Политика
Радио TUT.BY

«Хто пачынае актыўнічаць у інтэрнэце, з ўлады вылятае»

Чаму сеціўныя палітычныя гульні ў Беларусі настолькі млявыя, але пры тым актыўнасць палітыка ў інтэрнэце здольная выключыць яго з грамадскага жыцця, у эфіры Радыё TUT.BY распавёў былы намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч

— Калі вы пачалі карыстацца інтэрнэтам у палітычных мэтах?

— Я карыстаюся інтэрнэтам вельмі даўно, а для палітычных мэтаў я пачаў выкарыстоўваць інтэрнэт 3-4 гады таму. Перш за ўсё я пабачыў, што livejournal ў Беларусі актыўна развіваецца і робіцца вельмі ўплывовай крыніцай пашырэння інфармацыі. Праз livejournal можна напрамую несці свае думкі і погляды чытачу.

Пасля, калі ўжо пачаліся выбарчыя кампаніі, стварыў сваю старонку ў інтэрнэце і пачаў актыўную кампанію ў розных сацыяльных сетках, каб дайсці да будучых выбаршчыкаў. Не сакрэт, што большасць карыстальнікаў інтэрнэта вельмі маладыя люді, якія яшчэ не могут галасаваць.

— За гэтыя 3 гады змянілася нешта ў палітыцы ў інтэрнэце?

— Тры гады таму інтэрнэт меў нейкае значэнне толькі ў Мінску, ды яшчэ ў некаторых вялікіх гарадах. На сённяшні дзень праз інтэрнэт можна даходзіць і да людзей ў самых аддаленых мястэчках. Гэта тэндэнцыя апошняга часу. Часам інтэрнэт ёсць і ў вёсках.

— Ці ведаеце вы ў ЖЖ якога-небудзь дзяржаўнага дзеяча?

— Шчыра кажучы, нікога не ведаю з дзяржаўных дзеячаў. Вядома, ёсць прыклады людзей з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія актыўна дзейнічаюць ў інтэрнэце. Але палітыкаў такіх я не ведаю. Напрыклад, дэпутат Абрамава, якая праводзіла актыўную дзейнасць ў інтэрнэце, на апошніх выбарах была выкрэслена з выбарчага спісу. Адсюль можна зрабіць выснову, што той, хто пачынае “актыўнічаць” ў інтэрнэце там і застаецца, а з ўлады вылятае.

— Гэта нейкая простая залежнасць?

— Гэта я кажу з жартам, бо простай залежнасці няма. Але палітыкам нельга сёння раскручвацца у сетцы, нельга рабіцца папулярнымі. Бо ў нас ў краіне толькі адзін вядомы палітык, гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Астатнія — у цені, яны павінныя сядзець ціха. Таму інтэрнэт і застаецца апазіцыйным дзеячам.

— Чые блогі вы чытаеце?

— Ёсць некалькі дзесяткаў блогаў, якія я рэгулярна чытаю. Таксама ёсць усе мае ЖЖ-сябры, якіх я чытаю, калі ў мяне з’яўляецца вольны час. Чытаю, каб пабачыць, як жывуць, чым дыхаюць людзі.

Інтэрнэт – цудоўная крыніца атрымання інфармацыі, асабліва блогі. Напрыклад, мае сябры — журналісты “БелГазеты” карыстаюцца ЖЖ як асноўнай крыніцай інфармацыі. Па газеце гэта добра бачна.

— Хто можа быць такой вось крыніцай інфармацыі?

— Шмат людзей. Вельмі розныя людзі, якія належаць да якіх-небудзь арганізацый. Гэта тыя ж самыя журналісты, напрыклад, палітычны аглядальнік газеты “Беларусы і рынак” Паўлюк Быкоўскі...

— Каго яшчэ можна пачытаць?

— Я вельмі люблю ЖЖ-юзера abrykos’а. Гэта Севярын Квяткоўскі, ў якога можна атрымаць сапраўды шмат цікавай інфармацыі...

— Навошта вам патрэбен блог? Аб чым пішаце?

— Я там пішу пра розныя рэчы. Для палітыка перш за усё трэба паказаць сябе звычайным чалавекам. Я гэта таксама раблю, але самае галоўнае: блог – эксперыментальная пляцоўка, на якой я выказваю свае погляды, выказваю свае новыя ідэі.

Я заўважыў адну паслядоўнасць. Калі я напісаў ў ЖЖ якую-небудзь ідэю, і за 24 гадзіны я не быў “знішчаны” некалькімі дзесяткамі каментароў, то ідэя мае права на існаванне, з ёй можна ісці да людзей. Фактычна за некалькі часоў можна добра зразумець, ці мае твая ідэя сэнс.

— Ці адэкватныя чытачы ў вашага блога?

— Людзі, якія рэгулярна вядуць свой блог, якія папулярныя сярод блогераў, — людзі адэкватныя. Безумоўна, у мяне, як ў любога папулярнага блогера, увесь час ўзнікаюць ананімныя каментары, тупая крытыка з матамі без аніякіх аргументаў. Зразумела, усе блогеры да такіх людзей ставяцца адмоўна, бо калі чалавек не здольны нават зарэгістравацца ў ЖЖ, то ў яго, напэўна, нізкія інтэлектуальныя здольнасці. Адмоўнае стаўленне таксама да каментатараў, якія нічога не пішуць у асабістых ЖЖ. Зразумела, калі мае ідэі раскрытыкуюць паважаныя блогеры, гэта ўжо сур’ёзна.

Увогуле, у блогасферы большасць адэкватных людзей. За тое мне блогі і падабаюцца.

— Вы ўдельнічаеце ў якіх-небудзь іншых сацыяльных сетках апроч ЖЖ?

— Іншыя сеткі – гэта скарбніца. ЖЖ – гэта для тых, хто любіць пісаць. Але ў нас больш чытачоў, чым пісьменнікаў. Таму маюць важнае значэнне іншыя сацыяльныя сеткі.

Напрыклад, "Укантакце". Я сёння не ведаю школьніка старэйшых класаў, які б не меў там акаўнта. Там пра чалавека можна сфарміраваць дастаткова полнае ўяўленне.

«Кантакт» мае таксама вялікае значэнне пад час выбараў. Калі я балатаваўся ў палату прадстаўнікоў ад мікрараёна Ўручча, знайшоў усіх маладых людзей, у якіх стаяў уручанскі адрас, альбо якія састаялі ў суполках Першамайскага раёна, асабіста звярнуўся да іх с просьбай мяне падтрымаць. І яны вельмі добра мяне падтрымлівалі.

— Чаму і апазіцыя, і дзяржчыноўнікі неахвотна засвойваюць інтэрнэт і недастаткова выкарыстоўваюць яго магчымасці?

— Проста ўсе людзі кансерватыўныя. Вельмі цяжка пачынаць рабіць нешта новае. Таму маладыя людзі нашмат больш актыўныя ў інтэрнэце. Калі б не іншая сацыяльная сетка "Одноклассники", старэйшыя людзі ўвогуле не карысталіся б інтэрнэтам.

— За каго галасавала большасць беларускіх карыстальнікаў інтэрнэта на апошніх прэзідэнцкіх выбарах?

— Большасць інтэрнэт-карыстальнікаў – жыхары вялікіх гарадоў. Гэта людзі, якія ў большасці маюць адукацыю вышэй за сярэднюю. Таму яны галасавалі, як і ўсе жыхары гарадоў. Сярод іх людзей, якія б лічылі, што ўсё у краіне робіцца правільна, амаль няма.

— Ці здараліся ў вас нейкія смешныя гісторыі, звязаныя з інтэрнэтам?

— Такіх гісторый вельмі шмат. Пад час прэзідэнцкіх выбараў кіраўнік адной з раённых адміністрацый сустрэў кіраўніка штабам Аляксандра Мілінкевіча, і гэты чыноўнік бярэ пад ручку нашага кіраўніка, адводзіць яго ў дальні кут, выключае мабільны тэлефон і кажа: “Я хачу табе сказаць нешта вельмі, важнае. Калі вы пераможаце, мы вас падтрымаем”. Інтэрнэт дазваляе паказаць, што не ўсё страшна ў жыцці, паказаць такія смешныя гісторыі.

— У вас ёсць чытачы, якія заўсёды з вамі спрачаюцца? Ёсць ворагі ў ЖЖ?

— Думаю, што ворагі ёсць, але яны перастаюць вельмі хутка спрачацца, бо бачаць, што гэта не мае ніякага сэнсу. Калі чалавек мае цвёрдыя сфармаваныя погляды, яго немагчыма пераканаць. Ёсць людзі, якія пачынаюць спрачацца, і я просто прапаную асабістую сустрэчу, бо не пра ўсё можна напісаць. Ёсць шматлікія падводныя камяні.

— Адкуль вы бярэце палітычную інфармацыю?

— Гэта некалькі вельмі важных блогераў. Гэта асноўныя інтэрнэт-сайты. Я кожны дзень праглядаю, што піша tut.by, такія сайты як gazetaby.com, naviny.by, абавязкова belta.by. Увогуле гэтага хапае.

А з газет я зараз чытаю толькі “БелГазету”, “Белорусы и Рынок”, “Нашу Ніву”. Раней выданняў, на якія я быў падпісаны, было значна больш. Я лічу, што гэтых газет хапае на тое, каб не зусім своечасова, але ведаць, што адбываецца ў краіне.

— Ці дастаткова распавядаюць нашыя інтэрнэт-СМІ пра палітыку?

— Незалежныя інтэрнэт-сайты дастаткова асвятляюць палітычныя тэмы. Але хацелася б, каб больш чаго адбывалася, каб палітыка была больш дынамічнай.

— Ці можа інтэрнэт уплываць на палітычнае жыццё ў Беларусі?

— Ён ўжо ўплывае. Ёсць сур’ёзныя аналітычныя старонкі. Напрыклад, “Заўтра тваёй краіны”. Ёсць старонкі, на якіх людзі знаёмяцца, камунікуюць.

Але на мой погляд, інтэрнэт ніколі не заменіць асабісты кантакт. Персанальная камунікацыя – самы важны момант. Інтэрнэт — спосаб пазнаёміцца і сустрэцца ў рэале.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)