«Я ведаў, што са мной разьлічацца, але ніколі не баяўся»

Грамадзкі актывіст зь Бешанковіцкага раёну, настаўнік нямецкай мовы Георгі Станкевіч атрымаў папярэджаньне, што на наступны навучальны год кантракт зь ім не працягнуць.

Георгі Станкевіч распавёў, што пра непрацягненьне кантракту даведаўся не на працоўным месцы, а проста на Бешанковіцкім кірмашы, дзе гандляваў вырашчанай на ўласным падворку бульбай:

«Вось стаю я і прадаю сваю бульбу. Падыходзіць дырэктарка школы: «Трэба падпісаць тут адну паперчыну». Давайце, кажу. Яна мне тыц пад нос: «Азнаёмцеся…» Ну, я і падпісаў. Дзякуй вам, кажу, вялікі. Людзі мне спачуваюць, шкадуюць, ай-яй-яй… А я кажу, што нічога такога страшнага не адбылося. Я быў да гэтага маральна і ўсяляк інакш гатовы».

Актывіст кажа, што да магчымага звальненьня маральна падрыхтаваўся яшчэ ў часе мінулых мясцовых выбараў. Балятуючыся ў Бешанковіцкі райсавет, ён адчуў неабыякавасьць да сваёй асобы з боку раённага кіраўніцтва першым разам яшчэ тады, калі выбарчая камісія забараніла трансьляваць ягоны зварот да выбарцаў празь мясцовае радыё.

У радыёвыступе настаўнік Пяцігарскай сярэдняй школы распавядаў пра рэаліі ўласнага жыцьця — да прыкладу, пра свой настаўніцкі заробак, які настолькі малы, што даводзіцца трымаць гаспадарку, каб неяк выжыць. Трансьляваць ягоную прамову дазволілі толькі пасьля ўмяшаньня Цэнтравыбаркаму.

Другім выпадкам ціску на актывіста стаўся судовы працэс за распаўсюд самвыдатаўскай газэты «Крывінка», якую Георгі Станкевіч выдае накладам 299 паасобнікаў за ўласныя сродкі. Суд вырашыў, што выдавец парушае парадак распаўсюду пэрыядычных выданьняў, і аштрафаваў яго на 700 тысяч рублёў.

Георгія Станкевіча, як ён кажа, не спалохала і гэта: менавіта ў «Крывінцы» ён зьбіраецца распавесьці землякам пра акалічнасьці свайго звальненьня:

Я вочы людзям адкрываю на тое, што ў раёне робіцца, а то яны думаюць, што ніхто нічога не заўважае ...

«Вось часу зьявіцца больш, калі з бульбай крыху разьбяруся. Дык я тады прайду па ўсіх інстанцыях, да старшыні аддзела адукацыі зайду, да старшыні райвыканкаму. Зьбяру ўсю інфармацыю і ў «Крывінцы» буду друкаваць. У мяне ж сьпіс прафэсійных дасягненьняў нашмат большы, чымсьці пералік хібаў, якія мне прыпісваюць. Хібы — гэта ўдзел у выбарах і «Крывінка». Дык якія ж гэта хібы? Я вочы людзям адкрываю на тое, што ў раёне робіцца, а то яны думаюць, што ніхто нічога не заўважае. І людзі падыходзяць, пытаюцца, калі ўжо наступны нумар, і чытачоў маіх усё большае».

Настаўнік нямецкай мовы Георгі Станкевіч у 2006-м годзе быў другім у раённым конкурсе «Настаўнік году», у 2007-м яму ўручылі грамату за добрую працу, у 2008-м і 2009-м гадах кіраўніцтва адзначала ягоныя дасягненьні ў спартовым выхаваньні вучняў. І тым ня менш апошні кантракт зь ім заключылі ўсяго на год, тым часам як з астатнімі настаўнікамі — на пяць гадоў.

Актывіст разумеў, у чым разьлік кіраўніцтва. Але кажа, што ні тыя захады, ні цяперашнія наступствы яго не палохаюць:

«Такім чынам на мяне не накінуць аброць. Гэта жонка ў мяне ўсё дужа эмацыйна ўспрымае. Яна робіць санітаркай у шпіталі, аклад 300 рублёў. Сын у мяне ўжо вялікі, будзе вучыцца ў выпускной клясе. Ну, я трымаю кароў, буду болей бульбы сеяць ды жыць далей. Так што з голаду я не памру, а змагацца буду да апошняга».

Георгі Станкевіч, апрача іншага, піша вершы і песьні, ён браў удзел у праекце «Барды Свабоды». Цяпер, маючы больш часу, ён мяркуе выкарыстоўваць свае літаратурныя здольнасьці яшчэ й дзеля супрацоўніцтва з незалежнымі выданьнямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)