В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Вучаць, вучаць, вучаць...

Не так ужо і даўно на адной шостай зямной сушы быў вельмі папулярны лозунг-заклік правадыра сусветнага пралетарыяту: вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!

Яго амаль штодня паўтаралі ў школьных класах і студэнцкіх аўдыторыях, у тэлеперадачах і справаздачных дакладах партыйных сходаў і навуковых канферэнцый, з высокіх трыбун і на піянерскіх “лінейках”. Ён рэкамендаваў, раіў, патрабаваў вучыцца прафесіі і гаспадарлівасці, майстэрству і... камунізму. Яго неслі на дэманстрацыях над святочнымі калонамі і прымацоўвалі на чырвоных палотнішчах да фасадаў дамоў культуры і нават над уваходам на танцпляцоўкі...

Як непазбежнае і святое наканаванне не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат прымала неабходнасць вучыцца ўсё сваё жыццё. Таму такой нечаканай і запамінальнай адразу стала фраза “караля гумару” Аркадзя Райкіна пра тое, што куды лепш, чым вучыцца самому, пачаць вучыць іншых. Праўда, датычылася яна ў асноўным высокіх начальнікаў, але як ідэя была заманлівай і перспектыўнай. І трэба аддаць ёй належнае — яна, як кажуць, напорыста пайшла ў шырокія кіраўнічыя масы.

Як мне здаецца, гарачых прыхільнікаў райкінаўскай “мадэлі” пашырэння ведаў асабліва шмат “засвяцілася” ў сённяшнія дні. Сярод не дужа кампетэнтных, але надзвычай актыўных нашых чыноўнікаў выявілася столькі аматараў даваць указанні, парады і інструкцыі, што ўжо хутка будзе трагічна не хапаць і тых, хто здольны да канца ўспрымаць іх. Так карціць многім сталаначальнікам “узяць лейцы ў рукі”, што яны на поўным сур’ёзе расказваюць селяніну, калі выганяць кароў на пашу і пачынаць выбіраць бульбу, а спеваку — якую песню заказваць для міжнароднага конкурсу і якую кашулю апранаць для выхаду на сцэну...

Апошнім часам у раздачы самых розных “указівак” нястомна шчыруе наш міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Дыяпазон ягоных зацікаўленняў і лёсавызначальных рэзалюцый амаль бязмежны — ад курсаў дзяржаўнай ідэалогіі ва універсітэтах да аднастайнай школьнай формы. Усюды ён, здаецца, лічыць сябе непахі-сным аўтарытэтам і непераўзыйдзеным педагогам. Яно і не дзіва, бо, выступаючы нядаўна перад дэпутатамі парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу, ён безапеляцыйна сцвярджаў, што беларуская адукацыйная сістэма з’яўляецца эталонам для ўсіх краін СНД. Тое, што на сістэму гэтую ўсё яшчэ не моляцца ў Гарвардзе і Оксфардзе, растлумачыць можна, напэўна, толькі слабой інфармаванасцю Захаду пра наш інтэлектуальны росквіт ды падрыўной дзейнасцю так званай ашалелай апазіцыі...

Фармулёўку наконт “узору” мне асабіста было б куды прыемней пачуць ад расійскага ці ўкраінскага міністра, ну але, калі тыя не спяшаюцца, дык і свой падыдзе. Тым больш што ніхто з парламентарыяў яму не запярэчыў. А.Радзькоў настолькі ўпэўнены ў сабе, што і смелыя словы, і смелыя прапановы для яго сталі звычайнай з’явай. На той жа сустрэчы з дэпутатамі ён, рашуча і адназначна выступаючы за “дэпалітызацыю” студэнтаў, раптам заявіў, што кожны рэктар ВНУ, акрамя выканання сваіх прафесійных функцыяў, павінен яшчэ быць і “палітычнай фігурай” і што прызначаць кіраўнікоў нават прыватных вышэйшых навучальных устаноў будуць толькі з ягонага блаславення. Што ж, пазайздросцім шырокай дасведчанасці нашага галоўнага “выхавальні-ка” і ягонай гатоўнасці ўнікаць ва ўсё. Можа, нарэшце хопіць яму і часу, і адміні-страцыйнай волі, каб вырашыць справядліва лёс Нацыянальнага ліцэя імя Якуба Коласа і Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў адпаведнасці з прынятымі законамі і традыцыямі цывілізацыі. Праўда, для гэтага яму б не лішне было павучыцца стандартам дэмакратычнасці і талерантнасці, свабоды і плюралізму думак. Аднак дзе ўзяць на гэта такога дэфіцытнага часу?..

Ну але ў міністра адукацыі за спіною салідныя гады выкладчыцкай і педагагічнай працы і ў яго, скажам так, ёсць не толькі службовае права вучыць іншых. А вось адкуль узялося такое права ў некаторых нашых палітыкаў і аналітыкаў? Адкуль, напрыклад, яно ў Яўгена Новікава і Таццяны Красоўскай? Не праходзіць тыдня, каб яны не вучылі з экранаў не толькі беларускіх тэлегледачоў, а нават і выбраных народамі суседніх краін лідэраў, як тым паводзіць сябе ў складаных міжнародных сітуацыях, з кім сябраваць, а з кім варагаваць, якія заключаць дамовы і якія прымаць законы. Можна падумаць, што нашы балбатлівыя каментатары лепш пра-інфармаваны пра розныя сакрэтныя перамовы на вышэйшым узроўні, чым міністэрствы замежных спраў суверэнных дзяржаў і іхнія спецслужбы... А з якой самаўпэўненасцю павучае і Вашынгтон, і Крэмль наш неўтаймоўны “праўдаруб” і “жалезны бальшавік” Сяргей Іванавіч Касцян! Толкам не вывучыўшы (мяркуючы па ягоных гнеўных эскападах) ні сусветнай гісторыі, ні стандартаў дыпламатыі, размахваючы “рэвалюцыйнай шашкай”, ён усё вучыць, вучыць, вучыць...

Паслухаеш іх, дык атрымліваецца, што мы — самыя разумныя, самыя справядлівыя, самыя мірныя ў свеце і не маем ніякай патрэбы ні ў якіх уроках, ні ў якім чужым вопыце. Наадварот, усе павінны настойліва і цярпліва вучыцца ў нас, усе павінны ўзяць нашу краіну і наш шлях развіцця за найлепшы ўзор. Дзіўна толькі, чаму дасюль у нас ураджаі не такія, як ў Германіі, электроніка не такая, як у Японіі, а зарплата не такая, як у Злучаных Штатах Амерыкі...

Ці не варта ўсё ж прыслухацца да вялікага правадыра пралетарыяту? Ён жа і за мяжой бываў, і амаль дзесятак моваў ведаў, і да гэтага часу лічыцца палітычным прагматыкам. Можа, варта яму паверыць і — вучыцца, вучыцца, вучыцца? Тады, глядзіш, і свет да нас павернецца з увагай і павагай...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)