Общество

Вяртаньне і адстаўка арцыбіскупа Кандрусевіча: кампраміс ці капітуляцыя?

Чаму Папа Рымскі Францішак задаволіў прашэньне аб адстаўцы арцыбіскупа Кандрусевіча? Што атрымала ад гэтага Каталіцкая царква Беларусі? Чым тлумачыцца прызначэньне часовым пераемнікам біскупа Казімера Велікасельца? Разбіралася Свабода.

Гісторык і журналіст Сяргей Абламейка:

Для мяне гэтае рашэньне Ватыкану было чаканым.

Я б усё ж назваў яго капітуляцыяй.

Напярэдадні Новага году зьявіўся супольны зварот, заклік да грамадзянскага міру, які падпісалі праваслаўны мітрапаліт, рабін, муфтый і апостальскі нунцый.

Я тады думаў, што гэта кампраміс, што гэта і ёсьць цана вяртаньня Кандрусевіча.

Думаю, прыняцьцё адстаўкі Кандрусевіча вельмі пакрыўдзіла беларускіх каталікоў.

У грамадзкім канфлікце арцыбіскуп Кандрусевіч быў на сьветлым баку.

Калі гэта і кампраміс, то дзеля чаго, што атрымала Каталіцкая царква ўзамен?

Мы ня ведаем, якую грамадзкую пазыцыю зойме Кандрусевіч пасьля адстаўкі.

У каталікоў царкоўная герархія даволі жорсткая. Яму лёгка могуць закрыць рот.

Кандрусевіч пакуль, вельмі ненадоўга, застаецца старшынём Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Лепш было б пакінуць Кандрусевіча кіраўніком беларускай Каталіцкай царквы, нават калі б ён заставаўся за мяжой, а ў Беларусі мог кіраваць нехта часовы. Гэта было б справядліва.

Беларускія ўлады, відавочна, не хацелі, каб на месца Кандрусевіча прызначылі Юрыя Касабуцкага. Ватыкан сапраўды пайшоў па лініі найменшага супраціву і прызначыў часовым кіраўніком кампрамісную фігуру.

За апошнія 20 гадоў ватыканская дыпляматыя паказала сябе ў Беларусі і адносна Беларусі даволі кепска.

Гэтая дыпляматыя ідзе ў фарватэры Расеі. Так было са спробамі запрасіць Папу Рымскага ў Беларусь, так было, калі за апошнія 30 гадоў беларускім грэка-католікам так і не далі біскупа, так было і тады, калі за 13 гадоў вельмі плённага служэньня ў Беларусі Тадэвушу Кандрусевічу так і не надалі сану кардынала. Ды нават ў пераводзе Кандрусевіча ў Беларусь з Масквы таксама была саступка тагчаснай пазыцыі Крамля адносна Кандрусевіча.

Ватыкан, Ватыканскую курыю можна змусіць да кампрамісу і нават да падпарадкаваньня, а Каталіцкую царкву, яе сьвятароў і вернікаў — не.

Палітыкі, дыпляматы— гэта адна справа, а сьвятары заўсёды ідуць са сваімі вернікамі да канца.

Палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі:

Ватыкан пайшоў па лініі найменшага супраціўленьня.

Я назваў бы гэта ўсё ж кампрамісам, нейкія саступкі зрабіў і Ватыкан, і беларускі рэжым.

Я спадзяваўся, што саступка Ватыкану будзе не такой.

На працягу гісторыі нашмат больш было праблемаў і для Каталііцкай царквы, і для грамадзтва, калі Ватыкан празьмерна ўмешваўся ў сьвецкія справы, чым калі захоўваў стрыманую пазыцыю.

Гэтым часткова можна патлумачыць пэўную стрыманасьць Ватыкану і стаўку на кампрамісы ў ХХ стагодзьдзі, асабліва пасьля ІІ Ватыканскага сабору.

Калі б Ватыкан заняў жорсткую пазыцыю, улады б не пагадзіліся на вяртаньне Кандрусевіча ў Беларусь. Ён мог бы застацца за межамі Беларусі на гады.

Для Каталіцкай царквы гэта было б неэфэктыўнае кіраваньне з-за мяжы.

Уплыў Кандрусевіча паволі зьмяншаўся б, калі б ён заставаўся за мяжой.

Моц Кандрусевіча палягала не ў яго пасадзе, а ў яго сацыяльным капітале. І ён застаецца зь ім.

Лукашенко – о Кондрусевиче: «Ну, а он — чем он для нас сейчас опасен?». Почобут: «Верить совершенно не хочется»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(14)