«Яе сыход — гэткая ж загадка, як загадка сыходу Купалы»
Выбітнай паэтцы Яўгеніі Янішчыц 20 лістапада споўнілася б 75 год. Яна сышла з жыцця вельмі рана — у сорак гадоў, але пакінула пасля сябе дзівосны паэтычны свет сваіх непаўторных вершаў.
Уладзімір Някляеў напісаў кранальныя словы з нагоды дня нараджэння сваёй сяброўкі і калегі па пяру.
— 75 гадоў Яўгеніі Янішчыц. Жэні...
Не ўяўляю яе ў такім узросце...
Яна ўмела хадзіць, не кранаючыся зямлі. У 75 такое, пэўна, немагчыма.
Ці не таму загадзя сыйшла?
Яе сыход — гэткая ж загадка, як загадка сыходу Купалы. Трагічны выпадак?.. Сама?.. Скінулі?.. Яго з дзесятага, яе з восьмага паверха...
З высокага.
Яна высока жыла.
Для таго, каб скінуцца самой, не было прычын. Ніякіх. Любімы сын. Новая кніга. Новая, толькі што займетая, кватэра, у якой усяго пяць дзён таму разам з уваходзінамі справіла дзень народзінаў...
Саракавы.
Можа, не трэба было спраўляць? Бо саракавы дзень – саракавіны. І кепская прыкмета – святкаваць саракавы год.
Але так хацелася свята! Пасля паўпадвальнага жытла на Ульянаўскай, пасля страчанага кахання, пасля ўсіх адзінотна-цёмных начэй...
У той дзень я спытаў, чаму яна ўзяла прозвішча не бацькі, а першага мужа маці? Расстралянага немцамі. «Бо маці расказвала, як ён маліўся на яе! Якое было ў іх каханне! І я хацела, каб такое было ў мяне...»
Думаю, гэта верш, які яна не напісала. Напісаўшы: «Расстралянаму прозвішчу абяцаю жыццё». Таксама някепска, але...
Гэтакіх «але» было нямала. Але такі быў час. І паспрабуй яму супрацьстаяць, калі йдзеш, не кранаючыся зямлі.
Суровы век. Сталёвы скрыгат спрэс.
I ўсё ж не згаслі,
Узышлі прароча
Над лёсам веку
вочы паэтэс —
I вочы Анны, і Марыны вочы.
Пранізваючы цемру аблачын,
Яны гараць на даляглядах сцюжных.
Паэзія — занятак для мужчын.
I для жанчын. Паэзія — для мужных.
Яна не чалавечы — божы знак,
Які гартуе душы трапяткія.
Дай бог так мужна жыць,
Памерці так,
Як мужна памірала Еўдакія.
I калі гром нябёсы скалане,
Глыбінь зямных спасцігну прыцяжэнне,
Не свечку вы пастаўце —
Келіх мне,
Каб мог падняць і ў цёмнай старане
Яго за вас,
Таіса, Рая, Жэня...
Гэты верш з таго часу, калі ўсе мы былі маладыя – і калі ўсіх іх я любіў. І ні ў якім сне прысніць не мог, што не яны па мне, а я па кімсьці з іх буду ставіць свечкі...
Цяпер надзея толькі на Раю. На Раісу Баравікову, з якой яшчэ нядаўна танцавалі мы танга ў метро…
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное