Выборы-2020

Як Алег Румо агітаваў за Лукашэнку: «Калі муж і жонка атрымліваюць па 400 рублёў, хапае, каб здымаць кватэру»

Давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі распачалі серыю агітацыйных сустрэч з насельніцтвам. Увечары ў аўторак у мінскую школу №115 да народа прыехаў вядомы трансплантолаг і сенатар Алег Румо, піша Наша Ніва.

На працягу паўгадзіны ён распавядаў, як яму жылося пры цяперашняй уладзе, чаго дасягнула айчынная медыцына і чаму нават Ісус Хрыстос не вырашыць праблемы беларусаў.

Сустрэча хутчэй нагадвала адкрыты ўрок — з загадзя падрыхтаванай аўдыторыяй і пытаннямі. Не па плане быў толькі прыход «не сваіх» людзей.

Фотаграфа «Нашай Нівы» хацелі нават вывесці пасярод мерапрыемства, але заступіўся Румо: «Не перашкаджайце, няхай чалавек фатаграфуе. Яна мне пасля здымкі дашле паглядзець», — пажартаваў доктар.

Паслухаць яго у актавай зале сабралася каля 80 чалавек. Пераважна жанчыны.

Сваю прамову Алег Румо пачаў з тлумачэння, чаму прыняў запрашэнне стаць даверанай асобай прэзідэнта. Згадаў уласную гісторыю з 90-х (у духу тых, што апошнім часам расказвае Лукашэнка).

«Так выйшла, што я і мая жонка скончылі Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут у 1993 годзе. Уся мая прафесійная кар’ера прайшла ў сучаснай Беларусі і адбывалася ў момант, калі прэзідэнтам быў Лукашэнка. Я цудоўна памятаю, калі мы, маладыя спецыялісты, прыйшоўшы на працу, атрымалі заробак па 7 даляраў і знялі кватэру за 15.

Я цудоўна памятаю, як у 1994 годзе было вялікай удачай раздабыць пачку памперсаў. Таму калі я чытаю сёння пра тое, што ў тым годзе жылі вельмі добра, краіна была шчаслівая, я дзіўлюся».

Трансплантолаг прызнаецца, што, калі першы раз абіралі Лукашэнку, ён не быў цалкам за яго. Але з часам меркаванне змянілася.

«Я бачыў, што ў нас няма ні войн, ні голаду, ні ўзрушэнняў. Канчаткова мая свядомасць змянілася, калі ў краіне нарэшце з’явіліся грошы і яны былі накіраваны на мадэрнізацыю аперацыйных блокаў бальніц», — адзначыў ён.

Доктар пералічыў дасягненні беларускай медыцыны — вырасла працягласць жыцця, маем сучаснае абсталяванне ў цэнтрах, да нас едуць вучыцца.

«І жыхары суседніх краін, нашмат больш дэмакратычных, якія змянілі не аднаго прэзідэнта, просяцца да мяне ў цэнтр на лячэнне», — падкрэсліў Алег Румо.

Закрануў ён і тэму каранавіруса. А дакладней, перамогі над ім — у гэтай вайне, прынамсі на першым яе этапе, Беларусь дала рады хваробе, упэўнены доктар.

«Вы бачыце, што ніхто нам з вамі не дапаможа. Краіны аднамомантава закрыліся. Больш за тое, краіны-суседкі выслалі нашых студэнтаў, якія там вучыліся», — казаў трансплантолаг. На фоне адпраўкі гуманітарнай дапамогі ў Беларусь з Літвы і Кітая, чатырох дзясяткаў фур з лекамі і тэстамі, высланымі Польшчай, гэтыя словы гучалі дзіўна.

«Што б было, калі б у 2006-м, 2010-м мы не выбралі нашага прэзідэнта?» — задаўся пытаннем Алег Румо.

Ён сам на працягу многіх год развіваў транспланталогію ў Беларусі і ведае, як цяжка будаваць штосьці новае. Доктар анансаваў таксама, што ў найбліжэйшыя пяць год узвядзе два суперсучасныя будынкі: адзін плануецца за кошт бюджэтных сродкаў, а другі — за грошы, заробленыя самім РНПЦ.

«Разумею: вельмі хочацца штосьці памяняць. А потым усё жыццё шкадаваць будзеш, што зрабіў гэта. Я нікому не збіраюся і не магу дыктаваць, што вам рабіць 9 жніўня. Я проста вельмі хачу, каб у гэтым вялізным інфармацыйным шуме, дзе ідзе сапраўдная сур’ёзная палітычная барацьба, дзе ідуць на ўсе хітрыкі, каб даказаць сваю пазіцыю, вы не паддаліся, а паслухалі сваё сэрца і прынялі правільнае рашэнне», — закончыў Румо прамову.

У аўдыторыі было ўсяго пару пытанняў. Задавалі іх настаўніцы. Адна пацікавілася, як вырашыць праблему з жыллём для маладых спецыялістаў.

«Да нас таксама прыходзяць маладыя спецыялісты. Мы таксама на дзяржаўным забеспячэнні. Мы не можам пабудаваць арэндны дом для іх, хаця я вельмі хацеў бы. Як можам, б’емся за інтэрнаты. Мы не забараняем гэтым людзям працаваць дадаткова», — адказваў доктар.

Ён дадаў, што ў нас ёсць праграма будаўніцтва арэнднага жылля. А таксама ўстаноўка ў найбліжэйшую пяцігодку павысіць заробак медыкам і настаўнікам у два разы.

«Гэта пстрычкай не робіцца. Заўтра гэтых грошай не будзе. Прызначце хоць Ісуса Хрыста, ён не зможа забяспечыць адразу высокі заробак і жыллё для ўсіх», — парыраваў Румо.

Малады чалавек, які прыйшоў на сустрэчу па сваім жаданні (і ледзь паспеў, кажа, бо аб’яву пабачыў толькі сёння пасля абеду), пацікавіўся: колькі год яшчэ чакаць, каб усе абяцанні збыліся?

Алег Румо ад прамога адказу сышоў. Адзначыў, што цяпер людзям не так цяжка выжываць, як у 90-я. Нават калі муж і жонка атрымліваюць па 400 рублёў.

«400 і 400 — гэта 800. Хапае, каб здымаць кватэру. Яшчэ ёсць, на што траціць грошы».

Пасля гэтых слоў прысутныя пачалі перашэптвацца.

«Бачыце, людзі смяюцца, калі вы такое кажаце», — заўважыў малады чалавек.

Выступоўца не пагадзіўся: народ проста абмяркоўвае пачутае, гэта нармальна. А настаўніца з суседняга крэсла ціха адрэагавала: «Вы хочаце, каб нам і смяяцца забаранілі? Дык яны забароняць».

«Беларусь не ідэальная краіна. Мы не жывём, як у Аўстрыі, у нас няма такіх рэсурсаў, — працягваў Алег Румо. — Я стараюся пераканаць, што заўтра лепш не стане [пры змене ўлады]. Будзе горш, я ў гэтым упэўнены».

Яшчэ адно пытанне ад настаўніц тычылася страхавой медыцыны. Ці не варта яе ўвесці? «А то некаторых не запісаць у паліклініку, а пасля шмат праблем са здароўем», — наракала жанчына на безадказнасць асобных грамадзян.

«Падыміце рукі, хто добраахвотна застрахаваўся? — звярнуўся да прысутных доктар. Паднятых рук не было. — Вось адказ на ваша пытанне. Сёння ўцягнута ў страхаванне толькі 200 тысяч чалавек. Думаю, беларусам гэта яшчэ не патрэбна. Але дакладна адказаць мне складана. Калі рабіць па-расійску — мой адказ «не». Калі па-нямецку — мой адказ «так». Але, як атрымаецца ў нас, невядома».

Зрэшты, доктар пагадзіўся, што пэўныя змены ў медыцыне патрэбныя.

«У нас 10% людзей не вылазяць з паліклінік, а астатнія гадзінамі сядзяць і не могуць атрымаць талончык. Так не павінна быць».

У канцы сустрэчы Румо яшчэ раз нагадаў, што выбар 9 жніўня трэба рабіць абдумана.

«Тое, што мы будавалі дзесяцігодзямі, вельмі лёгка страціць».

Аўдыторыя хутка пусцела.

«Мой сын сказаў, што ніколі не пойдзе працаваць у бюджэтную арганізацыю», — кінула на выхадзе адна жанчына другой. Відаць, на сустрэчу варта было паклікаць дзяцей, а не бацькоў, каб пераконваць, як шмат яны губляюць ў пагоні за свабодай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.1(100)