Віктар Марціновіч, budzma.by

Віктар Марціновіч: Куды падзелася «рука Масквы»?

Пісьменнік разважае пра неабходныя для перамогі якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Я маю просты адказ на пытанне, чаму беларускамоўныя адкрыта падтрымліваюць настолькі ніякаватых у нацыянальнай тэме кандыдатаў.

Чаму ўваходзяць у ініцыятыўную групу Бабарыкі, чаму збіраюць подпісы за людзей, не здольных нават ясна адказаць, чый Крым. Чаму нават сам Пазняк выказваецца за Ціханоўскага і называе яго «аўтарытэтам».

І чаму ніхто, акрамя дзяржаўнай прапаганды, не бачыць у гэтым праблемы.

Уся справа — у надзеі.

Любы кандыдат, які супраць існага ладу, успрымаецца як чалавек, што скасуе самы галоўны кампанент беларускай «стабільнасці» — адарванасць народа ад прыняцця рашэнняў. Камбінацыя прымусу і падману, праз якую большасці проста не чутно, а людзі «з дварцоў» могуць рабіць усё што заўгодна, кажучы, што менавіта таго хоча насельніцтва.

І Бабарыка, і Ціханоўскі, і Цапкала абяцаюць, што вернуць людзям выбары. І калі ўсё адбудзецца менавіта так, калі палітычных апанентаў перастануць саджаць на настолькі дзікунскіх падставах, як тая правакацыя ў Гародні, дык абавязкова будзе пачутая і пазіцыя тых, што дбаюць пра суверэнітэт і мову.

Будзе спакой за тое, што краінай не стануць гандляваць, аддаючы яе ў абмен на крэдыты ці зніжку па газе.

Цяперашні склад кандыдатаў-лідараў — самы моцны, але і самы сюрны за ўсю гісторыю нашай незалежнасці. Мы маем топ-менеджара буйнога расійскага банка, стаўленне да якога (не да менеджара, а да банка) у насельніцтва вельмі неадназначнае. Пры гэтым менеджар сабраў свой палітычны капітал дзякуючы мецэнацкай падтрымцы беларускага мастацтва (на якое забылася беларуская дзяржава) і некалькім гучным інтэрв’ю. Мы маем вулічнага змагара, рускамоўнага блогера, які стаўся папулярным толькі таму, што даваў мікрафон тым, хто ўжо ахрып, спрабуючы дакрычацца да дзядзечак у кабінетах.

Ніводзін палітолаг ці эксперт не здолее прадказаць дакладныя дзеянні Ціханоўскага па ратаванні беларускай эканомікі ў выпадку перамогі. Ніхто не можа гарантаваць, што тыя дзеянні не будуць вяртаннем да інтэграцыйных тэмаў — перадвыбарчай праграмы мы не бачылі, усім цяпер не да таго. Нарэшце, мы бачым Цапкалу, які паспеў папрацаваць у сістэме і, у адрозненне ад Бабарыкі, беларускае мастацтва і літаратуру не фундаваў (калі фундаваў, мне пра гэта не вядома).

Здавалася б, цяпер Лукашэнка — самы незалежніцкі, самы блізкі поглядам Пазняка кандыдат. Чаму ніхто, рашуча ніхто, не спяшаецца казаць, што ісці супраць — гэта здрада Радзіме і продаж Бацькаўшчыны?

Усё вельмі проста: мы цудоўна памятаем пратэсты супраць інтэграцыі гэтай зімой, што былі разагнаныя і пакараныя роўна ў той момант, калі зрабіліся непатрэбнымі ў дыялогу афіцыйнага Мінска з Масквой. То «нацыяналізм» улады выглядае справай сітуацыйнай, і веры ў такі нацыяналізм няма. Тым больш пасля 26 гадоў змагання з мовай, з нацыянальнымі сімваламі. Ці хаця б толькі пасля гісторыі з «палякам Каліноўскім».

Сапраўды, усе тры альтэрнатывы, якія цяпер падаграюць настроі ў Беларусі, больш «пракрамлёўскія», чым дзейная ўлада. І пры гэтым у маім коле няма людзей, якім бы гэта моцна замінала спадзявацца на іх перамогу. Як пазіцыя Захаду, так і меркаванне Крамля ўпершыню за ўсе папярэднія гады перасталі цікавіць беларусаў, якія нарэшце наважыліся памарыць пра тое, каб самім навесці парадак у хаце.

Дзясятка шалёных фактаў пра беларускія выбары-2020

Але я бачу ў гэтым адзін небяспечны парадокс.

Які палягае на тым, што выдурыць уладу ў групоўкі, якая трымаецца за яе так, як трымаецца ўжо 26 гадоў у Беларусі, можа толькі такі ж ніцшэанскі тып, настолькі ж прагны ўлады лідар. Пакуль ўсе гуртуюцца не вакол Бабарыкі, Ціханоўскага ці Цапкалы, а супраць таго, што ёсць. Але каб перамагчы, любому з трох пайменаваных трэба будзе ўключаць лідарскія якасці, паталагічную харызму і маніпуляванне, давядзецца выціскаць тых, для каго параза будзе значыць пагрозу свабодзе і маёмасці.

І хто, што за характар можа перамагчы ў такіх варунках?

Не задумваліся?

То што вы будзеце рабіць, калі зноў вернецца 1994 год? Калі «Кебіча» падмане атачэнне, а пераможца акажацца зусім не такім коцікам, як падаецца цяпер?

Чытайце Яўгена Шварца: Дракона перамагае толькі Дракон.

То ўпэўніцеся, што вы цалкам падзяляеце погляды свайго кандадата не толькі ў пытаннях, датычных існай сістэмы. Інакш новае пякельца выбудуецца тут без усякай «рукі Масквы».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.8 (оценок:57)