Общество

«Я ўжо не патрабую нават выканання санітарных нормаў, законных бытавых умоваў, належнага харчавання»

Палітвязень Зміцер Дашкевіч напісаў ліст у Генеральную пракуратуру у сувязі з некарэктным і абразлівым стаўленнем з боку адміністрацыі СІЗА-8. «Салідарнасць» публікуе яго цалкам.

«Прашу Вас правесці праверку ў Следчым ізалятары №8 па фактах некарэктнага і абразлівага стаўлення з боку адміністрацыі СІЗА-8 да асобаў, каторыя ўтрымоўваюцца пад вартаю.

Так, 8 чэрвеня бягучага года, па маім прыездзе ў Следчую турму, маёр, каторы прымаў этап асуджаных, патрабаваў ад мяне стаяць перад ім, не проста склаўшы рукі за спіною, але склаўшы іх за спіною і трымаючы ў іх торбы, з якімі я прыехаў. Я адразу не зразумеў нават, што ад мяне хочуць. Думаю, пэўна і Вы не зразумееце як можна выканаць такі загад, калі чалавек прыехаў у турму з дзьвюма торбамі па кг 20 кожная? Што трэба мець у розуме, каб патрабаваць ад асуджанага ўзяць у рукі дзьве такія торбы і трымаючы іх скласці рукі за спіною? І як “афіцэр”, каторы прадстаўляе адміністрацыю СТ-8 уяўляе выкананне такога патрабавання?

Калі ж я патлумачыў тав. Маёру, што не магу ўзяць такія торбы і трымаць іх нейкім акрабатычным чынам за спіною, да мяне падбег іншы супрацоўнік адміністрацыі, каторы махаючы перада мною дубінкаю “даводзіў”, што я мушу выконваць г-зв. “законныя загады адміністрацыі”. Я на гэта адказаў, што не з’яўляюся падследчаю абез’янкаю і паводжу сябе паводле правілаў.

Пасля такога адказу, які, мабыць, здаўся начальству дзёрзкім, маёр прыгразіў мне фізічнаю расправаю, назваўшы чамусьці мяне “кучаравым”. Мажліва, што супрацоўнікі СТ-8 негатыўна адносяцца да габрэяў, хаця я, на жаль, прадстаўнікоў абранага народу ў сваім генеалагічным дрэве, пакуль, не знайшоў. У любым выпадку, пракурорская праверка мусіць звярнуць увагу і на тое ці пераследуюцца арыштанты СТ-8 па нацыянальнай прыкмеце.

Ведаю, што скаргі гэтага кшталту на адміністрацыю турмы раней былі.

Першы мой канфлікт з адміністрацыяй скончыўся без фізічнае расправы, аднак мяне папярэдзілі, што наступны раз я яе не пазбегну. Наступнае ж дзікунства я сустрэў падчас ператрусу маіх асабістых рэчаў. Пры выкананні гэтае працэдуры супрацоўнікі СТ-8 патлумачылі мне, што, апроч многага іншага, я не маю права узяць з сабою ў камеру кнігі. Я спаслаўся на “Правілы ўтрымання асобаў пад вартаю ”, паводле якіх кожны мае права на рэлігійную і адукацыйную літаратуру. У адказ мне было заяўлена, што ёсць пастанова кіраўніцтва рэжымнага аддзела СТ-8 аб тым, што кнігі мець у камеры забаронена. Мне, праўда, удалося выпрасіць Бібліі і рэлігійную літаратуру (няхай Бог дабраславіць таго чалавека, каторы мне іх аддаў). Але ўзнікае пытанне: чаму я павінен выпрошваць альбо патрабаваць выканання адміністрацыяй турмы правілаў, якія зацверджаныя Міністэрствам Унутраных Справаў?

Наступны інцыдэнт адбыўся, калі мяне разам з сукамернікамі выводзілі на прагулку. Аглядаючы мае кішэні, прапаршчык Мароз знайшоў аркушыкі паперы з занатаванымі на іх Біблійнымі цытатамі і выкінуў. На маю просьбу патлумачыць у чым справа і па якіх правілах у мяне забіраюць асабсітыя рэчы, у адказ прагучалі толькі абразы і пагрозы.

Яшчэ адна праблема, з якою я сутыкнуўся, адначасова смешыць і абурае. Адміністрацыя СТ-8 патрабуе, каб асобы, каторыя ўтрымоўваюцца пад вартаю, размаўлялі з супрацоўнікамі турмы хорам. Так, калі прадстаўнік заходзіць на праверку ў камеру, арыштанты павінны хорам і адначасова з ім павітацца. Канешне, каб не выклікаць канфліктную сітуацыю, можна было б прамовіць гэтае “Здра!”, якога няма ў ніводнай мове свету, але з апошняга часу адміністрацыя СТ-8 патрабуе, каб на пытанне кантралёра: “есть вопросы?”, асуджаныя адказвалі толькі хорам: “Вопросов нет!”. Калі я, падчас першай жа праверкі адказаў: “Пытанняў няма!”, мяне папярэдзілі, каб я адказваў толькі ў складзе хора. Я ж адзначыў, што ва ўнісон адказваць не магу, нават калі б і хацеў выканаць гэты абсурдны загад, бо я размаўляю на беларускай мове. У адказ мне было заяўлена, што мяне пасадзяць у карцэр. (Мажліва, калі Вы чытаеце гэтую заяву, я ў карцэры ўжо і сяджу.) Гэтым разам, што праўда, абышлоася нават без мацяршчыны. Але ад гэтага менш дзіка не становіцца

Тут я зазначу, што меў бы поўнае Канстытуцыйнае права патрабаваць, каб са мною размаўлялі на беларускай мове, спасылаючыся на тое, што я расійскую кепска разумею. Але я не іду на гэтыя непатрэбныя прынцыпы, разумеючы ў дадатак, што большасць супрацоўнікаў СТ-8 і па-расійску размаўляюць-та кепска і тое, пераважна, мацюкамі. Але чаму і паводле якога закону адміністрацыя турмы забараняе мне размаўляць па-беларуску?!

Скажу адразу, што не мажліва адзначыць усе тыя парушэнні і выдуманыя ад сябе наваіверы ў СТ-8, якія парушаюць усталяваныя МУС РБ правілы ўтрымання асобаў пад вартаю і гэтым правілам супярэчыць. Я ўжо не патрабую нават выканання санітарных нормаў, законных бытавых умоваў, належнага харчавання. Я прашу толькі элементарнай, нават мінімальнай, чалавечай павагі да сябе і іншых жыхароў СТ№8 ДВП МУС РБ. Нас, асуджаных законна і незаконна, паводле рашэння суду пазбавілі волі, але адміністрацыя СТ№8 робіць усё мажлівае, каб праз фізічны і маральны ўціск пазбавіць найперш чалавечай годнасці.

Настойліва прашу іпатрабую правесці шырокую, паўнавартасную праверку і дамагчыся выканання законаў у Следчай турме, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці. Калі, канешне, дадзеная палітыка адміністрацыі Ст-8 не з’яўляецца вуснаю разнарадкаю ад Міністэрства Унутраных Справаў ці Дэпартамента выканання пакаранняў.

Пакідаю за сабою права звяртацца ў іншыя інстанцыі, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі».