Общество

Хто такi хлопчык Саша з Мінска, якi адправіў ліст у бутэльцы

Нядаўна пажылая пара з Белфаста падчас прагулкі на пляжы знайшла ліст у бутэльцы. Ён быў адпраўлены тры гады таму і праплыў пяць тысяч кіламетраў. Бутэльку кінулі ў акіян у амерыканскім Оўшэн-Сіці (штат Мэрыленд). Аўтар ліста, пісалі рэпарцёры, хлочык Саша з Мінска. Наша Ніва адшукала яго.

Аказалася, за пасланнем у бутэльцы стаіць вельмі кранальная гісторыя.

Фоты з архіву сям'і Ёняк

Сашы Ёняку 14 год, ён вучыцца ў школе ў Оўшэн-Сіці. У лісце ён пісаў, што любіць катацца на веласіпедзе, рыбачыць і есці крабаў. Бацька Уладзімір усміхаецца, што інтарэсы сына не змяніліся.

— Гультаяваць ён любіць, — жартуе мужчына. — Паколькі мы жывём каля акіяна, тут фактычна як востраў, то што яшчэ рабіць? Толькі лавіць крабаў і катацца на лодцы.

Ёсць у Сашы і спартыўнае хобі — хлопчык займаецца хакеем. Якраз зараз ён паехаў на турнір у іншы штат, разам з малодшымі братам і сястрой. Яны таксама гуляюць у хакей.

Сям'я Ёняк

Чаму рэпарцёры напісалі пра Сашу як хлопчыка з Мінска, загадка. Ён нарадзіўся ў Оўшэн-Сіці. Але ў Мінск часам прыезджае на канікулы да бабулі з дзядулем, быў летась, напрыклад.

Маці Сашы з Мінска, бацька — са Львова. Пазнаёміліся яны ў Амерыцы. Оўшэн-Сіці — курортны гарадок. Уладзімір працуе ў рэстаране, жонка яго глядзіць за дзецьмі. Звычайная сям’я, кажа мужчына:

— Дома размаўляем па-руску, у школе дзеці — па-ангельску. І між сабой яны часта па-ангельску размаўляюць таксама.

Чаму тры гады таму хлопчык вырашыў адправіць ліст у бутэльцы?

— У Сашы быў сябра, 64-гадовы містэр Вэйн. Ён быў нашым суседам, жыў праз два дамы. І яны шмат часу праводзілі разам. Сядзелі ў гаражы, на рыбалку ездзілі. У нас акіян праз дарогу.

Аднойчы Саша і містэр Вэйн знайшлі у гавані, дзе стаяць караблі, бутэльку. Там было два даляры і ліст ад дзвюх амерыканскіх жанчын. У лісце было напісана: «Перадайце далей». І яны так і зрабілі. Саша напісаў сваю гісторыю і наступны раз, калі яны на лодцы выйшлі ў акіян, кінуў бутэльку ў ваду, за мілю ад берага.

Для нас гэта сентыментальная гісторыя, бо містэр Вэйн памёр летась. Яны з Сашам былі прывязаныя адзін да аднаго, у сына вочы гарэлі, калі яны майстравалі штосьці разам», — дзеліцца бацька хлопчыка.

З таго часу Саша ўжо забыў пра ліст і быў вельмі рады, калі яго знайшлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)