Комментарии
Віктар Марціновіч, budzma.by

Віктар Марціновіч: Калі скончыцца Бумага

Навіна пра тое, што не толькі НАС не бачаць, але і МЫ чагосьці не бачым, моцна засмуціла паспалітую публіку.

Прагучалі папрокі, што Улад Бумага — суцэльны піяр-праект. Што хлапчук ёсць прадуктам вытворчасці медыятэхнолагаў і нічога ўвогуле з сябе не ўяўляе. Што тут ёсць толькі “піяр” (куды ж падзенецца поспех у Беларусі без папрокаў у піяры!)

Куміра нібыта няма, а натоўп — ёсць. Днямі Улад парваў гандлёвы цэнтр у Мінску, сабраўшы на свае народзіны шматтысячны натоўп, якім магла б ганарыцца група Brutto. Пры гэтым на сустрэчы Улад не рабіў нічога такога, што не здолеў бы зрабіць любы падлетак. Гэта быў класічны praise meeting, выхад ідала да ашалелых ад сузірання ідала жыўцом фанатаў. Праз цісканіну сустрэчу (як пішуць) давялося згарнуць заўчасна — вось ужо дзе поле для зайздрасці з нашага боку!

Вельмі складана ўжыцца ў свет, у якім твой сусед па лесвічнай клетцы, падлетак, нічога не чуў пра Лявона Вольскага ці Максіма Жбанкова, але ёсць адным з шасці мільёнаў (!), якія прагледзелі прыгоды Улада ў піцерскім офісе ВК.

Свет новых медый канчаткова вызначыў для кожнага з нас сажалачку, у якой усё такое роднае: карасі, аер, павучкі-вадамеркі, стракозы, кумканне жабаў увечары. Пры гэтым — якая сярэднявечная вычарпальнасць мадэлі сусвету! У якім бы крахюткім ставочку ні туліўся наш пацыент, ён будзе ўпэўнены, што “ўсе” — тут, з ім! Што “ўсе” думаюць так, як ён, фапаюць на тых жа бусліх, на якіх фапае ён.

Уласна, які час, такія і куміры. Я неяк занаватаваў, што беларускія знакамітасці вядомыя толькі тым, што яны знакамітыя. Але гэта не адметнасць Беларусі. Гэта адметнасць новых медыяварункаў, на фоне якіх працякае нашае фізічнае існаванне. Не мы такія, жыццё такое, як казалі ў адным знакамітым медыяпрадукце.

Як на маю думку, першым з беларускіх зорак новага медыйнага гатунку стаў Дзіма Ермузевіч. Які прайшоў да сваёй гучнай славы проста паміж кропель дажджу: яго не заўважылі не толькі “нашы” (то бок людзі, якія ведаюць, хто такі Лявон Вольскі ды Максім Жбанкоў). Яго не заўважыў наогул ніхто, нават буйныя рускамоўныя медыі, якія вось такімі кумірамі мусілі б сілкавацца. Калі Дзіма ўжо збіраў пад мільён праглядаў, у рэдакцыях, сумешчаных з інтэрнэт-крамамі, яшчэ пыталіся: “А хто гэта такі?”.

Улад Бумага — гэта Дзіма Ермузевіч 2.0. Паверце, за Уладам, Дзімам, Максімам, Антонам, пойдуць новыя, прычым кожная наступная генерацыя будзе дадаваць да сваіх праглядаў-рэтвітаў яшчэ адзін нулік у канцы (як бачыце, першыя Дзімавы вопыты набіралі не мільёны, а толькі сотні тысяч).

Чым ён мусіць вылучацца, гэты новы медыйны кумір? Як я ўжо намякаў вышэй, нічым наогул. Чым больш нармальным (то бок не выбітным) ён ёсць, тым большай будзе ягоная пазнавальнасць у мэтавым асяродку. Ён не мусіць уражваць ёдлем, у яго не можа быць голасу, як у Мэцью Беламі, то бок спяваць яму, канечне, не забараняецца, але — на агульным узроўні, так, як гэта можа любы нармальны падлетак з гітаркай і біт-машынай.

Калі ён раптам скончыць кансерваторыю і навучыцца весці “Ой лосю мой, лосю” так, што “самыя старыя бабы ўспомняць сваю маладосць” (вызначэнне папярэдняга прыхільніка песні “Ой лосю мой, лосю”, ён скончыць жніво лайкаў у якасці медыйнага куміра і ступіць на складаны і нашмат больш цярністы шлях культурнага героя (калі пашанцуе, аднойчы дарасце да Лявона).

Адзіная ўнікальная рыса, якой мусіць валодаць new media idol, — маладосць. Без маладосці — нікуды. Гэта падобна на сія-тыя рытуальныя ролі ў Старажытнай Грэцыі: задача гэтых маладзёнаў (якую тыя самі не цалкам, здаецца, усведамляюць!) сутнасна сакральная. Яны адыгрываюць для карыстальнікаў ВК, Twitter, Youtube ўбагаўляльную ролю. Прычым, паўтаруся, гэта менавіта антычныя багі: ім не моляцца, ім пакланяюцца, у іх бачаць водбліск ідэалу. У іх просяць. Зрабі фотачку з Максімам, тэгні ягонае імя і — о цуд — пабач пад сваім твітам 200 лайкаў, бо той з’явіўся ў Максімавай стужцы! Чаканні ад дыянісіяў спраўдзіліся, ласка дараваная.

Што да кантэнту, дык ён мусіць быць не вельмі афарыстычным, не вельмі смешным, ніколі і ні ў якім разе не сумным. Крышачку прадказальнасці. Драбінка відавочнасці. Тканіна быцця. “Рэтвіт, калі ты не спіш”. “Заўтра экзамен, а я не гатовы” (фотка з клуба). “Маргарыта ў “Туманах” норм”. “Піва пасля тэкілы — шах і мат!” Па семсот рэакцый на кожны.

Мінуў час, калі людзі зазіралі ў медыі, каб атрымаць інфармацыю ці хаця б (згодна з Herta Herzog) забавіцца. Цяпер людзі ў медыях менавіта жывуць. А жыццё не можа быць увесь час смешным ці сюжэтным. Пайдзіце ў закрыты забаўляльны цэнтр і правядзіце там ноч — вось вам жыццё. Будзе крышачку сумна, крышачку нудна, месцамі захочацца праматаць. Але вось што: Той, хто нас стварыў, не даў нам магчымасці прамоткі момантаў, якія нам жыць нецікава. То глядзіце ноч у аквапарку і не выпензайцеся.

Новыя медыйныя куміры не прэтэндуюць на інтэлектуальства. Яны не чытаюць кніг і пішуць пра гэта ў Твітар. Асноўная іх актыўнасць — памнажэнне ўласнай вядомасці. Ім непатрэбныя кнігі, як некалі кнігі былі непатрэбныя Віктару Цою. І тым, хто пакланяецца гэтым кумірам (гэтаксама як нам некалі!), падаецца, што ўсе кнігі, уся мудрасць свету і так закладзеныя ўнутр ідала. Цою не трэба перагортваць чужыя старонкі, каб быць мудрым. Ёсць, канечне, і адрозненне: Цой сабе сам шыў штаны, гэтыя ж мяняюць свой прыкід па тры разы за баблгам-батл (гэта такі YouTube-чэлендж, калі медыяідалы новага тыпу спрачаюцца, колькі жуек яны могуць запіхаць у рот адначасова — хто болей, той перамог).

Прынцыповая рэмарка: яны нічым не горшыя ў маіх вачах за тых хмурных дзядзечак, якія ладзяць халівар гасцям інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч, выпінаючыся ўласнай начытанасцю ды цешачыся дапушчэннем, што на сцэне выглядалі б не горш.

У гэтых новых медыйных герояў ёсць толькі адзін недахоп: яны сталеюць.

Большасць блогераў, паэтычныя нікі якіх вельмі добра дапасаваліся б да назваў пладова-ягадных він, праз пяць гадоў будуць панічна назіраць, як іх жвавенька выціскаюць новыя героі. Яшчэ больш нічым не выбітныя. Нехта пачне хвалявацца і зробіцца з’едлівым (гэта не дадасць праглядаў і лайкаў). У сеціве ўжо ёсць хейтары, што сумуюць па ўласнай маладосці ды папулярнасці і праз гэта “псяць” астатніх.

Але хто разумнейшы — паспее канвертаваць сотні тысяч праглядаў, велізарную бягучую падпіску ў Twitter у нешта іншае — напрыклад, ролю прарока, ролю змагара, ролю голасу генерацыі. Усё гэта непазбежна прывядзе да неабходнасці чытаць кнігі. І змяняцца: пісаць разумнае, а не проста пісаць.

Менавіта тады я і пачну іх чытаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)