Вольскі: «Прыйдуць новыя часы, і людзі самі выберуць — што сьвяткаваць, у што гуляць, адзеньне якіх колераў насіць, за каго галасаваць»

Лявон Вольскі на budzma.org разважае пра беларускую асаблівасць — мець усяго па два, у тым ліку Каляды і Раство, забароны на буржуазныя святы і ўрэшце — свабоду выбару, якая абавязкова вернецца, калі прыйдзе час.

Лявон Вольскі

Адгрымелі-адшумелі зімовыя сьвяты. Адстраляліся пэтардамі, адзіхацелі гірляндамі, адмітусіліся чэргамі ў перадсьвяточных гандлёвых цэнтрах...

У беларусаў усяго па два

Зрэшты, для некага прыход новага году — гэта яшчэ не канец сьвяткаваньня. Бо ў нас, у беларусаў, усяго як мінімум па два. Дзьве душы, Менск і Мінск, Дзед Мароз і Сьвяты Мікалай, Каляды й Раство. Ой, ледзь не забыўся — Новы год і Стары Новы год!

Таму для аматараў пасьвяткаваць ёсьць для гэтага сапраўдныя нагоды — пачынаючы з 25 сьнежня і сканчаючы 13 студзеня! Каляды мы сьвяткуем разам з большасьцю хрысьціянскага сьвету, а Раство — разам з Расеяй, Грузыяй ды Сэрбіяй. Бо гэтыя праваслаўныя цэрквы жывуць паводле старога юліянскага календара. Раней Украіна таксама сьвятавала 7 студзеня, але цяпер адзначае Каляды 25 сьнежня.

Мяне ў гэтай стара-новай каляндарнай блытаніне заўсёды турбавала пытаньне: калі вы адзначаеце Раство 7 студзеня, дык якое можа быць сьвяткаваньне Новага году з 31 на 1? З ігрыстым, аліўе, селядцом пад футрам, танцамі й песьнямі. Гэта ж мусіць быць самы пост! Сьвяткуйце тады й Новы год па старым стылі — з 12 на 13 студзеня! Не. Ня хочуць. Можа быць, у гэтым крыецца адна з адметнасьцяў нашага «асаблівага шляху»?

З Калядамі неяк недаглядзелі

Малюнак Андруся Такінданга

А, можа быць, проста яшчэ не навялі належны парадак? Улады і шматлікія «неабыякавыя асобы». Ну, скажыце, навошта нам гэтыя празаходнія Каляды 25 сьнежня? З Хэлаўінам ужо змагаліся і, можна сказаць, перамаглі — з такім імпэтам і масавасьцю, як раней, ужо не сьвяткуюць. Са Сьвятым Валянцінам — таксама.

А вось з Калядамі неяк недаглядзелі. Зрэшты, былі некаторыя праявы «пільнасьці» — паступалі сыгналы пра зьяўленьне несанкцыянаванага Санта-Клаўса на ялінцы ў паштовым аддзяленьні ці то якога аленя, чуждага нашым каштоўнасьцям. Іх тэрмінова прыбралі. Але ўсё адно сьвяткуе народ. Адзначае, і даволі масава. Трэба забараніць! Як у галівудзкім фільме.

Забараніць «Манаполію»

Забараняць у нас умеюць. Навучыліся за доўгія гады. Вось нядаўна забаранілі «Манаполію». Не, не хвалюйцеся, пакуль што толькі за неадпаведнасьць нейкім там дзяржстандартам — літары на картках былі меншыя за норму. Але адразу падумалася: вось малайцы, «неабыякавыя людзі»! Дабраліся ўрэшце й да «Манаполіі»!

Крыху лірыкі. Упершыню з гэтай бізнэс-стратэгіяй я пазнаёміўся ў дзяцінстве. Мы адпачывалі ў Крыме (неяк нерэальна гучыць для цяперашняга часу), і нас адным вечарам запрасілі ў госьці на адно лецішча.

Гэта было такое савецка-элітнае лецішча — зь вялікім домам, дзе былі ўсе выгоды, з садам, платанамі ды магноліямі. І вось у гэтым элітным доме ладзілася партыя ў «Манаполію». То-бок, гэта была цэлая акцыя, параўнальная цяпер хіба з гульнёй у гольф. Усе расьселіся вакол круглага стала і пачалі гуляць.

 Поле, карткі з вуліцамі і грошы былі аддрукаваныя на ксэраксе (ці што там тады было? ратапрынт які-небудзь?), а потым старанна размаляваныя каляровымі флямастарамі (дарэчы, гэта быў дэфіцытны тавар!). Правілы я вывучыў у працэсе гульні. Мне пашчасьціла набыць King Cross Station і Park Line, і да фіналу я дайшоў не банкрутам і нават пры грашах.

Гэтая «Манаполія» так мяне захапіла, што потым я некалькі разоў майстраваў нешта накшталт гэтае гульні, і мы вечарамі гулялі ў яе ў бацькі на лецішчы (натуральна, зусім не такім «мажорным», як тое, крымскае). Дый скажу вам шчыра: я й цяпер, калі ёсьць час, ня супраць згуляць партыю ў сямейна-сяброўскім коле.

Беларуская рэчаіснасьць: забарона на Хэлаўін і Сьвятога Валянціна

Вернемся да нашай рэчаіснасьці. Куды глядзяць «неабыякавыя людзі», прапагандысты і розныя чыноўнікі? У беларускай краме ў агульнай дасяжнасьці прадаецца «Манаполія» і, я ўпэўнены, дзясяткі іншых імпэрыялістычных гульняў!

Скажу вам шчыра, на сваім сумным прыкладзе: гэтыя гульні зь дзяцінства падсаджваюць нас на буржуазныя каштоўнасьці і прышчапляюць нам любоў да сьвету чыстагану! Гэта трэба неадкладна забараніць!

А забараняць, як вы ведаеце, у нас выдатна ўмеюць. Вось забаранілі Хэлаўін — і супэр! Бяда толькі, што замяніць няма чым. Нешта там млява мармыталі пра «гарбузовы спас», памармыталі — і ўсё.

Са Сьвятым Валянцінам — тое самае. Ну, не замяняецца ён на 23 лютага і 8 сакавіка! Ня тое гэта ўсё. Не замяняюцца валянцінкі, ружовыя й чырвоныя шарыкі і ігрыстае ружовае віно на Дзень Савецкай Арміі і Клару Цэткін!

Яно ўсё гэткае прыгожае, зіхоткае, цацачна-падарункавае, апетае ў сотнях галівудзкіх фільмаў — Каляды са сваімі аленямі, камінам і Сантам, з кока-колай, з саўндтрэкам, які цэлы месяц суправаджае нашае жыцьцё, з Бэтлеемскай зоркай і запаветнымі жаданьнямі... З чаканьнем каляднага цуду.

І «Манаполія» — такая прыцягальная, такая смачная! Чым вы яе заменіце? Настольнай гульнёй у фашыстаў ды партызанаў? Ці ў мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны?

Можна забараняць усё што хочаш, але ўрэшце прыйдуць новыя часы, і людзі самі выберуць — што сьвяткаваць, у што гуляць, адзеньне якіх колераў насіць, за каго галасаваць. Па-іншаму й быць ня можа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(35)