Общество
Анастасія Зелянкова

Вуліцы Сапегі і Брыля не прайшлі прававой экспертызы ў Мінюсце

Вуліц імя Янкі Брыля і Льва Сапегі ў Мінску не будзе. Не чакаецца пакуль і перайменавання вуліцы Берсана ў вуліцу Вайніловіча, таксама зацвержданае на 5-й сесіі дэпутатаў Мінгарсавету. Як адзначылі ў Мінгарвыканкаме, рашэнне народных абраннікаў не прайшло прававой экспертызы ў Міністэрстве юстыцыі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў лічыць, што Мінюст не мае права вырашаць пытанні з назвамі вуліц.

Назваць новыя вуліцы ў мікрараёне Паўднёвы Захад імёнамі народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі дэпутатам прапанавалі прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны і дзеячы культуры. Народныя абраннікі падтрымалі гэтую ідэю на 5-й сесіі, якая прайшла ў верасні. Адначасова было вырашана перайменаваць вуліцу Берсана, што каля Чырвонага касцёла ў вуліцу Эдварда Вайніловіча, вядомага беларускага мецэната, які ў пачатку ХХ і пабудаваў згаданы касцёл.

Аднак у бліжэйшы час гэтым планам не выпадае спраўдзіцца. Як паведамілі “Нашай ніве” ў Мінгарвыканкаме, згодна з законам аб мясцовым самакіраванні падобныя рашэнні павінны абмяркоўвацца з насельніцтвам, аднак методыка абмеркавання на сёння не распрацаваная. Гэта і стала фармальнай прычынай, паводле якой рашэнне дэпутатаў не прайшло прававой экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі.

— Я не магу паверыць, што такое магчыма, пакуль не ўбачу гэтае рашэнне на свае вочы, — адзначыў “Салідарнасці” старшыня ТБМ Алег Трусаў. — Мінюст не можа мець ніякага дачынення да перайменавання вуліц. Гэта не іх справа. Да таго ж, чаму яны не займаліся ніякай “прававой экспертызай” тады, калі ў Мінску пераймяноўвалі праспект Скарыны і Машэрава? Што ж да абмеркавання з насельніцтвам, то мы сабралі некалькі тысяч подпісаў грамадзян па наданню вуліцы імя Янкі Брыля! Выходзіць, што меркаванне грамадзян іх якраз і не цікавіць. Упэўнены, такое рашэнне Мінюста проста не мае прававой асновы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)