«Выходзіць, буда-кашалёўскія міліцыянеры абвясцілі Украіне вайну?»

Народная Воля – пра тое, як вайна б’е па людзях яшчэ і з ідэалагічных гармат.

Вайна ва Украіне, якую развязалі расійскія імперцы, вядзецца не толькі найноўшай зброяй – рознымі там джэвялінамі і байрактарамі, ад якіх танкі разлятаюцца ў радыусе 150 метраў, як цацачныя.

Не толькі крылатымі ракетамі, ад якіх няма зацішнага месца на ўсёй прасторы ад Львова да Данецка. Вайна б’е па людзях яшчэ і з ідэалагічных гармат. І агонь з іх у тылах вядзецца гэткі ж масіраваны і знішчальны, як і на перадавой. Патрапіўшы пад абстрэл з маскоўскіх дальнабойных тэлегаўбіц, можна лёгка атрымаць цяжкую кантузію.

Што, як мне здаецца, і адбылося нядаўна ў беларускім райцэнтры Буда-Кашалёва, ад якога да ўкраінскага фронту ўсё ж далекавата. Але заточанае на вайну з ранку да вечара расійскае тэлебачанне без праблем трымае яго пад абстрэлам, зрэшты, як і ўсю Беларусь.

Калі разважыць гістарычна, то буда-кашалёўцы, відаць, нічым не горшыя за старажытных рымлян, якія мелі да сваіх улад адно патрабаванне: «Хлеба і відовішчаў!» Улады ішлі ім насустрач, дзеля чаго на арэне Калізея насмерць біліся гладыятары ды раўлі галодныя львы.

А паколькі ні гладыятараў, ні львоў у Буда-Кашалёве не знайшлося, то мясцовы райвыканкам, які ўзначальвае Анатоль Гапонік, зрабіў акцэнт на масавасць, кінуўшы кліч (і нават напісаўшы яго вялікімі літарамі на мясцовым стадыёне): «Citius, altius, fortius!» Што нават у перакладзе («Хутчэй, вышэй, мацней!») гучыць нішто сабе па-калізейску. Адным словам, усе на «Дзень здароўя»!

На заклік чыноўнікаў выканкама на арэну выйшлі больш за 200 чалавек, 18 каманд ад розных раённых арганізацый. І пачалося відовішча: буда-кашалёўцы кідалі бервяно, перацягвалі канат, скакалі ў мяшках… А што, сапраўды пацешна выглядае, напрыклад, участковы міліцыянер у мяшку, які пад воклічы прыхільнікаў ніяк не можа даскакаць да фінішу.

Міліцыянера я згадаў невыпадкова – пераможцам у спаборніцтвах стала каманда Буда-Кашалёўскага РАУСа. Яна і была ўзнагароджана пераходным кубкам і одай у раённай газеце. І бервяно, і канат, і мяшок буда-кашалёўскім міліцыянерам аказаліся па сіле. Здавалася б, сцяг ім у рукі і прэмію ў кішэнь.

Але праславіліся хлопцы на ўсю Беларусь не сваёй перамогай, а тым, што выйшлі на арэну з вялікім плакатам «Zадание Vыполним!». Гэта значыць, свядома выкарысталі літары, якія ўжо сталі сімваламі расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне. Украінцамі (ды і ўсім светам) тыя літары ўспрымаюцца адназначна. У той жа, скажам, Германіі з-за іх можна лёгка трапіць пад крымінальны артыкул.

Выходзіць, што буда-кашалёўскія міліцыянеры (начальнік мясцовага РАУС – палкоўнік Віталь Падзярун) абвясцілі Украіне вайну? І гэта ў той час, калі Аляксандр Лукашэнка раз за разам паўтарае, што Беларусь усімі сіламі стараецца не ўвязацца ў вялікую вайну, гатовая дапамагчы Украіне з транзітам збожжа, з пастаўкамі паліва і г.д.

А тут выходзяць міліцыянты ў трусах і майках: мы – за вайну. І ўсе міралюбныя ініцыятывы – кату пад хвост.

Не мог не заўважыць ваяўнічага плаката і той жа старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкама Анатоль Гапонік – ён якраз і ўручаў кубак пераможцам. Што, і ён – за вайну? Ці не зашмат палітычнай адказнасці ўзялі на сябе буда-кашалёўцы? Кідалі б сваё бервяно ды скакалі б у сваіх мяшках. Навошта вам дэманстраваць апазнавальныя знакі вайны? Навошта ні з пушчы, ні з поля выказваць салідарнасць з дзяржавай-агрэсарам? Хто вас аб гэтым прасіў?

Ах, вы наглядзеліся расійскага тэлебачання, дзе Z і V лепяць на кожны плот? Але Буда-Кашалёва – не Пенза ці які-небудзь бурацкі Улан-Удэ, гэта там Z і V – ледзь не абавязковыя атрыбуты любога мерапрыемства. І трэба сапраўды быць ідэалагічна кантужаным, каб праводзіць гэткія ж дэманстрацыі на Гомельшчыне, як у расійскай глыбінцы.

Можна з Мінска пісаць афіцыйныя пісьмы ў ААН, на дыпламатычным узроўні даводзіць усяму свету, што «мы, беларусы, мірныя людзі» і не ўдзельнічаем у расійска-ўкраінскай вайне. А Буда-Кашалёўскі РАУС можа лёгка закрэсліць усё гэта адным плакатам. І нікому за гэта нічога не будзе.

Вось другім грамадзянам – за выказванне антываеннай пазіцыі – будуць і штрафы, і суткі, а міліцыянерам буда-кашалёўскім усё сыдзе, як з гусі вада. Пад знакамі-сімваламі вайны яны паскакалі ў мяшку, «Vыполнили Zадание».

Напрошваецца пытанне: чыё? І хто санкцыянаваў тыя скокі ў мяшках пад крамлёўскую дудку?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(13)