Общество
Святлана Адзінец, Еўрарадыё

Вячаслаў Дзіянаў плануе браць палітычны прытулак

На 21 верасня ў Беларусі запланаваная чарговая «маўклівая» акцыя, арганізаваная праз сацыяльныя сеткі. Адміністратар суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў распавёў пра фармат акцыі і пра тое, за што ен жыве пасля выключэння з праграмы Каліноўскага.

Еўрарадыё: Фармат акцыі мяняецца ці ўсё застаецца нязменным?

Вячаслаў Дзіянаў: «Інфармацыя пра акцыю з’явіцца ў хуткім часе ў суполцы. Фармат ужо распрацаваны, але ў той жа час распрацоўваецца і аб’явіць пра яго мы зможам тады, калі ён з’явіцца ў нашай группе».

Еўрарадыё: Чаму вы абралі менавіта гэтую дату — 21 верасня? Ці вы ўлічвалі тое, што 15 верасня курс валют збіраюцца адпускаць, што людзі адчуюць падаражэнне «камуналкі» і праезду?

Вячаслаў Дзіянаў: «Канешне, мы ўлічвалі гэта. Спачатку мы планавалі правесці акцыю 14 верасня, але, ўлічваючы тое, што дастаткова мала часу да акцыі, што 15-га чысла будзе падаражэнне і да 21-га магчымыя дадатковыя падаражэнні і сітуацыя ў краіне пагоршыцца, таму вырашылі перанесці акцыю на 21-е».

Еўрарадыё: Вы знаёміліся з прапановай палітвязня Міколы Статкевіча, які заклікаў адмовіцца ад «маўклівых» акцыяў на карысць новай акцыі — публічнага ўжывання пэўных беларускіх словаў?

Вячаслаў Дзіянаў: «Вельмі складана ўявіць, як будзе выглядаць фармат. Калі ўявіць фармат, што людзі збіраюцца ў нейкай кропцы і размаўляюць па-беларуску, то мы можам узгадаць самі акцыі, калі незалежна ад таго, што людзі рабілі — пляскалі ў ладкі ці маўчалі, то усё роўна былі затрыманні. На жаль, Мікола Статкевіч па аб’ектыўных прычынах не можа сказаць, як ён бачыць гэты фармат».

Еўрарадыё: У карыстальнікаў інтэрнэта часта ўзнікае пытанне, за што жыве зараз Дзіянаў, калі яго выключылі з праграмы Каліноўскага. Што вы можаце на гэтае пытанне адказаць?

Вячаслаў Дзіянаў: «У мяне былі пэўныя прапановы камерцыйнага плану. Я кансультую некаторых прадпрымальнікаў па пытаннях прасоўвання іх тавараў у сацыяльных сетках. Проста кансультацыі. Гэтага дастаткова для мінімальнага майго існавання. Я планую браць палітычны прытулак. Бо, на жаль, на візе ўвесь час знаходзіцца нельга, а пасля апошніх рэпартажаў на беларускім тэлебачанні ўсё зразумела – мэты і намеры».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)