Сваркі, высьвятленьні адносінаў, бойкі… Хоць і мірныя людзі, але знэрваваныя. Але ніхто нават на думцы ня мае пратэставаць супраць сыстэмы, якая, уласна кажучы, і стварыла ўсе гэтыя чэргі на ўсіх гэтых межах.
Вольскі: «Мы ведаем, што ўрэшце прыйдзе Вызваленьне, і нашая зямля ачысьціцца ад гэтае навалачы»
На budzma.org Лявон Вольскі разважае пра чэргі на мяжы і мірных беларусаў, гатовых з гуманітарнымі візамі па 60 гадзін стаяць у тых чэргах, а таксама пра салідарнасьць і доўгачаканае Вызваленьне.
Прайсьці мяжу ў найкарацейшы тэрмін
Мы — беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі
На мяжы стаіць велізарная чарга — людзі хочуць сустрэць Навагоддзе са сваімі роднымі й блізкімі. На гэтай самай роднай зямлі. Яны гатовыя стаяць у чарзе 60 гадзінаў, каб толькі зьесьці свой «аліўе» і запіць яго шампанскім за сьвяточныя сталом у Беларусі.
Стаяць у гэтай чарзе — цяжкае выпрабаваньне. Няма чаго есьці, няма чаго піць (якое там аліўе з шампанскім!), прыбіральняў навокал таксама няма. Але людзі гатовыя трываць.
Адно што зрываюцца на суседзях па чарзе. Некаторыя купляюць мейсца ў гэтай бясконцай чарадзе (хаця каштуе зусім ня танна!) і спрабуюць улезьці. Тады заднія іх не пускаюць, маўляў, мы тут стаім другія суткі, а вы думаеце, што можна так вось проста — заплаціць ды ўвапхнуцца?!
Наадварот, запытаесься ў асобна ўзятага «сярэдняга» беларуса, як ён прайшоў мяжу, дык ён вам адкажа: «Ды ўсё было б добра, каб гэтыя палякі (літоўцы, латышы) нармальна працавалі. А яны — так ужо марудна, так запаволена! Зусім працаваць ня хочуць».
То бок, вінаватыя ва ўсім заходнія памежнікі. І наогул заходнія ўрады. Яны ж аддаюць загады памежнікам. А тое, што гэтыя ўрады зачынялі памежныя пераходы празь бясконцыя атакі мігрантаў з тэрыторыі Беларусі — гэта ня нашая справа.
Нашая справа — прайсьці мяжу ў найкарацейшы тэрмін, каб сесьці за сьвяточны стол зь сям’ёю, якую мы ня бачылі аж цэлы месяц з папярэдняга наведваньня. Бо мы ж — сэрцам адданыя, праўда?
З гуманітарнай візай празь мяжу туды-сюды
А ў пашпарце нашым — гуманітарная віза. І мы вельмі нэрвуемся (мірныя-то мірныя, але…), калі ў эмігранцкім пабліку нехта піша: «Чаго вы лазіце з гуманітарнай візай празь мяжу туды-сюды?! Праз вас хтосьці, каму сапраўды небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі, ня здолее гэтую візу атрымаць!».
Мы нэрвуемся. Мы кажам: «Нідзе не напісана, ні ў водным законе, што з гуманітаркай нельга езьдзіць на радзіму! А нам — вельмі трэба. І мы будзем езьдзіць. Бо мы сэрцам адданыя». Вось так. І мы езьдзім. Возім на радзіму NIVEA. Стаім у чэргах.
Дазвол на жыхарства: заяўляць — не заяўляць
Ці то мы маем дазвол на жыхарства. Выдадзены праз гуманітарную візу. І мы вельмі хвалюемся: ці сапраўды трэба ісьці й заяўляць пра гэты дазвол? Калі не заявіш, дык раптам потым ня выпусьцяць з гэтай нашай роднай зямлі? Якой мы сэрцам адданыя.
Мы занепакоеныя, запытваемся ў эмігранцкіх пабліках, там адказваюць рознае: «так, абавязкова трэба, бо ёсьць рызыка, што ня выпусьцяць», «не, ня трэба, я ехаў надоечы й паказаў дазвол, і прапусьцілі без праблемаў». Хутчэй за ўсё, лепей заявіць. На ўсякі выпадак. Вось стаім у чарзе і нэрвуемся: заяўляць — не заяўляць?
Перакладнымі праз Расею да навагодняга стала
Мы можам мець нават міжнародную абарону і ўсё адно будуем пляны — як бы гэта нам прабрацца на родную зямлю (мы ж ёй адданыя!) і апынуцца за навагоднім сталом, на якім шампанскае, «футра», канапкі з ікрой і аліўе? Можа, ёсьць варыянт патрапіць да гэтага чароўнага стала праз Расею? Нейкімі перакладнымі — Пскоў, там, які-небудзь… А што? Вельмі ж трэба!
І пакуль мы стаім у чарзе, на роднай зямлі адбываюцца ўсялякія працэсы — падрыхтоўка да выбараў нейкіх там дэпутатаў, візыты першае асобы ў Афрыку, Азію ды Расею, узнагароджаньне жонкі Дзьмітрыя Лукашэнкі дзяржаўнай прэміяй «За духоўнае адраджэньне» — «за вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва» і прыняцьце закону пра недатыкальнасьць былога (у далёкай пэрспэктыве) прэзыдэнта і ўсіх чальцоў ягонае сям’і (а гэта, відаць, не адзін дзясятак чалавек), а таксама пажыцьцёвую аплату дзяржавай усіх патрэбаў гэтых аўгусьцейшых пэрсонаў.
Нам усё гэта нецікава. Мы заклапочаныя тым, каб хутчэй прайсьці мяжу, сустрэцца са сваякамі і сесьці за ўрачысты сьвяточны стол.
Салідарнасьць нікуды ня дзелася
Мы насамрэч розныя. І пакуль адны «мы» стаім у чарзе на мяжы, іншыя «мы» пішам ліст палітвязьню, які ў 20-м разам з намі піў гарбату ў нашым агульным двары, разьвешваў бел-чырвона-белыя стужачкі і стаяў у ланцугу салідарнасьці. Нам пашчасьціла, а яго не абмінула нялёгкая доля беларускага палітзьняволенага.
Салідарнасьць нашых двароў нідзе не падзелася — так, можа быць, яе не відаць няўзброеным вокам, мы болей не зьбіраемся на вуліцах, не дэманструем у адкрытую свае погляды. Але мы рэгулярна ходзім у госьці адно да аднаго, дзелімся ўражаньнямі ад жыцьця і тое-сёе плянуем.
Пішам лісты сваім сябрам, якія цяпер за кратамі. Зьбіраем перадачы. Шмат чаго робім, вам нават лепей ня ведаць усіх шчыгулаў. І мы насамрэч адданыя сэрцам гэтай нашай роднай зямлі, якая часова захопленая несумленнымі падступнымі людзьмі.
І мы ведаем, што ўрэшце прыйдзе Вызваленьне, і нашая зямля ачысьціцца ад гэтае навалачы. І калі 31-га апоўначы праб’е дванаццаць, па нашых спальных, рабочых, цэнтральных — па ўсіх раёнах пракоціцца ня толькі «З Новым годам!», але й «Жыве Беларусь!».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное