Общество
Алесь Пілецкі, «Наша Ніва»

Вядомыя прозвішчы спецназаўцаў, ад якіх пацярпела Мая Абромчык?

«Я ўжо трэцяга адваката змяніла, але і да яго няма даверу. Яны калі толькі чуюць аб нашай справе, адразу змяняюцца ў твары. Іх можна зразумець — на адвакатаў ідзе вялікі ціск», — кажа маці Маі Абромчык.

21-гадовай студэнтцы гістфака БДУ Маі 19 снежня зламалі нагу. Яна кажа — гэтак білі яе спецназаўцы. Пасля гэтага яшчэ тры гадзіны вазілі па начным Мінску ў аўтазаку, адмаўляючы ў просьбе пра дактароў. Хуткую дапамогу выклікалі толькі ў турме на Акрэсціна.

Магчыма, гэты факт так і застаўся б невядомым, як многія іншыя факты з Плошчы, каб не сябры дзяўчыны. Яны звязаліся з журналістамі і гісторыя студэнткі абляцела ўвесь свет. Мая стала сімвалам.

Нага гоіцца, хоць Мая дагэтуль не можа перамяшчацца без мыліцаў. Дзяўчыне прыйшлося перавесціся на завочнае аддзяленне факультэта. А вось крымінальную справу па факце збіцця так і не распачалі.

«Скарга ў пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска была пададзеная яшчэ 21 снежня. Адтуль яе перанакіравалі ў міліцыю і далучылі да справы аб масавых беспарадках. Пасля яна вярнулася ў пракуратуру», — расказвае сама Мая Абромчык.

У прынцыпе, для адкрыцця справы дастаткова было б дакументальна пацверджанага дыягназу, які Маі зрабілі ў першыя ж дні пасля атрымання траўмы.

Дарэчы, знайсці вінаватых у збіцці было б няцяжка. Маю Абромчык затрымалі не на самой плошчы Незалежнасці, а бліжэй да СІЗА на вуліцы Валадарскага. Збівалі разам з яе блізкім сябрам, Андрэем Задзяркоўскім. Менавіта за яго заступілася Мая, пасля чаго атрымала серыю ўдараў. Пасля іх яна ўжо не змагла самастойна стаяць. Са словаў Андрэя і Маі, збівалі іх два спецназаўцы. Яны ж адводзілі Андрэя ў аўтазак, а ён нёс Маю на руках. З ізалятара дзяўчына трапіла ў бальніцу. А вось яе сябру Андрэю прыйшлося пасядзець на сутках, і пратакол на яго быў складзены.

У ім і знайшліся прозвішчы двух служачых 8-га ўзвода ПМСН ГУУС Мінгарвыканкама І.В.Мазайлы і А.М.Якаўлева. Гэтыя людзі ў афіцыйным пратаколе затрымання пазначылі, што вечарам 19 снежня ў раёне плошчы Незалежнасці затрымалі Андрэя Задзяркоўскага.

Вядома, можна сказаць, што Якаўлеў і Мазайла проста распісаліся ў падрыхтаваных бланках. Паводле інфармацыі праваабарончага Цэнтра прававой трансфармацыі, Якаўлеў вечарам 19 снежня распісаўся ў затрыманні 16 чалавек, а Мазайла — 12. Тым не менш, следства магло б паспрабаваць высветліць, ці датычныя згаданыя спецназаўцы да жорсткага збіцця дзяўчыны.

Аднак Маі адмовілі нават у тым, каб яе сябар Андрэй быў сведкам на працэсе. «Пракурор кажа, што паводле пратаколаў затрымання нас завялі ў аўтазакі ў 22.30. І я не магу паклікаць Андрэя сведкам, бо сцвярджаю, што мяне збівалі і затрымлівалі каля 12-й ночы», — сцвярджае Мая.

Час 22.30 фігуруе і ў такіх «палітычных» справах. Менавіта такі час пазначаны ў якасці моманту затрымання грамадзян Расіі А.Брэуса і І.Гапонава. Цікава, што сведкам на іх працэсе выступае той самы А.Якаўлеў, прозвішча якога пазначана ў пратаколе затрымання сябра Абромчык. Падчас разгляду справы расіян у судзе іх адвакаты паставілі час затрымання пад сумнеў. На відэа, што дэманстравалася падчас працэсу, выразна пазначана, што А.Брэус знаходзіўся на Плошчы і пасля 22.30.

Цяпер сям’я Маі Абромчык чакае 19 сакавіка. Да гэтага дня пракуратура павінна вызначыцца з адкрыццём крымінальнай справы па факце жорсткага збіцця дзяўчыны. У выпадку адмовы Мая будзе мець яшчэ месяц на абскарджванне. Дзяўчына спадзяецца, што сродкі, сабраныя людзьмі для аплаты адвакатаў, не прападуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)