Вядомыя беларусы агучылі «Мужыцкую праўду Каліноўскага»

«Думкі і сэнсы, якія варта пачуць і сучасным беларусам».

Выдавецтва Litaralna прэзентавала аўдыёкнігу «Мужыцкая праўда», якая складаецца з агучаных тэкстаў першай беларускай газеты. У іх Кастусь Каліноўскі звяртаўся да суайчыннікаў да i падчас паўстання. Усяго выйшла сем нумароў газеты ў перыяд 1862-1863 гг.

Зараз гэтыя выпускі агучылі сем вядомых беларусаў — Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі, Руся Shuma, Уладзімір Пугач, Мікіта Мелказёраў, Глеб Сямёнаў, Дзяніс Дудзінскі.

Паслухаць аўдыёкнігу можна бясплатна на сайце Litaralna.com.

— Мы лічым важным агучваць не толькі мастацкую літаратуру, але і беларускія культурныя здабыткі ў іншых жанрах, у тым ліку публіцыстыцы, — тлумачыць заснавальнік выдавецтва Litaralna Уладзімір Пугач. — Паўтары стагоддзі таму адукаваныя, прагрэсіўныя людзі, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны, свайго народа, на чале з Каліноўскім, трансліравалі думкі і сэнсы, якія б варта пачуць і сучасным беларусам. Менавіта таму мы вырашылі, што тут было б добра зрабіць менавіта калектыўны праект.

Гэта чацвёртая аўдыёкніга ад выдавецтва Litaralna. У лістападзе выйшлі аўдыёверсіі кніг Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі», «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, а таксама «Аповесць майго часу» Ігнація Янкоўскага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)