Віктар Марціновіч: «Краіны, якую мы ведалі, больш не існуе»
Пісьменьнік Віктар Марціновіч разважае на Радыё Свабода пра беларускую ананімнасьць зла, абгрунтоўвае свае пэсымістычныя выказваньні і ацэнкі і заяўляе, што цяпер улада змагаецца не з апазыцыйнай культурай, а з культурай у прынцыпе.
— Як справы з «Рэвалюцыяй»? Я, вядома, маю на ўвазе ваш апошні раман, у якога ўжо былі праблемы. Не баіцеся трапіць у сьпіс «экстрэмісцкай» літаратуры?
— Паколькі кніга цяпер прадаецца ў дзяржаўных кнігарнях — я так разумею, што тыя, ад каго залежаў яе лёс, усьвядомілі, што гэта мастацкі твор, дзеяньне якога адбываецца ў Маскве, у нулявыя гады. І забараняць яго ня варта. Тым больш што гісторыя забароны майго першага рамана «Параноя» толькі дадала яму цікавасьці.
«Рэвалюцыя» чытаецца, актыўна камэнтуецца. Трэба сказаць, што шмат каго расчароўвае пэўны пэсымістычны мэсыдж, які ёсьць у рамане, многія чакалі нейкага падбадзёрваньня. Як выказаўся адзін з чытачоў, гэта гісторыя пераўтварэньня добрага чалавека ў кепскага праз датычнасьць да пэўнай улады.
Раман зараз выйшаў у Расеі, прадаецца ва ўсіх маскоўскіх кнігарнях, у «Доме кнігі», ягоны посьпех у Нямеччыне ўражвае, бо мы трапілі на тэлевізію, былі рэцэнзіі ў вельмі прэстыжных выданьнях.
— Акурат наконт пэсымістычнасьці... Некалькі вашых апошніх інтэрвію і выказваньняў якраз напоўненыя гэтым самым пэсымізмам. Вядома, вы скажаце, што гэта на самой справе рэалізм і аб’ектыўная ацэнка сытуацыі. Але можна спрачацца наконт дарэчнасьці і своечасовасьці нейкіх ацэнак. Чалавеку, які памірае, зусім не абавязкова штодня нагадваць, што ён памірае. Але вы настойваеце на сваіх ацэнках, бо гэта вашы дакладныя адчуваньні, і вы ня хочаце ад іх адступаць, нават калі гэта «непаліткарэктна» ці несвоечасова?
— За кошт залішняга аптымізму могуць здарыцца асабістыя памылкі ў людзей, якія не ўсьведамляюць, дзе апынуліся. Так, чалавеку, які памірае, ня варта казаць, што ён памірае. Але яму трэба сказаць, што ён памірае, у тым выпадку, калі ён гэтага не разумее. І калі ты ведаеш, што ты сьмяротна хворы, то будуеш сваё жыцьцё па-іншаму.
Я выдатна ўсьведамляю, што некаторыя мае інтэрвію могуць быць дэматывуючымі, і таму я імкнуся ня бразгаць гэтымі словамі надта шмат. Але калі я бачу... Гэта было асабліва актуальна летам, калі ўсе ашалелі ад вельмі кранальнай еднасьці, якая ўсіх захапіла. Я тады быў проста змушаны зьвярнуць увагу на тое, што гэты карнавал мае крышачку пахавальнае адценьне. Кім бы я быў, калі б пра гэта не папярэдзіў? Магчыма, шмат рэчаў лепш бачныя чалавеку, які чытае кнігі, а не чалавеку, які чытае тэлеграм-каналы.
Але ваш закід я прымаю. Я разумею, што любыя словы мадэлююць рэальнасьць, ня столькі адлюстроўваюць яе, колькі задаюць пэўны настрой. Я ведаю, што ёсьць людзі, якія вельмі пільна слухаюць мяне.
Аднак гэта ня той момант, калі я магу сказаць нешта суцяшальнае. Бо калі я скажу нешта суцяшальнае і нехта праз гэта зробіць дзею, якая скалечыць лёс чалавека, я буду адчуваць велізарную адказнасьць. Большую, чым адказнасьць, якая вынікае з таго, што я нікога не падбадзёрваю.
— Некаторыя вашыя творы з пэўнай доляй умоўнасьці можна назваць антыўтопіяй («Мова», «Ноч», дый «Паранойя»). І вы цяпер, магчыма, ня можаце пазьбегнуць спакусы, каб не знаходзіць у цяперашнім беларускім жыцьці паралелі з вашымі творамі. Ці не падаецца, што мы паглыбляемся ў нейкую антыўтопію і людзям застаецца гадаць, ці гэта Оруэл, ці Гаксьлі, ці Марціновіч?
— Раман «Мова» быў напісаны як папярэджаньне. Ён быў напісаны дзеля таго, каб будучыня, якая там апісана, ніколі не адбылася. Тое, што цяпер адбываецца з культурнымі імпрэзамі, зь любой дзеяй, якая мае прыкметы беларускасьці, — гэта ажыцьцяўленьне сцэнару, апісанага ў «Мове». І роля Кітаю ў Беларусі расьце, Чайна-таўна пакуль няма, але ён будзе.
Я адчуваю цяпер, што сэрца гэтай краіны перастала біцца. Тая краіна, якую мы ведалі, якую любілі — памерла, больш не існуе. Мы цяпер знаходзімся ў стане чыстца. І мы можам з гэтага чыстца пайсьці ў пекла (і ўсё да гэтага ідзе), а можам пайсьці ў рай.
Я чалавек культурніцкі, я жыву культурай. І цяпер усё, што я любіў, альбо забаронена, альбо немагчыма. Я гэтага не прадказваў, бо тое, што адбываецца цяпер, сягае далей за любую маю фантазію, нават самую змрочную.
— Падзеі ў Беларусі нараджаюць шмат філязофскіх роздумаў, напрыклад, наконт таго, што можна зрабіць зь людзьмі за адносна кароткі час — у Эўропе, у 21-м стагодзьдзі. Магчыма, нават самыя пэсымістычныя асобы не маглі ўявіць тыя маштабы зьверстваў і катаваньняў, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020-м. Як такое стала магчыма?
— Каб такое сталася магчымым, патрэбна была адна ўмова — ананімнасьць. Адчуваньне, што ты гэта робіш, як нейкая шрубка ў сыстэме. Дарэчы, пра гэта ёсьць песьня ў новым альбоме Лявона Вольскага. Ананімнасьць зла — гэта самае страшнае, гэта нават страшнейшая рэч за банальнасьць зла, пра якую пісала Арэнт.
Эйхман дакладна ведаў, што ён робіць, якія загады выконвае. А ў выпадку ананімнасьці зла «Эйхман» зьнікае, усё робіць нейкая ананімная, нябачная структура. І чалавек, які ператварыўся ў структуру, здольны на большае зло, бо ён робіцца функцыяй.
— Пры гэтым калі ім даецца загад быць спакойнымі і ветлівымі, — то яны могуць быць такімі. І ў астатнім, не службовым жыцьці яны, магчыма, звычайныя людзі, мужы і бацькі. Але калі ім даецца дазвол «затрыманых не шкадаваць» — яны імгненна могуць стаць зьвярамі.
— У мяне ёсьць на гэтую тэму раман «Сьцюдзёны вырай». Там менавіта гэтае пераўтварэньне людзей нармальных, сямейных, у людзей функцыянальных апісана. Мне няма чаго дадаць.
— Ці быў варыянт, што гэты рэжым мог бы прайсьці пэўную эвалюцыю і пераўтварыцца ў нешта больш спакойнае і гуманнае? Ці быў магчымы толькі цяперашні шлях — сыстэма ад нас ня пойдзе без крыві і пакутаў?
— Трагедыя ў тым, што я не лічу, што сыстэма сыходзіць. Тое, што мы назіраем цяпер, — гэта хутчэй умацаваньне сыстэмы, пераўтварэньне твані ў бэтон. Калі б не было жнівеньскіх падзей, то, вядома, было б менш страшна. Але сытуацыя б закансэрвавалася, тое млявае бясчасьсе, у якім мы жылі, захавалася б назаўсёды. Цяпер ёсьць невялікі шанец, што пэўныя людзі, якія прымалі ня вельмі актыўны ўдзел у падзеях 2020-га, адкруцяць назад, што будзе нейкая адліга.
Але ў мяне няма нават блізкага адчуваньня, што сыстэма сыходзіць, што ёсьць нейкія шанцы на тое, што ідэі, якія панавалі ў жніўні, перамогуць. Мы бачым, як увесь гэты «дзьвіж», усё, што было падмуркам пераменаў, гэтая крэатыўная кляса людзей, цяпер проста альбо выціснутая за межы краіны, альбо пераведзеная ў стан пасіўнасьці. Нейкіх рухавікоў, якія дазвалялі б лічыць, што нешта будзе мяняцца, я ня бачу. Намэнклятура, якая засталася ў сыстэме, умацавалася да стану бэтону, гэта не дае надзей, што будуць зьмены ўнутры. І чым больш ідзе ціск звонку, тым больш умацоўваецца гэтая сыстэма.
— Цяпер мы маем кнігі, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі, крымінальныя справы за карціну, зачыненыя выставы. Рэжым змагаецца з культурай і сымбалямі як знакам і маркерам апазыцыйнасьці? Ці, можа, сама культура і гісторыя ўжо стала ворагам, нават без прыкметаў апазыцыйнасьці?
— Сапраўды, ёсьць нешта прынцыпова новае. Раней змагаліся зь бел-чырвона-белым сьцягам як з маркерам апазыцыйнасьці. Але цяпер гэта не барацьба з прыкметамі. Яны ўсьвядомілі, што культура — гэта для ўлады асноўны выклік.
Читайте также
Калі ў мяне пытаюцца: няўжо ўлада не ўсьведамляе наступстваў ад таго, што зьяжджаюць самыя лепшыя, яскравыя і таленавітыя, хіба ўлады не разумеюць, што гэта аслабляе нашу культуру? — то я адказваю: не, гэта зроблена наўмысна. Яны адчулі, што культура — гэта першасны выклік. Што менавіта культура прывяла паступова да новай сытуацыі. Таму і ідзе барацьба з культурай як такой — як гэта было з выставай пра мэдыкаў.
Але краіна мусіць жыць. І краіна жыве ня толькі трактарамі, яна жыве культурай. Адчуваньне жыцьця ўзьнікае толькі ад таго, што віруе нейкая культурная плынь. І гэта цяпер цалкам выключана дзяржавай. Немагчыма ня толькі тэатральную імпрэзу, немагчыма нават кніжную прэзэнтацыю, мастацкую выставу правесьці. І гэта тое, што адрозьнівае наш час ад часоў 10-гадовай даўнасьці.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное