Общество
Аляксандр Тамковіч, Новы час

Выбоістыя шляхі Юліі Чарняўскай

Ёсць катэгорыя людзей, падчас размовы з якімі не звяртаеш увагу на час. Вядомы культуролаг Юлія Чарняўская менавіта з такіх. Мы размаўлялі з ёй амаль пяць гадзін. І я зноў пераканаўся: у гэтым жыцці поспехаў дабіваюцца толькі тыя, хто шмат працуе і не шкадуе сябе. Але давайце пачытаем, што Юлія расказвае пра сябе сама.

Юлія Чарняўская з мужам Юрыем Зісерам і дачкой

«…Мой Юра вучыўся спачатку ў Львоўскім палітэху. Паступаў было ў МДУ, але там яго, медаліста, пракінулі па так званым «пятым пункце». А давучваўся ён ужо ў Ленінградзе, на факультэце біямедыцынскай кібернетыкі. Падчас чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.

Дарэчы, менавіта з ім праз некалькі гадоў у Маскве я трапіла на разагнаны пікет Валерыі Навадворскай, і мы разам — Валерыя Ільінічна, Вадзім і я — спрабавалі спыніць міліцэйскую «газель», куды запіхнулі актывістаў Дэмакратычнага Саюза. Нічога не атрымалася, але дубінкай па нырках атрымала.

Ну вось, пасяліўся Юра ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць пабрацца з ім шлюбам. І ўгаварыў, праўда не на шлюб, а толькі прыехаць да яго ў Львоў на летні адпачынак.

Там высветлілася, што я ўжо ўладкаваная на працу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і атрымалася, што той «летні адпачынак» цягнецца трыццаць другі год…

Львоў — цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе…

Я не магла чуць, як майго мужа і яго бацькоў абражаюць проста на вуліцы ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.

Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо «жыдоўскай мордай» тут амаль не называлі.

Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцём, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Спачатку па гэтай прычыне я не магла працаваць.

Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое «ліхія дзевяностыя», добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такімі ж беднымі, як усе. Здымалі «хрушчоўку» на Залатой горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся павышэннем платы.

Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 рублёў плюс мае 35 рублёў дэкрэтных, мінус 45 за жытло. Каляска, крамы, купоны… Адно слова — галеча…

Потым Юра «вахтавым метадам» уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўску.

Ён з’язджаў на некалькі месяцаў. Я заставалася з дзіцём адна. Хапалася за любую работу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г.д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым, пра дзяцінства і юнацтва.

Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, дзякуй Богу, пачаў нармальна зарабляць. Потым стварыў сваю фірму — «Надзейныя праграмы», якая спецыялізавалася на праграме для банкаў, якую ён напісаў яшчэ ў Лангепасе. І праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы набылі першую ўласную кватэру. Завадскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратных метры. Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.

У пэўным сэнсе «Надзейныя праграмы» — няўдалы папярэднік партала TUT.BY. Фірма, якая пачыналася з маленькага пакою нашай кватэры, дзе сядзеў кампутаршчык Дзіма, а Юра са сваім кампутарам сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе акрамя іх дваіх быў яшчэ толькі бухгалтар — дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.

У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара гады пекла.

Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазыкаў. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў «скукожылася» да некалькіх чалавек.

Я круцілася, як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса «Здароўе і поспех». А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай «Swiss Formula».

Потым нам пашанцавала, нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY…»

Цалкам артыкул чытайце тут