«Вы мне будзеце казаць пра дыялог?!»

Сённяшні выступ прадстаўніка ААЦ ў Вене выклікаў шэраг вострых пытанняў, а потым і перапалку з некаторымі іншымі беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.

Скрыншот з анлайн-трансляцыі на сайце АБСЕ

Прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў выступаў 11 хвілін. У сваёй прамове ён пераконваў удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ, што Беларусь ідзе па шляху рэформ у бок лібералізацыі інтэрнэт-сферы, і што дзяржава шчыльна супрацоўнічае ў гэтай справе з бізнэс-коламі і грамадзянскай супольнасцю.

“Калі трэба адкруціць іржавую гайку, самае цяжкае – з мёртвай кропкі яе ссунуць. Пазней яна лягчэй круціцца...” (Больш поўны тэкст выступу з’явіцца пазней.)

Адразу ж пасля заканчэння блоку прамоваў два іншыя прадстаўнікі Беларусі – Юрый Зісер і Наталля Радзіна – першымі пачалі задаваць пытанні, адрасуючы іх Рабаволаву.

Юрый Зісер выказаў незадаволенасць тым, што з-за манаполіі “Белтэлекаму” прыватныя правайдэры вымушаныя купляць дарагі інтэрнэт-трафік у дзяржавы. “Пасля прыняцця 60-га ўказу прайшло 3 гады, а воз і цяпер там...”

Другое пытанне тычылася “чорных спісаў”: Ю. Зісер выказаў упэўненасць, што сайты, якія ў іх фігуруюць, павінны быць праінфармаваныя пра гэта. Ён таксама выказаў неразуменне, чаму ў гэтых спісах апынуліся інфармацыйныя рэсурсы і блогі (ён згадаў “Хартыю-97”, “Белорусский партизан» і «Вясну-96»).

Адразу ж пасля яго слова ўзяла рэдактарка “Хартыі” Наталля Радзіна. Яна назвала супрацоўніка ААЦ “прадстаўніком спецслужб Беларусі”, якія самі і перакрываюць доступ беларусаў да інфармацыі ў інтэрнэце.

“Калі б я была ў Беларусі, я была б у турме”, – заявіла журналістка і нагадала пра падазроную гібель (Наталля сказала – “забойства”) заснавальніка рэсурсу Алега Бябеніна, разгромы офісаў “Хартыі” ў Мінску, сваё зняволенне ў турме КДБ па крымінальным абвінавачанні і вымушаныя ўцёкі з краіны. “Вы мне будзеце казаць пра нейкі дыялог?!”

Адказаць на ўсе гэтыя пытанні і закіды прадстаўнік ААЦ не паспеў, бо мадэратар перапыніў дыскусію і прапанаваў перанесці яе ў кулуары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)