“Хто-небудзь яшчэ прастудзіцца на пахаваньнях апазыцыі”

Днямі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньні журналістаў, заявіла, што, “калі выбарцы і гэтым разам не падтрымаюць апазыцыйных кандыдатаў на выбарах у Палату Прадстаўнікоў, гэта будзе вялікі палітычны крах для іх”. Чаго чакаць ад парлямэнцкіх выбараў беларускім дэмакратычным сілам, разважаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

-- Вынікі гэтых выбараў, нават адмоўныя для апазыцыі, то бок, нулявыя ў сэнсе трапляньня ў Палату прадстаўнікоў, ня зробяць нейкага прынцыповага ўплыву на стан беларускай апазыцыі. Яна аб’ектыўна сёньня ня вельмі моцная і ня вельмі зьяднаная, - лічыць публіцыст Аляксандр Класкоўскі. – Таму нават калі ўявіць гіпатэтычную сытуацыю, што ўлада не ўжывае тактыку дробнага фолу і фармальна датрымлівае нейкія ўмовы роўнасьці ў спаборніцтве кандыдатаў, нават тады няма ўпэўненасьці, што гэта была б нейкая трыумфальная перамога апазыцыі. І яе патэнцыял, і стан грамадзтва, расклад галасоў паміж прыхільнікамі цяпершняй уладнай палітыкі і прыхільнікамі апазыцыі не на карысьць апошняй.

На думку Аляксандра Класкоўскага, толькі ў асобных акругах нават пры сумленных выбарах прадстаўнікі адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ці “эўрапейскага сьпісу” маглі б выйграць гэтыя выбары.

-- Тут хутчэй трэба ставіць пытаньне пра нейкія падставовыя ўмовы для канкурэнтнай палітыкі ў краіне, якіх сёньня не існуе. І гэта пытаньне, безумоўна, не да апазыцыі, а да ўлады, - адзначае аналітык. – Гэта тое самае, што, напрыклад, чатырнаццаць гадоў трымаць кагосьці ў вязьніцы, а потым, змардаванага, вывесьці на сьвежае паветра і сказаць: ты будзеш зараз бегчы стомэтроўку з алімпійскім чэмпіёнам. Натуральна, гэтага чалавека ўжо ад вольнага паветра будзе хістаць, а пра выйгрыш на гэтай стомэтроўцы няма і гаворкі.

-- Апазыцыю ўжо так шмат разоў хавалі, што яна ўжо даўно павінная была б быць зьнішчаная, але яна, нягледзячы на ўсе прагнозы і Лукашэнкі, і Ярмошынай, працягвае жыць і, думаю, яшчэ нехта можа прастудзіцца на яе пахаваньнях, - мяркуе палітоляг Валеры Карбалевіч. – Можна ўзгадаць, як Лукашэнка яшчэ перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі казаў, што пасьля тых выбараў ня стане і гэтай “дохлай апазыцыі”, але яна працягвае жыць. І я б не сьпяшаўся з пахаваньнямі, таму што для апазыцыі існуе сацыяльная і палітычная база.

На думку Валерыя Карбалевіча, пакуль ёсьць незадаволеныя палітыкай дзейнае ўлады людзі, будзе існаваць і апазыцыя.

-- Магчыма, у нейкай іншай форме, магчыма, гэта будуць нейкія іншыя асобы, бо заўсёды такі працэс адбываецца, але апазыцыю немагчыма зьнішчыць, - упэўнены экспэрт “Заўтра тваёй краіны”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)