Вкратце
Аляксандр АДЗІНЕЦ

Выкладчык маiх унiверсiтэтаў

“Салідарнасць” працягвае друкаваць успаміны Барыса Кіта пра нашых выбітных землякоў. Чарговая публікацыя прысвечаная Васілю Рагулю.

— Паходзіў Васіль Рагуля з вёскі Ачукевічы, што непадалёк ад прыгожага мястэчка Любча. Ад роднай Наваградчыны ён і абіраўся ў польскі Сойм: першы раз паслом, а ўжо потым — сенатарам.
Калі мне споўнілася 16 гадоў, бацька адвёз мяне ў Наваградак, каб уладкаваць у Беларускую гімназію. Было гэта акурат на Спас. Як сёння памятаю: на рынку на возе стаіць сенатар Рагуля і робіць вялікую прамову, крытыкуе польскі ўрад за яго антыбеларускую палітыку. Мяне вельмі ўразіў яго выступ. Потым, калі я ўжо пачаў вучобу ў гімназіі, ён часта адведваў нас, гімназістаў, цікавіўся нашымі праблемамі. Дарэчы, нашы паслы і сенатары ахвяравалі собскія грошы на беларускія навучальныя ўстановы.
Тым часам у Беларускім пасольскім клубе, які дзейнічаў у Варшаве і на чале якога стаяў Браніслаў Тарашкевіч, адбыўся раскол паміж левымі, якія актыўна паглядалі ў бок БССР, і правымі. Рагуля, які выступаў жорстка супраць кантактаў з Саветамі, залажыў сваю ўласную партыю — Беларускі сялянскі саюз. Яго апаненты ў сваю чаргу заснавалі Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якая была звязана з камуністамі. Польскія ўлады пераследавалі і адных, і другіх, разграміўшы па чарзе Грамаду, рагулеўскую партыю і Таварыства беларускай школы. Васіля Рагулю кінулі ў Лукішкі, вялікую віленскую турму. У той самы час за кратамі аказаўся і я. Удзень усіх вязняў выганялі на турэмны падворак, на прагулку. Гуляю аднойчы, бачу знаёмы твар — Рагуля! Я падышоў да яго, паскардзіўся, што аднаму сумна і дрэнна. Ён паабяцаў папрасіць стражніка, каб мяне перавялі да яго ў камеру. Так і сталася: я прасядзеў разам з нашым сенатарам каля дзесяці дзён, паспеў абгаварыць з ім усе балючыя беларускія справы, абмяняцца поглядамі. Для мяне, маладога беларускага дзеяча, гэтыя размовы былі надта цікавыя і карысныя. Потым мяне выпусцілі на волю – палякі зразумелі, што я не прадстаўляю для іх ніякай пагрозы.
Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі Саветы, мяне прызначылі на пасаду школьнага інспектара па Баранавіцкай акрузе. У мае абавязкі ўваходзіла інспектаванне ўсіх школаў і арганізацыя дырэктарскіх сходаў. На адным з такіх сходаў я спаткаў... Васіля Рагулю, настаўніка па адукацыі, на той час — дырэктара школы ў Любчы. Лагодныя адносіны Саветаў да “заходнікаў” працягваліся нядоўга, хутка пачалася хваля арыштаў. Саслалі ў Сібір і Васіля Рагулю, але ён нейкім цудам уцёк і вярнуўся ў Беларусь, якую тады ўжо акупавалі немцы. Падчас другой сусветнай вайны былы сенатар быў абраны бурмістрам мястэчка Дзятлава.
Пасля вайны Васіль некаторы час жыў у Нямеччыне і Бельгіі, у свайго пляменніка Барыса Рагулі. Потым старога сенатара забраў да сябе ў Нью-Йорк ягоны сын Міхась. Памёр Васіль Рагуля ў 1955 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)