Вольскі дасьць канцэрт на плошчы Свабоды
Гадзінны канцэрт адбудзецца 19 жніўня ў межах конкурсу «Засьпявай 3.0» на летняй тэрасе кавярні «Chill out». Лявон Вольскі прасьпявае найлепшыя песьні, якія можна выканаць у акустыцы.
Арганізатар конкурсу Сяргей Будкін атрымаў гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт Віктара Лупасіна, Фёдара Жывалеўскага і гурта «Лейбонік» пры ўдзеле Лявона Вольскага. Дакумэнт падпісаны першым намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня — начальнікам упраўленьня культуры Рудзікавай В. У.
«Гэта не зусім сольны канцэрт Лявона Вольскага. Гэта апошні канцэрт у летняй сэрыі конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай 3.0». Вольскі ўваходзіць у склад журы, і мы прапанавалі яму выступіць», — кажа Сяргей Будкін.
Ён адзначыў: казаць пра тое, што канцэртная дзейнасьць Вольскага цалкам дазволеная, рана.
«Складана сказаць, што адбываецца ў галовах чыноўнікаў, якія даюць гастрольныя пасьведчаньні. Толькі спадзяюся, што ўсім хопіць розуму не перашкаджаць і даць Лявону выступіць і падтрымаць маладых выканаўцаў», — адзначыў арганізатар канцэрту.
Сяргей Будкін папярэджвае: нягледзячы на тое, што гастрольнае пасьведчаньне атрыманае, гарантаваць тое, што канцэрт адбудзецца, немагчыма:
«Яшчэ ня факт, што канцэрт пройдзе. Гэта вялікая рызыка. Мы адразу будзем пра гэта папярэджваць тых, хто будзе набываць квіткі. Але ў выпадку забароны канцэрту набыты квіток будзе дзейнічаць як сэртыфікат на пакупку ў краме symbal.by».
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное