Политика

Выбары ў ЗША. Тры ўрокі для Беларусі

Экс-дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык – пра амерыканска-беларускія паралелі.

Фото NYT

«Хаця ўжо цяпер можна прадбачыць, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, пачакаем канчатковых падлікаў. Дарэчы, і пасьля іх некарэктна будзе ўжываць слова «абраны»: працэдура абраньня прэзыдэнта электарамі адбудзецца толькі ў сьнежні, вось з таго моманту і можна выкарыстоўваць гэты тэрмін. Да сьнежня правільна будзе казаць — «перамог», — піша Сяргей Навумчык.

Амэрыканскія выбары далі мінімум тры ўрокі, важныя для краіны, дзе свабодных і дэмакратычных выбараў не было чвэрць стагодзьдзя.

Першы: значэньне мае кожны голас. І справа ня толькі ў тым, што, у сілу асаблівасьці амэрыканскай выбарчай сыстэмы, у кожным асобным штаце (за выключэньнем Мэна і Нэбраскі, дзе колькасьць электараў разьмяркоўваецца прапарцыйна галасам) «пераможца атрымлівае ўсё» (літаральна, усе галасы электараў).

Скажам, імя пераможцы выбараў 2000 году вырашылася пералікам галасоў у Флярыдзе, дзе Буш апярэдзіў Гора на 537 галасоў пры амаль шасьці мільёнах удзельнікаў галасаваньня.

Кандыдаты да апошняй хвіліны вядуць агітацыю сярод выбаршчыкаў, бо галасы выбаршчыкаў — адзіная магчымасьць атрымаць перамогу. Выкарыстаньне іншых (напрыклад, адміністрацыйнага рэсурсу) — можа скончыцца судом.

Другі ўрок якраз тычыцца суду. Адным з гарантаў справядлівасьці выбараў выступае судовая сыстэма. Цяпер мы бачым судовыя рашэньні, прынятыя як на карысьць Байдэна, гэтак і на карысьць Трампа. Судзьдзі ў ЗША сапраўды незалежныя што ад выканаўчай, што ад прадстаўнічай улады.

Трэці ўрок у тым, што канстытуцыя — вышэй за ўсё. У тым жа 2000 годзе Клінтан, нягледзячы на шэраг скандалаў, задавальняў большасьць амэрыканцаў (найперш, з-за стану эканомікі), і паводле аналітыкаў, перамог бы любога апанэнта.

Але — канстытуцыя абмяжоўвае знаходжаньне на пасадзе двума тэрмінамі. Айцы-заснавальнікі ЗША тлумачылі такую норму рознымі прычынамі, адна зь іх — калі народ мае права на памылку, ён мусіць мець і гарантаванае права яе выправіць. Актуальна ня толькі для Амэрыкі, праўда?»