Віталь Цыганкоў, sn-plus.com

Віталь Цыганкоў: Беларусы не дараслі да свабоды?

Публіцыст — пра дзве групы, якія адмаўляюць беларусам у падрыхтаванасці да пераменаў і лепшага жыцця.

Віталь Цыганкоў, фота з Facebook

З аднаго боку – «патрыёты», якія не ўспрымаюць большасць беларусаў як дастаткова «правільных», з другога боку – некаторыя палітолагі, якія нястомна імкнуцца даказаць беларусам, што іх чакаюць неймаверныя жахі пасля перамогі над Лукашэнкам.

У сацыяльных сетках людзі, якія ў якасці найвялікшай абразы называюць апанентаў рэжыму «невероятными», месяцамі прасоўваюць нескладаную думку, што ўсе гэтыя сотні тысяч людзей, якія выйшлі на вуліцы ў жніўні, не заслужылі перамогі. Не хапала ў іх, маўляў, нацыянальнай самасвядомасці, не могуць яны пералічыць усіх князёў ВКЛ і не ведаюць напамяць «Магутны Божа».

Во як: беларусы не гатовыя жыць без дыктатуры!

І паколькі большасць з пратэстоўцаў, магчыма, сапраўды, не заўсёды адрозняць верш Купалы ад верша Коласа і не спявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» – то значыць, і добра, што яны не перамаглі.

Маўляў, і бел-чырвона-белы сцяг, і Пагоню яны паднялі на шчыт выключна як пратэстны, антылукашэнкаўскі сімвал, не ўспрымаючы яго як сімвал гістарычны і нацыянальны.

Праўда, аднак, у тым, што нават калі нейкай чароўнай палачкай усе беларусы адначасна стануць максімальна патрыятычнымі і нацыянальна арыентаванымі, то для тых крытыкаў гэта нічога не зменіць.

Яны надта даўно аднолькава ненавідзяць як беларускамоўных, гэтак і рускамоўных, так даўно абразліва выказваюцца як пра любыя дэмакратычныя беларускамоўныя партыі («падстаўная апазіцыя»), так і пра незалежныя СМІ («дэмСМІ»), так і пра грамадзянскую супольнасць («грантасосы»), так і пра асобных палітыкаў і журналістаў.

Калі яны не грэбуюць называць агентамі рэжыму тых людзей, якія гады правялі за кратамі, – ці варта ад іх чакаць нейкіх добрых словаў пра «звычайных» беларусаў.

Не важна і тое, што гэтыя звычайныя беларусы павярнуліся не толькі да бел-чырвона-белага сцягу – яны, можа ўпершыню ў жыцці, павярнуліся да беларускай мовы і культуры, запрашаючы на свае дваровыя сустрэчы беларускіх спевакоў і пісьменнікаў. Але для некаторых яны ніколі не будуць дастаткова правільнымі.

З іншага боку, жнівень 2020 году не жадаюць успрымаць некаторыя «рэалісты» палітолагі, якія, здаецца, асноўную мэту свайго жыцця бачаць у тым, каб даказваць, што на самой справе беларусы мала змяніліся, у Лукашэнкі шмат прыхільнікаў, і большасць беларусаў не дарасла да свабоднага грамадства.

Яны з нейкай незразумелай адданасцю пераконваюць, што беларусы не гатовыя жыць без дыктатуры, што сыход Лукашэнкі не пазбавіць Беларусь ад сістэмных праблем, якія адлюстроўваюць сённяшні ўзровень свядомасці і развіцця беларускага грамадства.

Чаму ў гісторыі так не бывае

Людзі, якія з гэтых двух бакоў (ёсць яшчэ трэці – дзяржаўная прапаганда, але там мне няма чаго абмяркоўваць) абвяшчаюць беларусаў няздатнымі да жыцця ў дэмакратычнай краіне, – магчыма, маюць нейкія фантастычныя ўяўленні, калі спачатку грамадства павінна стаць ідэальным, а потым ужо скласці з сябе, такіх ліберальных ці такіх патрыятычных, нейкую ідэальную краіну.

У гісторыі так не бывае.

У гісторыі часцей бывала, калі спачатку адбываліся нейкія палітычныя змены, а ўжо потым грамадства дарастала, прымала іх. Дзяржавы станавіліся незалежнымі, што ў 1918-м, што ў 1950-я, што ў 1991-м – і толькі потым народы гэтых дзяржаваў «дарасталі» да гэтага новага статусу.

Нярэдка эліты прымалі нейкае прагрэсіўнае рашэнне (як, напрыклад, адмена смяротнага пакарання ў Еўропе), і толькі з часам большасць грамадства пагаджалася з ім.

Але ж у Беларусі сітуацыя адваротная – грамадства даўно апярэдзіла ўладу ў сваім жаданні ісці наперад, прымаць прагрэсіўныя змены. Сацыёлагі адзначаюць кардынальныя перамены, якія адбыліся ў беларускім грамадстве за апошнія гады – у каштоўнасцях, базавых устаноўках, у адносінах да асноўных жыццёвых пытанняў. І толькі ўлада смяротна працівіцца гэтым зменам, абапіраючыся на грубую сілу і кансерватыўную адсталую меншасць, якая ўзяла сабе красамоўную назву «ябацькі».

Адзін з галоўных тэзісаў расейскай прапаганды палягае не ў тым, каб даказваць, што ў Расеі добрае і справядлівае жыццё (даказаць гэта немагчыма), а спляжыць, зняславіць жыццё і дасягненні Захаду. Каб у гледача знікала ахвота шукаць праўду ўвогуле, – маўляў, паўсюль карупцыя і несправядлівасць, усе людзі аднолькавыя.

Здаецца, над тым самым эфектам (жадаючы таго ці не) працуюць тыя аналітыкі, які даказваюць беларускаму народу, як цяжка яму будзе жыць пасля перамогі над Лукашэнкам.

І заводы разваляцца. І рэформы будуць нялёгкія, і ўзровень жыцця ўпадзе. Маўляў, гэта нейкія «рамантыкі» мараць пра свабоду і дабрабыт, а мы, «рэалісты», ведаем, што «ўсё гаўно, акрамя пчол. Да і пчолы гаўно».

А за гэтым «белым шумам» яўна ці не яўна навязваецца тэзіс – «І не спрабуйце нават мяняць жыццё. Усё роўна нічога добрага не атрымаецца».

Усім зразумела, што пасля сыходу Лукашэнкі не будзе ніякага раю. Проста пасля Лукашэнкі пачынаецца звычайнае складанае жыццё, жыццё з ягонымі праблемамі, карупцыяй, рознымі інтарэсамі, перацягваннем каната, і галоўнае – уласнай адказнасцю і свабодай выбару.

Як пасля турмы, як пасля дэмбеля.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:51)