Комментарии
Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Я – гей!

Мімаволі начытаўшыся ў сеціве рознага паскудзтва пра «гейропу», «садамітаў» і іншыя «трэнды» расейскай прапаганды, якія заліваюць жоўцю маю родную Беларусь, я павёў сваю сям'ю ў трох пакаленьнях на Праскі гей-прайд – 2014.

Ну а чым яшчэ я мог адказаць у душы сваёй на гэтую сьцяну азлобленасьці, тупасьці і агрэсіі – усяго таго, што стала для мяне паказчыкам зьдзічэньня, калі чалавек страчвае тое Боскае аблічча, паводле вобразу якога быў створаны, і набывае аблічча д'ябальскае?

Параўнайце гэтыя дзьве выявы – спакойную, спачувальную, ціхую выяву сусьветнае дабрыні й любові і адваротную – ашалелую, асклабленую, крыкучую выяву сусьветнага зла. Я выбіраю першае, бо ведаю, што сьвет уратуецца толькі празь зьмякчэньне нораваў, а загіне – празь лютасьць.

На гей-прайдзе мы сустрэлі тысячы людзей – пазытыўных, вясёлых і адкрытых. Геяў вінавацяць у тым, што яны ледзьве не антыхрысты. Але папа Францішак сказаў: хто я такі, каб асуджаць гея. І яшчэ ён сказаў: кожны хрысьціянін – Хрыстос. Я згадваю шматлікія абліччы Хрыста. Ніколі ня бачыў яго агрэсіўным, бязьлітасным, разьюшаным. І калі ўжо меркаваць паводле аблічча, дык хутчэй гэтыя вясёлыя і міралюбныя людзі нясуць аблічча Хрыста, чым якія-небудзь азьвярэлыя харугваносцы, у абліччы якіх абсалютна нішто не нагадвае і ня можа нагадваць пра вялікадушнага Бога.

Яны крышаць усіх нязгодных (натуральна, слабейшых), яны гатовыя іх забіваць. Ці вы бачылі, каб так паводзілі сябе геі? Талібан разбурае помнікі сусьветнае спадчыны. Што разбураюць геі? Сям'ю? Але геі не разбураюць маю сям'ю. А іншыя вольныя рабіць тое, што лічаць патрэбным – да той ступені, пакуль ня робяць крыўды іншым. Апошняе тычыцца ня толькі геяў, а ўсіх увогуле. І потым – што ў вас за сям'я, якую нехта можа разбурыць, і што ў вас за дзеці-ўнукі, на якіх нехта можа паўплываць больш за вас? Калі гэта адбываецца, значыць, так і павінна быць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)