«Я адразу атрымала ўдар рукой па твары і пасьля толькі пасьпела выкрыкнуць, што я цяжарная»

Зьбітая СОБРам Кіра Куцько працягвае змагацца, каб вінаватых у яе зьбіцьці пакаралі.

— 17 верасьня 2015 года. Менск. Я была ў сваёй кватэры. Удар рукой па твары, па нагах палкамі і берцамі. Пяцігадзінны допыт і мальба аб прыбіральні і шклянцы вады. Пагрозы пасадзіць у камэру з мужыкамі. Цяжарная 24-гадовая Кіра Куцько распавяла Свабодзе, як СОБР уварваўся ў кватэру, каб затрымаць яе і будучага мужа Андрэя па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаў.

— Я памятаю, было каля 15 гадзіны, Андрэя не было дома. Я скончыла прыбіраць кватэру, яшчэ нават піжаму не зьняла, вывешвала бялізну сушыцца — і зразумела, што нешта адбываецца. Да дому пад’ехаў сіні мэрсэдэс з таніраваным шклом, зь яго вылецелі людзі ў масках, бронекамізэльках, з аўтаматамі і з кувалдай пабеглі да майго гаўбца.

Я адразу атрымала ўдар рукой па твары і пасьля толькі пасьпела выкрыкнуць, што я цяжарная. Далей былі ўдары па нагах палкамі і берцамі. Адчуваньне тупых удараў... Было балюча.

Я плакала. У гэты час забеглі людзі празь дзьверы. Яны сталі крычаць і абражаць мяне, называлі шлюхай. Да апошняга я не магла зразумець, што адбываецца і ў чым справа. Была ў паніцы. Прасіла паказаць пасьведчаньне. На што мне адказалі: калі ты такая разумная, то мы цябе пасадзім у камэру з мужыкамі, і тыя ўсё табе распавядуць.

У кватэру прывялі Андрэя. Ён быў увесь у крыві, на твары вялікі садзень, зь якога цякла кроў. Акрываўленыя рукі, сьпіна. Майка дагэтуль захоўвае сьляды крыві.

Пасьля ператрусу нас павезьлі ў РУУС. Допыт працягваўся больш за пяць гадзін. Я прасіла пусьціць мяне ў прыбіральню, прасіла вады — мае просьбы ігнараваліся.

Празь некалькі дзён на прыёме ў гінэколяга я не змагла падняць джынсы. Нага распухла, утварылася гематома. Я стала больш уважліва разглядаць сваё цела, на ім былі сінякі, сьляды ад рук. Я напісала заяву ў Сьледчы камітэт на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, але ў тым, каб распачаць крымінальную справу, мне адмовілі. Папера прыйшла ў судзені 2016 года.

Андрэй і Кіра ажаніліся ў СІЗА № 1 на Валадарскага напярэдадні суду, 16 сьнежня 2015 году. 18 сьнежня Андрэй быў асуджаны на 10 гадоў паводле арт. 328.3 КК (распаўсюд наркотыкаў). У красавіку Кіра чакае нараджэньня сына Гардзея. І працягвае змагацца, каб вінаватых у яе зьбіцьці пакаралі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)