Як актывісты «Гавары праўду!» на Акрэсціна выбары байкатавалі
У Менску агітацыйную кампанію за байкот выбараў ўлады спрабавалі спыніць ў тым ліку праз рэпрэсіі. Як меней тры агітатары за байкот дагэтуль застаюцца на Акрэсьціна.
25 верасьня з ізалятару на Акрэсьціна выйшлі актывісты Зьміцер Крэмянецкі, Ягор Віняцкі і браты Аляксей і Андрэй Дварэцкія. Актывіста «Гавары праўду!» Крэмянецкага, які ўдзельнічаў у кампаніі байкоту, затрымалі 21 верасьня на вуліцы, абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і расьпіцьці сьпіртных напояў ды пасадзілі на Акрэсьціна на 5 сутак. Трыма днямі раней падчас пікету за байкот выбараў быў затрыманы Ягор Віняцкі, якому далі 7 сутак арышту. Браты Дварэцкія за расклейваньне ўлётак з заклікамі да байкоту за дзень да выбараў атрымалі па 3 дні арышту.
Зьміцер Крэмянецкі, якому я дазваніўся хутка пасьля ягонага вызваленьня, быў з тэмпэратурай болей за 38 градусаў. Распавёў, што зараз на Акрэсьціна вельмі холадна: ноччу тэмпэратура ў камэрах апускаецца да амаль 10 градусаў, бо ацяпленьня няма.
— Мне перадалі спальнік, але ўсё роўна я мёрз, — кажа актывіст. Не гледзячы на рызыку атрымаць дадатковыя суткі Крэмянецкі, а таксама Павал Вінаградаў і Аляксандр Арцыбашаў падчас выбараў адмовіліся галасаваць. Байкатавалі выбары і вязьні тых камэр, дзе яны сядзелі. Зьміцер Крэмянецкі распавёў пра выбары на Акрэсьціна.
— У нядзелю з раніцы да нас ў камэру зайшоў супрацоўнік ізалятару і запытаўся, ці пойдзем галасаваць. Я адказаў, што нашая камэра ўся за байкот. Астатнія вязьні гэта пацьвердзілі. Тады пачалі па аднаму выводзіць з камэры і пытацца, але ўсе зноў адмовіліся. Мяне вывялі апошнім і падвялі да дзядзькі ў акулярах, якія сядзеў побач з гэтай урнай для галасаваньня. Я зноў адмовіўся і ён загадаў вярнуць мяне ў камэру. Потым я даведаўся, што тое ж самае было ў камэры, дзе сядзелі Вінаградаў і Арцыбашаў. Увечары нас трох, мяне, Вінаградава і Арцыбашава вывелі на вуліцу і далі венікі, загадалі месьці двор. Мы адмовіліся і на нас склалі пратакол за непадпарадкаваньне. Сказалі, што на падставе такога пратаколу начальнік установы можа асабіста дадаць кожнаму па 5 сутак. Але я вось сёньня выйшаў – усё абышлося.
Паводле Зьмітра Крэмянецкага ў ягонай камэры было яшчэ 3 чалавекі – ўсе далёкія ад палітыкі. Агітаваць іх за байкот выбараў не давялося, кажа Зьміцер.
Паводле праваабаронцы з «Вясны» Насты Лойкі ўсяго ў Менску за час кампаніі байкоту выбараў былі затрыманыя 8 чалавек, зь іх 7 – арыштаваныя і аднаму далі штраф. Зараз на Акрэсьціна працягваюць сядзець актывісты байкоту Павал Вінаградаў, які мусіць выйсьці ў нядзелю, 30 верасьня, Аляксандр Арцыбашаў, які выйдзе на два дні раней і актывіст руху «Разам» Аляксандр Макаеў. Ён мусіць выйсьці на волю ў суботу. 29 верасьня.
Праваабаронца Наста Лойка адзначае асаблівасьці дзеяньняў сілавікоў супроць актывістаў падчас выбарчай кампаніі.
— Мы адсочваем дастаткова цікавыя тэндэнцыі. Калі раней прыцягвалі да адказнасьці звычайна за дробнае хуліганства, то зараз большая частка актывістаў асуджаная за ўдзел ў масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне. А гэта, скажам так, ўжо іншае, бо там не патрабуецца сьведкаў з іншых людзей, а дастаткова сьведкаў-міліцыянтаў. То бок яны цалкам адказнасьць за гэтую хлусьню бяруць на сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное