але нічога не мог адшукаць. Куды ні пойдзеш — паўсюль правал, паўсюль мінус. І тут якраз два гады маёй цвярозасці ў «Ананімных наркаманах», я атрымліваю медаль і на наступны дзень зрываюся ў жорсткі загул з таварышам. Я быў на прытоне, і гэта было жорстка... Я не хацеў сядзець на наркаце, усім нутром адчуваў гэта, але нічога не мог зрабіць».

На той момант Руслан ужо ведаў, што зноў сядзе за краты. За парушэнні паперы па справе Мірзоева перадалі ў суд. Першае пасяджэнне перанеслі: Мірзоеў на яго проста не прыйшоў.

«Я сыйшоў у «коліва». Думаў так: спартсмен з мяне не выйшаў, рэпер — таксама... Да таго ж садзіцца ў турму. Таму — памру, дык памру», — кажа Руслан. Яго не маглі знайсці — сам ён кажа, што быў «на прытонах». Але перад наступным судом, сцвярджае Руслан, здарыўся цуд.

«Мая жонка ўбачыла сон: дзе я, з кім, нават чым займаюся. Яна прыйшла ў той дом. А я якраз спускаўся па лесвіцы з ноўтбукам пад пахай — сябар прынёс, мы вырашылі закласці і ўзяць наркаты. Я ішоў і думаў: «Акей, загонім ноўт, і я пастаўлю сабе такую дозу, каб мне вырвала галаву». І раптам сутыкнуўся з жонкай».

Руслан лічыць, што жонку па яго паслаў Бог. Бо жонка змагла пераканаць яго паехаць у суд. І ён падпарадкаваўся.

Адпачыў у калоніі

На судзе Руслан атрымаў год. Праз Валадарку і жодзінскае СІЗА трапіў у «Віцьбу», калонію ў Віцебскай вобласці.

«Я там адпачыў. Сядзелася — во! — Руслан паказвае вялікі палец. — Да зняволеных ставіліся нармальна. Я працаваў санітарам у псіхіятрычным аддзяленні».

«Блатнога» руху сёння на зоне няма, — кажа Руслан. — А я сам ніколі не захапляўся крымінальнай рамантыкай. Нават калі на раёне вызваляліся з турмы «аўтарытэты» і пачыналі пантавацца, што вось, ён сядзеў, то ў мяне гэта выклікала сарказм. Я не слухаў, што мне казалі пра нейкіх там «аўтарытэтаў» — а калі ўзнікалі праблемы, то проста іх біў».

Падчас тэрміну Мірзоеў ізноў заняўся спортам. Пачаў сачыць за сабой, аднавіў форму. Нават выйграў мясцовыя спаборніцтвы па сілавым экстрыме.

«Бог мяне падыме»

Пакуль Руслан сядзеў, яго жонка знайшла іншага, падала дакументы на развод. Што рабіць далей, ён не ведаў.

«Я вярнуўся ў баксёрскую залу. Правёў трэніроўку, адчуў сабе супермоцным: я баксірую з маладымі, мне лёгка, мне крута. Ну, думаю, усё: вярнуся ў прафесійны бокс, зараблю грошай! Ну і на радасцях наступны дзень я сустрэў на прытоне... — расказвае Руслан. — Падумаў, што калі я такі моцны, то можна трохі і расслабіцца».

Мірзоеў кажа: далей з ім адбывалася проста страшнае, нібыта памуціўся розум. Ён кідаўся па раёне, шукаючы дозу. І калі прыйшоў дадому, яго маці, верніца баптысцкай царквы, сказала: «Усё, паехалі ў хрысціянскі рэабілітацыйны цэнтр».

Руслан пагадзіўся.

«Я прыйшоў, яны там маліліся, і я падумаў: ну добра, фанатыкі, можа, і мне чымсьці гэта дапаможа... Мне ўжо жыць не хацелася, я разумеў, што мяне трэба ратаваць. Пачаў шчыра маліцца... і адбылося маё перараджэнне, — узгадвае Мірзоеў. — Раней я ненавідзеў любую рэлігію, з пагардай ставіўся да вернікаў. Называў іх сектантамі. Быў самым зацятым антыхрыстам і ненавіснікам Хрыста. А цяпер — я прыхільнік Хрыста і ягоны раб».

Мірзоеў кажа, што ўсвядоміў там грахоўнасць жыцця, пакаяўся. І адчуў лёгкасць, вызваленне ад сваёй залежнасці.

Руслан пачаў наведваць баптысцкую царкву. Знайшоў працу — уладкаваўся спачатку грузчыкам, потым — на пілараму да знаёмага. Знайшоў дзяўчыну, таксама верніцу, пабраўся з ёй шлюбам. Нядаўна ў іх нарадзіўся сын.

«Назвалі Мацеем, — кажа Руслан. — Гэта значыць «Божы дар».

Пра спартовую кар’еру Мірзоеў не шкадуе. Як не шкадуе і пра сваю былую папулярнасць відэаблогера. Цяпер кажа, што калі і вернецца да відэаблогаў, то гэта будзе абавязкова звязана з рэлігіяй: «У жыцці няма сэнсу, акрамя спазнання Бога».

Ізноў сарвацца Руслан не баіцца: «Калі я буду верыць у Бога, гэта можа і не ўберагчы мяне ад памылкі. Але калі я спатыкнуся— Бог мяне падыме»,— кажа Руслан.