Общество

Хто такі «Шляхціц» Руслан Асадулаеў, якім Церцель палохае беларусаў?

Спецслужбы лічаць, што баранавіцкі бізнэсмен рыхтуецца да тэрактаў і захопу аб'ектаў на беларускай тэрыторыі. Наша Нiва – пра тое, хто гэты чалавек.

Старшыня КДБ Іван Церцель назваў імя самага небяспечнага беларуса — па словах спецслужбіста, «харугва на чале з Русланам Асадулаевым, якi хаваецца пад псеўданімам Шляхціц, рыхтуецца да тэрактаў і захопу аб'ектаў на беларускай тэрыторыі».

Руслан Асадулаеў, фота Intex-Press

Хто такі Руслан Асадулаеў?

Хлопец нарадзіўся 30 красавіка 1991 года ў мястэчку Грэск Слуцкага раёна. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Мінску (2007-2013), пасля пайшоў у бізнэс. Быў дырэктарам сеткі грамадскага харчавання «Магніт», кавярні «Спорт-кафэ».

Руслан Асадулаеў, фота nashkraj.by

У 2017 годзе стварыў бізнэс-інкубатар у Баранавічах. Памяшканні ў будынку былога ўніверсітэта ён стаў здаваць дробным прадпрымальнікам. «Вывучыўшы мэтазгоднасць праекта, вопыт іншых гарадоў, я вырашыў узяцца за рэалізацыю, — расказваў Асадулаеў мясцовым СМІ. — Вядома, пэўная рызыка была, бо гарантаваць поспех не мог ніхто. Затое была і падтрымка ў асобе гарадской улады».

Праз некалькі гадоў Асадулаеў зрабіў рамонт у іншым будынку і аформіў там памяшканне ў нацыяльнай стылістыцы. На сценах новага бізнэс-інкубатара былі партрэты Васіля Быкава, Элізы Ажэшкі і іншых герояў беларускай гісторыі.

Бізнэс-інкубатар Асадулаева, фота Intex-Press

Гэта і стала прычынай праблем. На Асадулаева наваліліся праверкі, ад яго запатрабавалі павесіць партрэт Аляксандра Лукашэнкі і чырвона-зялёны сцяг. Калі адмовіўся, завялі крымінальную справу за перавышэнне ўлады. У маі 2022 года ён правёў трое сутак за кратамі і з'ехаў у Польшчу.

Цяпер Асадулаеў у вышуку за тое «перавышэнне ўлады», а таксама за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Мяркуючы па акаўнтах у сацыяльных сетках, Руслан цікавіцца гісторыяй і футболам. У баранавіцкім аматарскім клубе «Усход» ён дагэтуль пазначаны як дырэктар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)