Лица

Вольскі: « Чаму Бабарыка прарасійскі кандыдат? Больш прарасійскага кандыдата, чым Лукашэнка, ужо не будзе»

Папулярны выканаўца — пра фенаменальныя падзеі ў краіне і пра тое, што нас чакае.

Фото Еўрарадыё

— У нас зараз наогул усё, што адбываецца, фенаменальнае. Самаарганізацыя народа — гэта вельмі класна, — распавёў Лявон Вольскі ў інтэрв’ю AFISHA.TUT.BY.  — Бо ў нас, я лічу, 26 гадоў кіроўнае кола працавала на дэзінтэграцыю ўнутры краіны, каб усе былі разгрупаваныя, каб не было кам’юніці. А цяпер адбываецца наадварот: людзі знаёмяцца, камунікуюць. Гэта класна, гэта трэба заахвочваць і дапамагаць людзям у гэтай справе.

— Ёсць такая кропка незвароту: далей ужо нельга цярпець. Мы ўвесь час казалі, што [у Беларусі] сітуацыя абсалютна ненармальная для еўрапейскай тэрыторыі, ды і наогул.

Раней людзі займаліся сабой, сваім дабрабытам, крэдытамі, пабудовай катэджаў, кватэр. А цяпер апроч загарадных дамоў патрэбная яшчэ і свабода. У цябе дома можна быць усё нармальна, па-еўрапейску, але выходзіш на вуліцу — і там такое… «Я хачу выйсці — і каб было, як у Вільні», — казалі мне знаёмыя.

Лявон Вольскі

Паводле Вольскага, ніхто, нават тыя, каго мы баімся, не адчувае сябе ў бяспецы ў Беларусі.

— І нават, так бы мовіць, кіроўная эліта зусім не адчувае сябе ў бяспецы, я ўпэўнены.

...Калі ў Беларусі будзе ўжо зусім Гаіці 1960-х гадоў, ніякага сэнсу тут заставацца няма. Але пакуль нашая роля — падтрымліваць народ і па магчымасці знаходзіцца побач з ім.

Але, калі будуць нейкія запрашэнні па-за мяжой і не будзе праблем з перасячэннем мяжы, я б з’ездзіў туды, пайграў.

Ведаеце, я не займаюся палітыкай, але гэты прывід прарасійскага кандыдата пачынаецца яшчэ з часоў Някляева (яго чамусьці клеймавалі прарасійскім кандыдатам). Чаму Бабарыка прарасійскі кандыдат? Таму што ён працаваў у філіі расійскага банка? Больш прарасійскага кандыдата, чым Лукашэнка, ужо не будзе.

Лявон Вольскі

— У самыя цёмныя часы я казаў, што нас чакае светлая будучыня. І я застаюся на гэтай пазіцыі. Колькі гэта будзе працягвацца, сказаць складана, усё хістаецца. Але нядоўга, здаецца, максімум два гады. А можа і некалькі месяцаў. Хочацца быць аптымістам, не хочацца з’язджаць адсюль.

Мы бачым на прыкладзе Ціханоўскай, што нават чалавек, абсалютна не падрыхтаваны да ролі прэзідэнта, можа адэкватна выглядаць на гэтай пасадзе. А ёсць людзі, якія ўсё жыццё застаюцца аднолькавыя. І яны ўжо 26 гадоў намі кіруюць.

Калі пачалася акупацыя Крыма, тады яны ўсе спалохаліся, ён [Лукашэнка] таксама: дазволілі вышыванкі і святкаванне 25 сакавіка. Гэта была перамога страшная! Але, як бачым, гэты чалавек і людзі, якія з ім ідуць, не змяніліся і ўжо не зменяцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)