Спорт
Сяргей Нятрэба

Wz-orkiestra — «Месяц і сонца»

Пладавітасьці Зьмітра Вайцюшкевіча могуць пазайздросьціць нават трусы (у сэнсе жывёліны) — выдаць за месяц дзьве кружэлкі для яго не праблема. “Месяц і сонца” зьявіўся амаль адначасова з альбомам на вершы Маякоўскага, але іх амаль нічога ня лучыць. У «Месяцы» — зусім іншы настрой, іншая музыка і іншая мова.

Дзякуючы Алесю Камоцкаму папулярныя японскія песьні, гісторыя якіх сягае да I тысячагодзьдзя, загучалі па-беларуску. Як прызнаецца сам Зьміцер, узяцца за гэты праект яго змусіла жаданьне зарабіць грошай, а таксама дазнацца, як гучыць і пішацца “Вайцюшкевіч” па-японску. Як высьветлілася, надта складанае напісаньне. Песьні ж на альбоме — лёгкія, простыя, ёсьць нават дзіцячыя (адна зь іх нагадвае па атмасфэры “Солнечный круг”). У шырокім сэнсе мэта дадзенага прадукту — стварыць беларуска-японскі кантэкст. Вайцюшкевічава рацыя: скандал з Краўчанкам і сушы ў менскіх рэстарацыях — вось амаль і ўсё, што лучыць гэтыя дзьве краіны. Да калекцыі паэтаў, зь якімi супрацоўнічаў лідэр Wz-orkiestra, дадаўся Адам Глёбус, які між песьнямі чытае свае вершы (заўважце, ня хоку!). Шукаць сувязі ня варта, паэзія Глёбуса толькі стварае настрой. Да працы над “Месяцам і сонцам” далучыліся таксама Аляксандр Памідораў, які трохі парэпаваў, Міхал Анемпадыстаў, які напісаў прадмову да дыску, і Алёна Дашкевіч, якая распрацавала дызайн вокладкі. Для ўсіх музычных гурманаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)