Политика
Вольга Міцкевіч, Еўрарадыё

«Я разглядаю такую магчымасць, каб вярнуцца ў Беларусь»

У эксклюзіўным інтэрв'ю палітык распавёў, якім чынам з'ехаў з Беларусі, чаму абраў менавіта Чэхію і чым збіраецца займацца на чужыне.

Еўрарадыё: Вы атрымалі палітычны прытулак. Як вы дабіраліся да Чэхіі, як выглядаў ваш выезд з Беларусі?

Міхалевіч: Так атрымалася, што ў мяне быў стары пашпарт, які калісьці атрымаў, дзякуючы таму, што ў ім заставалася яшчэ сапраўдная віза адной з еўрапейскіх краін. Некалі напісаў афіцыйна заяву ў міліцыю, што хачу, каб гэты пашпарт застаўся ў мяне ў сувязі з тым, што там сапраўдная віза. І пашпарт пакінулі. Ніякіх штампаў, што ён несапраўдны не паставілі. Гэта быў той пашпарт, па якім мне ўдалося выехаць. Я выехаў праз Расію ва Украіну, і ўжо з Кіева непасрэдна вылецеў чэшскімі авіялініямі. Дарэчы, вельмі цікава, што на адным з расійскіх інфармацыйных рэсурсаў з'явілася вельмі дакладная інфармацыя, у якую ноч я перасякаў мяжу Беларусі і Расіі, калі я перасякаў мяжу Расіі і Украіны і на якую гадзіну дакладна я зарэгістраваўся на чэшскія авіялініі, каб вылецець у Прагу. Гэта ўся інфармацыя была дакладная, я ажно здзівіўся наколькі ў сённяшні век, інфармацыйнага грамадства, хутка даходзіць інфармацыя, нават калі я не хацеў, каб гэтая інфармацыя распаўсюдзілася.

Еўрарадыё: Алесь, чаму вы абралі Чэхію, каб там прасіць палітычнага прытулку?

Міхалевіч: Цяжка сказаць. Гэта Чэхія мяне абрала. Я бег з Беларусі, не маючы шэнгенскай візы. Калі знаходзіўся ў Кіеве, я патэлефанаваў розным знаёмым і запытаўся, наколькі хутка і рэальна зрабіць візу і выехаць. Я разумею, што Украіна на сёння не з'яўляецца вельмі бяспечнай. Таму я хацеў максімальна хутка з'ехаць з Украіны. Тая краіна, дзе была мажлівасць найхутчэй атрымаць візу была Чэхія. Я вельмі удзячны Чэшскай рэспубліцы. Яна для мяне цяпер стала другой айчынай.

Еўрарадыё: Ці вы не баіцеся. што будзе ціск на вашу сям'ю?

Міхалевіч: "Думаю, што нейкі ціск ужо адбываецца. Вы ведаеце, што да маёй сястры прыходзіў супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, спрабаваў з ёй дамовіцца наконт мяне: каб я максімальна хутка адгукнуўся і вярнуўся. Але мая жонка і мая сястра - гэта дарослыя людзі, якія самі для сябе прымаюць рашэнні, ці хочуць яны з'язджаць ці не хочуць, ці гатовыя яны гэты ціск вытрымліваць.

Еўрарадыё: Чым вы плануеце займацца ў Чэхіі?

Міхалевіч: Пакуль што толькі першыя дні, калі я пачаў сур'ёзна думаць, чым далей планую займацца, таму дакладна яшчэ не сфармуляваў. Але хачу зрабіць усё магчымае, каб катаванні ў Беларусі спыніліся. Максімальна ўдзельнічаць у міжнародных працэсах, каб усе палітычныя вязні выйшлі на свабоду.

Еўрарадыё: Ці вы збіраецеся атрымоўваць чэшскае грамадзянства, дзе вы зараз жывяце?

Міхалевіч: Не збіраюся атрымліваць чэшскае грамадзянства. Я вельмі ўдзячны Чэхіі, што яны пазітыўна вырашылі маё пытанне пра палітычны прытулак. Гэта не ёсць грамадзянства, я атрымаў дакумент, які дазваляе жыць у Чэхіі і гэта для мяне вельмі важна. Але я далей застаюся беларускім грамадзянінам. У кожным выпадку пасля зменаў я вярнуся ў Беларусь дакладна.

Еўрарадыё: Ці ў вас узнікаюць думкі, калі і пасля чаго вы вернецеся ў Беларусь?

Міхалевіч: Паглядзім, вельмі цяжка сфармуляваць нейкую думку, калі знаходзішся ва ўмовах абмежаванай інфармацыі. Але ў кожным выпадку, я разглядаю такую магчымасць, каб вярнуцца ў Беларусь.

Еўрарадыё: Акрамя палітычнага прытулку, ці яшчэ нейкую падтрымку чэшскія ўлады вам аказваюць?

Міхалевіч: Я адмовіўся ад усіх праграм па вывучэнні мовы, бо ўжо ведаю чэшскую мову дастаткова няблага і, спадзяюся, удасканаліць яе яшчэ лепш. Я ўпэўнены, што маю дастатковыя магчымасці, каб самастойна зарабляць сабе на жыццё, таму ад праграмы сацыяльнай адаптацыі ў Чэшскай Рэспубліцы дамовіўся. Самае галоўнае, што я хацеў, атрымаў – маю права жыць у Чэшскай Рэспубліцы, падарожнічаць па тэрыторыі Еўрапейскага Саюза, для мяне гэта вельмі важнаі.

Еўрарадыё: Алесь, колькі грошай у вас цяпер у кашальку?

Міхалевіч: Каля 3 ці 4 тысяч чэшскіх крон. Гэта прыгожа гучыць. Але курс кроны – каля 17 за адзін долар. Значыць, у мяне цяпер больш за 200 долараў у кашальку.

Еўрарадыё: Цікавы ваш побыт у Чэхіі: дзе вы зараз жывяцё, можа вам далі кватэру?

Міхалевіч: Жыву ў маіх знаёмых. Я не атрымліваў ад чэшскіх уладаў месца для жыхарства. Гэта доўгая праграма, якая займае вельмі вялікі час. На сённяшні дзень я маю магчымасць выбару: альбо жыць у лагеры ўцекачоў, што для мяне не вельмі выгодна, бо ўсе гэтыя лагеры знаходзяцца далёка ад Прагі, далёка ад асноўнага цэнтра палітычнага жыцця. Таму спыніўся ў сваіх знаёмых у Празе.

Еўрарадыё: Сёння 25 сакавіка, як вы адзначаеце гэты дзень?

Міхалевіч: Я зараз на могілках у Празе, дзе пахаваныя Захарка, Крэчэўскі - лідары БНР. Прыемна, што сустрэў старых знаёмых. Мы слухалі выступ дудара каля магілы Міхася Забэйды-Суміцкага. Сустракаў так, як і мусяць сустракаць беларусы, якія знаходзяцца за мяжой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)