Лица

Вялікі канцэрт Алеся Камоцкага

8 кастрычніка ў малой зале КЗ "Мінск" Алесь Камоцкі зайграе вялікі канцэрт з праграмай са свайго сёлетняга альбому "З бацькоўскай кружэлкі". Таксама вядомы беларускі бард усцешыць слухачоў лепшымі старымі песнямі і зусім новымі творамі.

Альбом "З бацькоўскай кружэлкі" складаецца з перакладзеных на беларускую мову папулярных песень савецкіх часоў. Сярод іх славутыя "Старый клён", "Чёрный ворон", "Одинокая гармонь" і інш. Пра поспех працы сведчыць хаця б тое, што першы канцэрт з гэтай праграмай, які адбыўся ў чэрвені, сабраў аншлаг, нягледзячы на дарагія квіткі.

"Я хачу каб гэтым разам праграму пабачылі тыя, хто па не патрапіў на мінулы канцэрт, у тым ліку з-за дарагіх квіткоў. Таму гэтым разам яны больш танныя", – кажа спявак.

Між тым за гэтыя некалькі месяцаў з’явіліся і зусім нечаканыя вынікі поспеху альбому "З бацькоўскай кружэлкі".

"Перш за ўсё пасля выхаду гэтага дыску неяк актывызавалася мая малая радзіма – быў шэраг прыемных тэлефанаванняў з Барысава ад старых сяброў, якіх я даўно не чуў і не бачыў, – прызнаецца Камоцкі. – Неяк усіх накрыла настальгічнай хваляй гэтага дыску. Некаторыя нават кажуць, што пасля яго праслухоўвання цяжка прыгадаць арыгінальныя тэксты гэтых песень. Можа трохі хлусяць, але мне прыемна".

Між тым у другім аддзяленні канцэрту Камоцкі будзе пераважна спяваць зусім новы матэрыял з будучага альбому, які будзе большай часткай складацца з песень ў стылістыцы боса-нова.

"Боса-нова мне вельмі пасуе не толькі з музычнага боку, але і па сваёй ідэалогіі. Гэта песні пра нейкае незразумелае каханне", – распавёў Алесь сайту "Experty.by", на якім, дарэчы, альбом "З бацькоўскай кружэлкі" трапіў у топ-10 лепшых беларускіх дыскаў па выніках першай паловы 2008 .

Таксама ў другім аддзяленні прагучыць некалькі песень са старых альбомаў. Алесь Камоцкі прапануе слухачам пакідаць замовы ў сваім блогу.

8 кастрычніка ў малой зале КЗ "Мінск" Алесь Камоцкі з праграмай "З бацькоўскай кружэлкі". Пачатак – 19.00. Квіткі: 15-30 тыс. Даведка: (029) 626 90 49, (029) 253 25 04

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)