Общество
Eolonir

Хроніка звышпаХВІГізму

Характэрыстыка апошняга тыдню ў блёгасфэры – агульная апатыя і звышпамяркоўнае (нават паводле беларускіх мярылаў) стаўленьне да новых, яшчэ больш маразматычных крокаў улады.

Напрыкляд, блёгер KOSTUS на суполцы by_politics паведаміў, што ўлады запатрабавалі ад арганізатараў “Чарнобыльскага Шляху - 2007” “аплаціць працу міліцыянтаў ды працаўнікоў Зелянбуду, калі будзе даведзена, што дзеяньні дэманстрантаў спрычыніліся да шкоды газонам ды іншае зеляноце наўкола”. Проста да вусьцішы нагадвае стужку “Бразілія”, дзе ад катуемага вымагалі сплаціць выдаткі катам на ліну для прэнгу ды абцугі для пазногцяў. Ды яшчэ й пазыку павяралі, якую адквітоўваць мусілі нашчадкі страчанага. Маўляў, за вашыя грошы – які кольвек капрыз.

Каментароў – нуль.

Новая ініцыятыва намесьніка дырэктара Лідзкага ЖКГ што да зьняцьця спадарожнікавых “талерак” ня выклікала аніякае рэакцыі ў блёгасфэры. На суполцы minsk_by з’явіліся толькі невялікія малявідлачкі “нашая навука ў дзеяньні” ды “пераплавім усе сподкі на коўзанкі зялёнага колеру”.

Дарэчы, што да спадарожнікавых “талерак”, то досьвед “братэрскага” нам “славянскага” Ірану можа быць цалкам прыдатным для дэмакратычнага грамадзтва. Калі ўладам заманулася выдаліць “талеркі”, каб перапыніць на карню атрыманьне шкоднае інфармацыі, сьхема таксама абкатвалася на далёкім Табрызе. Месьцічы таго самага Табрызу згуртавана не дапусьцілі інспектараў мясцовага Х – тэлекаму (замест Х стаўце найбольш дапаснае слова), і ўлады абачліва вырашылі не працягваць гэта ў Тэгеране. Як зрэагуюць лідчукі – пакажа час, але пакуль што на бачыне lidofon.com ня бачна асаблівага шэбуршэньня. Напісацьмем яшчэ старонку ў гісторыю талеранцыі?

Ад гісторыі Гародні застанецца толькі кніга. S13 паведамляе, што па ўхваленьні “рэканструкцыі” часткі Горадні Нацыянальная Бібліятэка супольна з Акадэміяй Навук падрыхтуюць “кніжку, якая будзе распавядаць што да гісторыі старажытнае Горадні, утрымліваць сьхемы месцазнаходжаньня розных будынкаў” (якія зьбіраюцца зьнесьці калгасаны ад улады). Цынічна, але “навошта захоўваць места, калі можна проста выдаць кніжку ды разьлічваць на звышпрыбыткі”?

Можна дзьвесьці разоў скардзіцца, што ў нас кепская ўлада. Але, прынамсі, позірк назад паказвае, што маразм нарастаў паступова. І кожнаму новаму кроку папярэднічаў нейкі “тэставы перыяд”, які паказваў, як насельніцтва паставіцца да новае ініцыятывы. Прынамсі, не адразу Лукашэнка паставіў на рэфэрэндум пытаньне ўнёску зьменаў да Канстытуцыі. І не дарма ён трымаў лятак з запаленымі турбінамі ў часе выбараў. Не так ўжо ён і добра кантралюе краіну, калі ня ведаў, ці дасьць рады дэманстрантам.

Гэта ж тычыцца й гарадзенскіх службоўцаў – Саўчанка да Антоненка. Да сваіх фоткаў у паштовых скрынях яны наўрад ці застануцца абыякавымі.

P.S. Дарэчы, вось як Горгарвыканкам дзякаваў за ўхваленьне пляну зносу рэканструкцыі гістарычнага цэнтру (зьвярніце ўвагу на фармулёўку): «Мы очень рады, спасибо большое. Есть уже и русские, и минские инвесторы, на аукцион эта земля будет выставлена».

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)