Спорт
Анастасiя Зелянкова

Вось такая «каўбаса»

У мiнулы аўторак Пiт Паўлаў шукаў сексапiльных, разняволеных дзяўчат. Менавіта такой была мэта кастынгу на будучы кліп гурта Garadzkija да песні “Каўбасіць ды плюшчыць”.

Паколькі плануецца, што кліп будзе з эратычным ухілам, арганізатары вырашылі наладзіць для канкурсантак цэлы шэраг выпрабаванняў, сярод якіх танцы на стале, распрананне і яшчэ шмат чаго цікавага. У сталічнай сinema кавярні “д’Ом”, дзе і адбываўся кастынг, здзіў-ляць сваёй сексуальнай разняволенасцю сабраліся два дзесяткі дзяўчат. Некаторыя сціпла сядзелі на крэслах і пужліва глядзелі навокал праз шкло акуляраў. Іншыя ж, наадварот, эпаціравалі публіку сваімі сексапільнымі ўборамі: праз празрыстую спадніцу адной з удзельніц на трусах, апранутых паверх чырвоных панчох, чыталася прызыўнае “love me”.
Спачатку Піт Паўлаў прапанаваў усім прагледзець некалькі кліпаў, каб дзяўчаты крыху зразумелі, што ад іх патрабуецца. Падабраныя вiдэаролiкi балканскiх груп, на думку музыканта, былi найбольш яскравым прыкладам таго выйсця з сітуацыі, калі “прыгожых дзяўчат навокал многа, а грошай мала”. “У нас, — казаў ён, — становішча падобнае да балканскіх калег. Толькі прыгожых дзяўчат яшчэ болей, а грошай яшчэ меней”.
Па задуме аўтараў, у будучым кліпе плануецца за-дзейнічаць з дзесятак дзяўчат, бо, акрамя галоўных роляў, прадугледжаныя таксама і групавыя (у сэнсе, агульныя танцавальныя) сцэны. Аказалася, што нічога ТАКОГА дзяўчатам у кліпе рабіць не прыйдзецца. Паводле сцэнару, галоўны герой прачынаецца ў ложку, дзе побач з ім спіць дзяўчына — па раскіданых па падушцы валасах можна меркаваць, што бландзінка. У апошнім кадры — тая ж сцэна, толькі побач ужо брунетка. Паміж гэтымі двума сцэнамі эратычныя танцы, незразумелыя перамяшчэнні… Карацей, калі ў двух словах — “каўбасіць ды плю-шчыць”.
Кастынг пачаўся з невялічкага інтэрв’ю з удзельніцамі, падчас якога рабіліся іх фота- і відэаздымкі. Гле-дзячы на некаторых “сексуальна-разняволеных” дзяўчат, узнікала ўражанне, быццам прысутнічаеш на дзіцячым ранішніку. Хаваючыся ў свае тоўстыя світэра, яны чырванелі ўжо ад адных толькі пытанняў пра месца вучобы, узрост і захапленні. Але былі і такія, што смела заяўлялі, што дзеля мастацтва гатовыя на ўсё. Прадэманстраваць, на што дакладна, іх чамусьці не прасілі.
І хоць у праграме мерапрыемства сярод іспытаў было пазначана: “здыманне кашулі перад камерай (цыцкі ў станіку, жывот)...”, прадэманстраваць свае прывабнасці змагла толькі адна дзяўчына. Пасля настойлівых угавораў нясмелымі рухамі яна-такі рашпіліла кофтачку. Некаторыя, магчыма, і згадзіліся б распрануцца да станіка, ды загвоздка была ў тым, што самога станіка пад пінжаком якраз не аказалася.
Увогуле, высветлілася, што ў нашай краіне сексуальная разняволенасць межаў не мае і аднолькава добра пачувае сябе і ў педуніверсітэце, і ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва, і нават на электрамеханічным заводзе. Дарэчы, у некаторых удзельніц кастынгу быў і вялікі вопыт відэаздымак — як прызналася адна з канкурсантак, “с 3 лет папа на камеру снимал”.
— Што вы думаеце пра цяжкую музыку? — засыпаў дзяўчат рознымі каверзнымі пытаннямі рэжысёр будучага кліпа Максім Субоцін.
— А чё? Нормальная музыка! — чулася ў адказ.
На жаль, не ўсе канкурсанткі былі знаёмыя з творчасцю гурта Garadzkija, але тым цікавей музыкам было пачуць пра глыбінны філасофскі сэнс сваёй песні “Каўбасіць ды плюшчыць”.
Каб сэканоміць час, нават “лізанне “чупа-чупса” вырашылі спалучыць з эратычным танцам пад музыку з будучага кліпа. Дзяўчаты па трох “каўбасіліся” перад журы, дэманструючы ўсе свае здольнасці. Некаторыя танчылі на стале, прычым, трэба аддаць належнае, рабілі гэта даволі прафесійна (у мяне нават узнікла думка, ці не магла я іх бачыць на нядаўнім фестывалі стрыптызу).
— Мне ўсе дзяўчаты спадабаліся, — прызнаўся пасля кастынгу Піт Паўлаў. — Думаю, што мы знойдзем прымяненне амаль для ўсіх. І не абавязкова ў кліпе, — канстатаваў музыка, але, убачыўшы мой недаўменны твар, адразу ж дадаў: — У нас многа іншых творчых праектаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)